На базе Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі 19 мая прайшоў асноўны конкурсны дзень фестывалю прафесійнага майстэрства «Акадэміяпрофі 2022». 12 каманд з агракаледжаў краіны і дзвюх ВНУ–БДСГА і БДАТУ (а гэта каля 50 удзельнікаў) спаборнічалі ў пяці ўменнях. Хлопцы збіралі аўтамабільны рухавік на час, рыхтавалі да працы трактар з плугам і апырсквальнік. Фігурнае кіраванне аўтамабілем і трактарам завяршыла конкурсны дзень. Мы захавалі самыя захапляльныя моманты фэсту.
Калі ў мінулым годзе было 8 каманд-удзельніц, то ў гэтым ужо 12. Геаграфія фестывалю ўражвае – ад Лунінца да Горак. Конкурс, упэўнены дэкан факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі БДСГА Уладзімір Гусараў, становіцца ўсё больш папулярны:
– З кожным разам мы прырастаем новымі ўдзельнікамі. У наступным годзе да нас хочуць прыехаць 15 каманд вядучых каледжаў і ВНУ краіны. Чаму ім так цікавы конкурс? Усё проста – гэта вопыт. Прыбралі з фестывалю сухую тэорыю і пакінулі толькі практыку. Рухомыя, дынамічныя этапы тычацца практычнага складніка, а значыць – будучай працы хлопцаў. Калі студэнты прыйдуць на вытворчасць, ужо будуць ведаць, як падрыхтаваць апырсквальнік, плуг да працы. Вось такі сімбіёз спаборніцтва і навучання. Моладзь вучыцца, а яшчэ зараджаецца на поспех!
Каб прыехаць на спаборніцтвы, навучэнцы Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя У. Е. Лабанка дабіраліся да Горак больш за 10 гадзін! Некалькі перасадак – і хлопцы на месцы. Дзеля спаборніцкага духу, кажуць, і не на такое здольныя. Іван Кавалік, да прыкладу, пайшоў на рэкорд – на МТЗ праехаў паласу за 3 хвіліны 9 секунд! Гаворыць, нават не глядзеў на спідометр, проста ўзяў максімальны разгон:
– На гэта і была стаўка. Трэба было праехаць змейкай, не зачапіўшы слупкі: за гэта здымаюць балы. Затым майстэрства манеўравання па траекторыі васьмёркі, дыяганалка і заезд у гараж. І ўсё гэта на трактары з прычэпам. Хоць транспарт для мяне яшчэ як знаёмы. Напэўна, з 12 гадоў тата ўжо браў з сабой у поле.
У пінчукоў свая конкурсная тактыка: Іван добры ў кіраванні, Давід Арцюх –мозг каманды, запамінае формулы і лічбы, Максім Масяйчук – спец па зборцы рухавікоў. Ці дапамагла такая расстаноўка сіл, будзе вядома, калі падвядуць вынікі спаборніцкіх дзён.
А пакуль знаёмімся з яшчэ аднымі рэкардсменамі. 8 хвілін 19 секунд – што можна паспець за гэты час? Слабо сабраць аўтамабільны рухавік? Камандзе БДСГА гэта пад сілу. Андрэй Мурашка, Віктар Гермакоўскі і Пётр Шавелька даказваюць: у сваёй справе профі. З Пецем, дарэчы, мы ўжо былі знаёмыя. Чацвёртакурснік факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі станавіўся героем першай паласы «СБ. Беларусь сегодня», калі адпраўляўся разам з іншымі студэнтамі на дапамогу ў гаспадаркі на пасяўную. Атрымаў, кажа, добры вопыт:
– Стажыраваўся ў КСУП «Саматэвічы Агра» Касцюковіцкага раёна. У калектыве зразумеў, што значыць зладжаная праца. Калі ідзеш да аднаго выніку, будзе поспех. Гэту ж камандную працу імкнуліся паказаць і на конкурсе. Мы хоць і не трапім у турнірную табліцу, бо прымаем фестываль у сябе, усё роўна спаборніцкі элемент прызадорвае. Павінны быць не горшыя за іншых.
Для зручнасці каманды былі падзелены па групах: частка выконвала заданні, частка праходзіла спартыўныя спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і дартсе. Пасля конкурснага дня для дзяцей падрыхтавалі вялікі творчы канцэрт.
Вынікі конкурсу падводзяць сёння.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
18.04.2025 - 10:31
16.04.2025 - 09:19
Рашэнне кватэрнага пытання - будаўніцтва арэнднага жылля. Адмысловая ўвага шматдзетным сем'ям
10.04.2025 - 14:48
Сучасны басейн для дзяцей і дарослых з'явіцца ў Слаўгарадзе ў 2025 годзе
10.04.2025 - 11:17