RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ордэны Маці ўручылі жыхаркам Магілёўшчыны напярэдадні свята

Урачысты прыём, прысвечаны Дню маці, адбыўся сёння ў Магілёўскім аблвыканкаме. Напярэдадні светлага восеньскага свята 30 маці з усяго рэгіёна былі запрошаны на афіцыйную цырымонію. За нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей ордэна Маці ўдастоены тры з іх - Вікторыя Бодрас з Быхаўскага раёна, Інга Мініч з Асіповіч і Крысціна Прохарава са Слаўгарада. Ганаровыя ўзнагароды ў святочных абставінах шматдзетным мамам уручыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Савіцкі.

Таксама ўдзел у мерапрыемстве прынялі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Кацярына Музычэнка і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Марыя Шапнеўская.

 

Звяртаючыся да ўдзельніц сустрэчы, а ў іх асобе, да ўсіх маці рэгіёну, Сяргей Савіцкі выказаў цёплыя словы віншаванняў і пажадаў міру, дабра і дабрабыту.
 
«З самага дзяцінства і да глыбокай старасці слова «мама» заўсёды застаецца з намі. Вы з'яўляецеся тым самым агменем, дзякуючы якому адраджаецца і працягваецца чалавецтва, - падкрэсліў ён. - У Прыдняпроўскім краі сёння налічваецца больш за 12 тысяч шматдзетных сем'яў. І самае галоўнае - выхаваць іх і адправіць у далейшае жыццё. На ўзроўні дзяржавы робіцца шмат, каб аказаць усялякае садзейнічанне і дапамогу такім сем'ям, распрацоўваюцца адпаведныя праграмы. Гэта і сямейны капітал, і шэраг іншых гарантый і льгот. Будуюцца сацыяльныя аб'екты: радзільныя дамы, паліклінікі, школы, дзіцячыя сады і многія іншыя.
 
Сёння мы сабраліся, каб аказаць гонар і ўзнагародзіць жыхарак Магілёўшчыны ордэнам Маці, павіншаваць іх са святам. У Магілёўскай вобласці больш за 1,5 тыс. маці ўдастоены такой высокай узнагароды, у т.л. звыш 60 - у гэтым годзе.

Дзень маці - гэта асаблівае свята. Вымаўляючы словы ўдзячнасці маці, адчуваеш трапятанне. Нашмат лягчэй рыхтаваць даклады да нарады, чым падабраць словы, здольныя ў поўнай меры перадаць павагу і падзяку за іх подзвіг у нараджэнні і выхаванні дзяцей. Я сам вырас у шматдзетнай сям'і і, стварыўшы сваю сям'ю, з жонкай выхоўваю траіх дзяцей. Думаю, што, віншуючы сваіх маці і жонак, якія нарадзілі ім дзяцей, кожны мужчына адчувае асаблівасць гэтага свята».

Сярод узнагароджаных ордэнам Маці - Вікторыя Бодрос з Быхаўскага раёна, якая выхоўвае трох дачок і двух сыноў.

«Пра вялікую, дружную сям'ю марыла заўсёды і ведала, што ў мяне будзе пяць дзяцей. Так і выйшла - старэйшаму ўжо 18, самай малодшай малой - паўтара года, - распавяла яна. - Ад атрымання такой ганаровай узнагароды перапаўняюць эмоцыі.

Як ва ўсіх, не абыходзіцца без цяжкасцей, але мы заўсёды адзін за аднаго, таму з усім спраўляемся, усё пераадольваем разам. Дзеці прыйдуць, абдымуць сваімі ручанькамі - і адразу дадаецца і энергіі, і сіл».

Таксама ўзнагароду ў гэты дзень атрымала асіпаўчанка Інга Мініч, маці чатырох сыноў і дачкі: «Для мяне сакрэт мацярынскага шчасця - гэта любіць сваіх дзяцей, паважаць кожнага з іх, шанаваць, старацца разумець і ўкласці ў іх усё тое добрае, чым валодаеш сам. Падзяліцца з імі, каб яны гэта памнажалі, раслі і дамагаліся сваіх мэт і вышынь. Дапамагчы ім знайсці сваё месца ў жыцці. Каб дзеці сябравалі паміж сабой, каб было месца гармоніі і разуменню. Каб я была надзейным якарам для сваёй сям'і. Напрыклад, старэйшы сын, калі быў у войску, казаў, што на Вялікдзень успамінаў булкі, якія я рыхтую да свята. Для сваіх дзяцей хочацца быць нечым такім цёплым, надзейным, добрым, каб як далёка б яны ні былі, яны не забываліся на бацькоў і ведалі, дзе заўсёды могуць знайсці апору.

Дзеці - гэта не толькі праца, гэта радасць, эмоцыі, якія вяртаюцца. Колькі ты ў іх укладаеш, столькі прыходзіць і да цябе. Паміж самым старэйшым і самым малодшым, якому пакуль толькі адзін годзік, у нас 22 гады розніцы. Таму старэйшыя дзеці заўсёды дапамагалі з малодшымі. Разам нам весяла. Муж - настаўнік фізкультуры. І мы ўсёй сям'ёй ходзім у турпаходы, катаемся на лыжах - нам разам не сумна. Мы любім спартыўныя гульні - хлопцы захапляюцца і плаваннем, і шахматамі. Таму клопат аб дзецях не ўспрымаю, як абавязак - гэта маё, я камфортна адчуваю сябе ў гэтай ролі і спадзяюся, што так будзе і далей».
 
Інга Мініч падзякавала прадстаўнікам улады за цёплыя словы віншаванняў, увагу і высокую ўзнагароду, адзначыўшы, што ў нашай краіне шмат робіцца для таго, каб падтрымаць традыцыі шматдзетнасці. І кожная сям'я адчувае гэтую падтрымку дзяржавы, якая забяспечвае ўпэўненасць і абароненасць.

Як расказала Марыя Шапнеўская, дзяржавай прадугледжаны шэраг сацыяльных праграм, накіраваных на дапамогу сем'ям з дзецьмі: «У першую чаргу, гэта дапаможнікі па нараджэнні дзіцяці, дэкрэтныя выплаты, якія дапамагаюць мамам на першую пару ўладкаваць свой побыт і жыццеўладкаванне малога. Таксама дзяржава не пакідае грамадзян у бядзе, калі яны аказваюцца ва ўразлівым становішчы, напрыклад, калі ў дзіцяці выяўлены праблемы са здароўем. Ёсць і такі від падтрымкі грамадзян, як сямейны капітал, якім, дарэчы, у рэгіёне скарысталіся ўжо больш як 3 тыс. сем'яў. Сёння яго можна выкарыстоўваць на вырашэнне жыллёвых пытанняў, адукацыю, лячэнне членаў сям'і і іншае. Гэты від падтрымкі ўвесь час пераглядаецца, дапаўняецца магчымасцямі. Так і сёння на прыёме ад адной з маці прагучала пажаданне, якое мы пастараемся заканадаўча сфармуляваць і адправіць у Міністэрства працы. На гэты момант законапраект якраз знаходзіцца на разглядзе - у 2025 годзе спыняецца дзеянне гэтай праграмы, аднак дзяржава, бачачы яе запатрабаванасць, разглядае магчымасць яе прадоўжыць. І на гэтым этапе мы можам унесці ў яго прапановы па паляпшэнні.
 
Сёння ўсебаковая падтрымка мацярынства і дзяцінства, павелічэнне колькасці шматдзетных сем'яў з'яўляецца адной з асноўных задач дзяржаўнай палітыкі, таму што ад гэтага залежыць будучыня нашай краіны».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая