RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новы выпуск «Магілёўскага пошукавага весніка» прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення вобласці і Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

75-й гадавіне вызвалення нашай вобласці і Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысвечаны 12-ы выпуск «Магілёўскага пошукавага весніка», выдадзены гісторыка-патрыятычным пошукавым клубам «Віккру» пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама і дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі «Абласны цэнтр творчасці».

У ваенна-гістарычным зборніку прадстаўлены артыкулы, прысвечаныя вывучэнню пытанняў вайны, пошукавай працы на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, успаміны пра падзеі тых гадоў. Акрамя таго, тут размешчаны архіўныя дакументы аб баявых дзеяннях 388-га стралковага палка палкоўніка Сямёна Куцепава і 601-га гаўбічнага артылерыйскага палка ў ліпені 1941 года пад Магілёвам, якія былі знойдзены ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў 1995 годзе кіраўніком клуба «Віккру» Мікалаем Барысенкам.

Выданне разлічана на навучэнцкую і студэнцкую моладзь, гісторыкаў, навуковых супрацоўнікаў музеяў, ідэалагічных работнікаў, спецыялістаў ваенных камісарыятаў і адрасуецца ўсім, хто цікавіцца ваеннай гісторыяй і пошукавай працай у нашы дні. Сярод аўтараў публікацый – краязнаўцы, гісторыкі, супрацоўнікі музеяў, архіваў, навучальных устаноў, публіцысты, кандыдаты навук, журналісты, навучэнцкая моладзь.

Зборнік выйшаў накладам усяго 400 асобнікаў у абласной узбуйненай друкарні імя С. Собаля. «Магілёўскі пошукавы веснік» – першае на прасторах СНД і адзінае ў Беларусі рэгіянальнае ваенна-гістарычнае выданне аб пошукавай рабоце гісторыка-патрыятычнай тэматыкі.

У 2019 годзе абласному гісторыка-патрыятычнаму пошукаваму клубу «Віккру» спаўняецца 25 гадоў. Многае зроблена за гэтыя няпростыя гады, але яшчэ больш трэба будзе зрабіць. «Мы працягваем працу над гісторыка-дакументальным афармленнем сваіх ініцыятыў па ўладкаванні легендарнага Буйніцкага поля, адзінага ў Беларусі, якое стала сімвалам нязломнай мужнасці абаронцаў Магілёва ў 1941 годзе, – адзначыў Мікалай Барысенка. – Наспела неабходнасць узвядзення годнага мемарыяла ў Чавускім раёне як найбольш вывучаным гісторыкамі і пошукавікамі. Тут, на рацэ Проні, па лініі Дуброўна – Слаўгарад (Прапойск), у 1943-1944 гадах на працягу паўгода дзясяткі дывізій Заходняга фронту вялі цяжкія знясільвальныя баі. За гэты час «у баях мясцовага значэння» яны страцілі больш за 330 тысяч чалавек забітымі, параненымі, прапаўшымі «без вестак».

Ёсць і іншыя пытанні, якія сумесна з дзяржаўнымі органамі патрабуюць свайго рашэння. Сярод іх – працяг ушанавання памяці герояў войнаў усіх гістарычных перыядаў у назвах вуліц гарадоў вобласці, стварэнне навукова-папулярных кніг аб дзейнасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны армейскіх дыверсійных разведгруп на тэрыторыі вобласці, аб партызанскім друку Магілёўшчыны, набыццё і вывучэнне нямецкіх аэрафотаздымкаў як найбольш перспектыўных крыніц для пошукавай працы на мясцовасці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая