Рус Бел Eng 中文

Новы збожжаўборачны камбайн папоўніў парк машын БДСГА

Новы збожжаўборачны камбайн вытворчасці ААТ «Гомсельмаш» папоўніў парк машын Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Пра гэта расказаў дэкан факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі ўстановы адукацыі Уладзімір Гусараў.

«Найноўшы ўзор збожжаўборачнага камбайна КЗС-3219КР «Палессе GS3219» перададзены БДСГА холдынгам «Гомсельмаш» да 180-гадовага юбілею навучальнай установы, які будзе адзначацца 2 кастрычніка гэтага года, – адзначыў дэкан. – Цяпер акадэмія з’яўляецца першай і адзінай беларускай ВНУ, у якой тэхніка такога тыпу выкарыстоўваецца ў навучанні студэнтаў і правядзенні навуковых даследаванняў. Яшчэ адным падарункам да гэтай даты стаў трактар BELARUS-3522, перададзены акадэміі Мінскім трактарным заводам».

Паводле слоў Уладзіміра Гусарава, вывучэнне камбайна было неадкладна ўключана ў навучальны працэс. На прыкладзе новага ўзору студэнты трэцяга курса факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі прыступілі да асваення дысцыпліны «Электронныя сістэмы і прылады сельскагаспадарчых машын і абсталявання». З першых дзён працы яны ўжо ацанілі тэхнічны ўзровень машыны.

«Гэта камбайн са схемай два барабаны плюс два ротары, – растлумачыў суразмоўца. – Двухбарабанная схема абмалоту з паскарэннем патоку хлебнай масы перад падачай на малацільны барабан даказвае свае перавагі: арыгінальныя канструктыўныя рашэнні і асаблівасці кампаноўкі рабочых сістэм камбайна дазваляюць дасягаць максімальных вынікаў пры ўмераных энергазатратах, што гарантуе нізкі сабекошт збожжа».

Асобная ўвага бартавой інфармацыйна-кіруючай сістэме, якая ўключыла шырокі набор функцый аўтаматычнага кантролю, дыягностыкі, рэгістрацыі, папярэджання і абвесткі камбайнера аб няштатных рэжымах працы. Яна забяспечвае выкананне рэгуляванняў і дакладных налад рабочых органаў машыны для розных культур і ўмоў уборкі.

«Студэнтам важна вучыцца на новым сучасным абсталяванні, бо добры інжынер на асфальце не вырасце – ён павінен вырасці на зямлі і сваімі рукамі пакруціць усё ад самага старэнькага трактара да найноўшага агрэгата. Са з’яўленнем камбайна навучанне на факультэце механізацыі сельскай гаспадаркі стане яшчэ больш практыкаарыентаваным, што дазваляе падрыхтаваць найлепшыя інжынерныя кадры для сельскагаспадарчых арганізацый краіны», – сказаў на заканчэнне Уладзімір Гусараў.

У БДСГА вялікі арсенал тэхнікі: пяць збожжаўборачных камбайнаў (чатыры дзеючыя і адзін макет), 22 трактары (12 дзеючых і 10 стацыянарных, размешчаных у аўдыторыях), а таксама каля 70 сельгасмашын – ад плугоў да бульбаўборачнага камбайна. У 2019/2020 навучальным годзе на факультэце механізацыі сельскай гаспадаркі ВНУ навучанне праходзіла больш за 800 студэнтаў вочнай формы і 1,2 тыс. – завочнай.

БЕЛТА
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая