RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новы тэатральны сезон Магілёўскі абласны драмтэатр адкрывае прэм’ерай спектакля «Дзядзечкаў сон»

Новы тэатральны сезон Магілёўскі абласны драмтэатр адкрывае прэм’ерай спектакля «Дзядзечкаў сон». Паказ запланаваны на 12 верасня, паведамілі ва ўстанове культуры.

Названая пастаноўка стала апошняй у афішы мінулага сезона і з поспехам прайшла на сцэне тэатра. У аснове сюжэту гісторыя, якая здарылася ў павятовым горадзе М. У анатацыі гаворыцца: «Ціхая, сонная правінцыя, у якой любы слых разносіцца з хуткасцю святла, а скандалу чакаюць, як дожджыка ў летнюю спёку. Мясцовае вышэйшае грамадства, ахвочае да плётак і інтрыг, узбуджана прыездам багатага князя К. Зайздросны жаніх! Застаецца толькі яго падзяліць. І ад гэтага мясцовы бамонд ліхаманіць. Закручваюцца такія інтрыгі, што рэальнасць здаецца сном...».

Спектакль паводле аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага да паказу падрыхтаваў рэжысёр і мастак-пастаноўшчык Міхаіл Лашыцкі. Музыку напісала рэжысёр Кацярына Аверкава. Галоўную ролю выконвае артыст Магілёўскага абласнога тэатра лялек, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Мікалай Сцешыц. У спектаклі таксама заняты артысты Алена Крыванос, Анжаліка Барчан, Вераніка Баранава, Андрэй Корзан, Павел Зароўскі, Яўгенія Белацаркоўская, Вольга Насулька, Кацярына Кандалёва, Вольга Ліфпуц, Анастасія Іваненка, Юлія Ладзік, Аляксандра Афанасьева, Аляксей Цыбін, Дзмітрый Дудкевіч, Вадзім Арціменя, Анатоль Лянькоў, Алег Русак, Дзяніс Шпет, Дзімітрый Кузняцоў і Уладзіслаў Палуйка.

Набыць квіткі ў касе тэатра можна будзе з 17 жніўня. Рэжым працы: аўторак – субота – з 12.00 да 19.00, серада – з 12.00 да 17.00, панядзелак – выхадны. Даведкі па тэлефонах: 8 (0222) 65-50-53 (адміністратары), 8 (0222) 65-66-04 (каса тэатра).

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая