RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Омск Карбон Магілёў» пачынае супрацоўніцтва з НАН Беларусі

Паміж «Омск Карбон Магілёў» і Інстытутам прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Дакумент змацавалі подпісамі генеральны дырэктар ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» Марат Ігізбаеў і дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей Лысенка.

Пагадненне прадугледжвае садзейнічанне ўзаемавыгаднаму супрацоўніцтву, цеснаму ўзаемадзеянню ў сферы навукі і інавацыйных распрацовак. Формы партнёрства могуць быць самымі рознымі. Сярод іх –правядзенне сумесных навукова-тэхнічных даследаванняў у галіне прыродакарыстання, аховы навакольнага асяроддзя і экалогіі, навуковых і навукова-метадычных канферэнцый, семінараў, сімпозіумаў, «круглых сталоў», сустрэч і выстаў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.

– Мы бачым, што вы цесна інтэграваны з навукай. У вас сапраўды перадавы, прарыўны бізнес. У нашага інстытута такая кааперацыя навукі і вытворчасці выклікае асаблівую павагу. Таму наша будучае супрацоўніцтва я бачу цалкам паспяховым, узаемавыгадным. Ваш прадукт – тэхнічны вуглярод – нам вельмі цікавы. На яго базе можна ствараць новую інавацыйную прадукцыю шырокага спектра дзеяння. Гэта і экалогія, і медыцына, і сельская гаспадарка, – падзяліўся дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей Лысенка.

– Наша кампанія надае вялікую ўвагу навуковаму супрацоўніцтву і ў Омску, і ў Валгаградзе. Першыя крокі мы робім сёння і ў Беларусі. Упэўнены, што гэта прынясе карысць нашай краіне. Мы гатовы да сумеснай працы, пачынаючы ад прадастаўлення ўзораў прадукцыі для правядзення лабараторных выпрабаванняў і заканчваючы выпускам новага інавацыйнага прадукту, распрацаванага сумеснымі намаганнямі,– адзначыў генеральны дырэктар ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» Марат Ігізбаеў.

Падпісанне пагаднення – толькі першы крок да сумеснага супрацоўніцтва паміж прадпрыемствам і інстытутам. Аднак бакі ўжо пазначылі перспектыўныя для сябе напрамкі, у якіх у якасці сыравіннай базы можа быць выкарыстаны тэхнічны вуглярод. Прычым гаворка ідзе пра выкарыстанне тэхвугляроду для аховы навакольнага асяроддзя, у тым ліку і для яго аднаўлення. У прыватнасці, гэта:

– распрацоўка і вытворчасць комплекснага біясарбцыйнага прэпарата для рэкультывацыі глеб, у тым ліку забруджаных іонамі цяжкіх металаў і радыенуклідамі;

– распрацоўка і вытворчасць нафтасарбентаў, якія валодаюць добрымі характарыстыкамі пры ліквідацыі аварыйных разліваў нафты на вадзе, глебе, прампляцоўках і абсталяванні.

– Гэта толькі тое, што можа паслужыць пачаткам для ўзаемадзеяння. Аднак з упэўненасцю ўжо сёння можна сказаць, што «Омск Карбон Магілёў» адкрывае для беларускіх даследчыкаў даступнасць да новага, цікавага і запатрабаванага матэрыялу. Мы ведаем традыцыйны сегмент прымянення тэхнічнага вугляроду, але цяпер з’яўляецца магчымасць знайсці новыя нішы, і мы гатовы рухацца ў гэтым напрамку разам з «Омск Карбон Магілёў», –заўважыў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Аляксей Томсан.

Курыраваць далейшае супрацоўніцтва паміж «Омск Карбон Магілёў» і Інстытутам прыродакарыстання НАН Беларусі будзе навукова-тэхнічны цэнтр «Омсктэхвуглярод». Плануецца стварэнне так званай дарожнай карты з прапрацоўкай канкрэтных планаў і задач.

ЗТАА «Омск карбон Магілёў» – рэзідэнт СЭЗ «Магілёў». На сённяшні дзень прадпрыемства функцыянуе ў рэжыме пуска-наладачных работ. Запуск першай чаргі завода запланаваны на чацвёрты квартал 2019 года. Перспектыўная праектная магутнасць прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў” – 200 тысяч тон тэхнічнага вугляроду на год.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая