Сёння спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, заснавальніка і шматгадовага кіраўніка славутага калгаса «Рассвет» у Магілёўскай вобласці Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы Кірыла Арлоўскага.
Кірыл Пракопавіч Арлоўскі нарадзіўся 30 студзеня 1895 года ў шматдзетнай сялянскай сям'і ў вёсцы Мышкавічы (цяпер Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці). Пачатковую адукацыю атрымаў у царкоўна-прыходскай школе. Затым вывучаў садоўніцтва і агародніцтва, працаваў у гаспадарцы бацькі.
У 1915 годзе яго прызвалі ў войска. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Служыў у царскім войску ў званні унтэр-афіцэра камандзірам сапёрнага ўзвода.
Не вагаючыся прыняў ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года і са зброяй у руках абараняў яе заваёвы ў гады грамадзянскай вайны, замежнай ваеннай інтэрвенцыі. Стаў чэкістам-разведчыкам, гераічна змагаўся з кайзераўскімі і польскімі акупантамі.
У чэрвені 1918 года па заданні падпольнага Бабруйскага павятовага камітэта партыі бальшавікоў стварыў партызанскі атрад, які дзейнічаў супраць нямецкіх войскаў. Са снежня 1918-га па красавік 1919 г. служыў у Бабруйскай ЧК, затым скончыў курсы каманднага складу.
У 1920-1925 гадах кіраваў партызанскімі атрадамі ва Заходняй Беларусі, якія ўваходзілі ў склад Польшчы па заданні Разведвальнага ўпраўлення Рабоча-сялянскай чырвонай арміі (так тады называліся Узброеныя сілы пераможнай рэвалюцыі). Працаваў сумесна са Станіславам Ваўпшасавым, яшчэ адным нашым выдатным разведчыкам. Пад кіраўніцтвам Арлоўскага былі праведзены дзясяткі баявых аперацый. Польскія ўлады прызначылі высокую ўзнагароду за злоў Мухі-Міхальскага (адзін з псеўданімаў Арлоўскага).
З 1925 па 1930 год Кірыл Пракопавіч вучыўся ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцяў Захаду імя Мархлеўскага ў Маскве, які рыхтаваў палітработнікаў. Цяжка было пачынаць студэнцкае жыццё ў трыццаць гадоў, маючы за плячыма ўсяго чатыры класы царкоўна-прыходскай школы. Аднак Арлоўскі ніколі не пасаваў перад цяжкасцямі. Вучэбу ён сумяшчаў з працай на заводах.
У маі 1930 года пасля заканчэння камвуза прыехаў у Мінск. Тут яму з Ваўпшасавым і іншымі паплечнікамі было даручана адказнае заданне: узначаліць падрыхтоўку партызанскіх кадраў на выпадак вайны. Спецыяльныя інструктары рыхтавалі падрыўнікоў-мінёраў, кулямётчыкаў, снайпераў, парашутыстаў і радыстаў.
Адной з яркіх старонак у біяграфіі Арлоўскага з'яўляецца грамадзянская вайна ў Іспаніі (1936-1939 гады) паміж рэспубліканцамі і праваманархічнымі сіламі, якія ўчынілі дзяржпераварот, пад кіраўніцтвам Франсіска Франка, якога падтрымлівалі фашысцкія Італія і Германія. У далёкай ад Радзімы краіне ён ваяваў супраць фашысцкіх войскаў у якасці камандзіра дыверсійна-партызанскай групы пад псеўданімам Стрик. Байцы-іспанцы партызанскага атрада вельмі паважалі і любілі свайго камандзіра за яго незвычайныя здольнасці разведчыка, за востры розум, за ўменне вокамгненна арыентавацца ў самым складаным становішчы. Яго называлі чалавекам з «выключнай асабістай адвагай». Па версіі некаторых літаратуразнаўцаў, менавіта Арлоўскі стаў прататыпам галоўнага героя знакамітага рамана Эрнэста Хэмінгуэя «Па кім звоніць звон».
У 1938 годзе пасля сур'ёзнай траўмы пазваночніка падчас адной з баявых аперацый Кірыл Пракопавіч вымушаны быў часова пакінуць службу ў органах дзяржбяспекі. Яму прапанавалі пасаду прарэктара па гаспадарчай частцы ў Чкалаўскім сельскагаспадарчым інстытуце ў Арэнбургу, якую ён і заняў. Паралельна вучыўся ў гэтай ВНУ, атрымліваючы другую адукацыю.
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны Кірыл Арлоўскі сустрэў у Кітаі, куды як вопытны чэкіст быў накіраваны органамі разведкі для стварэння базы савецкай агентуры - чакалася вялікая вайна з Японіяй. Пазней па асабістай просьбе ён быў адкліканы з Кітая і накіраваны ў глыбокі тыл нямецкіх захопнікаў у якасці камандзіра разведвальна-дыверсійнай групы.
З кастрычніка 1942-га па жнівень 1943-га паспяхова кіраваў буйным партызанскім атрадам «Сокалы» (меў псеўданім Раман), які дзейнічаў на тэрыторыі тады яшчэ Баранавіцкай вобласці.
17 лютага 1943 года Кірыл Арлоўскі правёў адну з самых знакамітых у гісторыі партызанскага руху баявых аперацый. Напярэдадні была атрымана інфармацыя аб тым, што ў Машукоўскім лесе, непадалёк ад Ганцавіч, будуць праязджаць высокапастаўленыя гітлераўскія генералы з падраздзяленнямі шматлікай аховы. На той момант у распараджэнні Арлоўскага былі ўсяго толькі 12 байцоў. Але Арлоўскі прыняў смелае рашэнне - атакаваць. Умела наладжаная ім засада выклікала паніку ў табары ворага. У выніку дзёрзкіх і рашучых дзеянняў партызан былі забітыя гаўпткамісар Баранавічаў Фрыдрых Фенц і яшчэ каля 40 салдат і афіцэраў. Атрад Арлоўскага страт не пацярпеў, але сам ён быў цяжка паранены. Кірыл Пракопавіч пазбавіўся правай рукі, якую прыйшлося ампутаваць па плячо проста ў лесе з дапамогай пілы. А левая рука засталася без чатырох пальцаў. Да таго ж, у яго быў пашкоджаны слыхавы нерв на 50-60%. У жніўні 1943 гады ён быў адкліканы ў Маскву. У гэтым жа годзе яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Арлоўскаму далі кватэру ў Маскве і забяспечылі яго персанальнай пенсіяй. Але ён зноў ірваўся ў бой - зараз працоўны. Кірыл Пракопавіч вярнуўся на малую радзіму, дзе быў абраны старшынёй калгаса «Рассвет» у вёсцы Мышкавічы Кіраўскага раёна. Яму прыйшлося аднаўляць цалкам разбураную гаспадарку. Нягледзячы на адчайную сітуацыю, ён задаўся за мэту стварыць тут узорнае сельгаспрадпрыемства. Законам для сваіх аднавяскоўцаў старшыня зрабіў знакамітыя чатыры «не»: «не гультайнічаць», «не красці», «не п'янстваваць», «не пускаць слоў на вецер».
У 1950 годзе слава аб «Расвеце» загрымела на ўвесь Савецкі Саюз. Пад кіраўніцтвам Арлоўскай гаспадарка стала першым у пасляваенным СССР калгасам-мільянерам. Тут будавалі камфортныя дамы, узвялі палац культуры, бібліятэку, крухмальны завод, пякарню, лазню, сталовую, магазіны і першы ў рэспубліцы калгасны санаторый. Да палёў, ферм і вёсак праклалі асфальтаваныя дарогі. На будаўніцтва новай школы старшыня ўнёс некалькі тысяч рублёў з уласных зберажэнняў.
У 1958 годзе Кірылу Пракопавічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. За сваё жыццё ён быў таксама ўдастоены пяці ордэнаў Леніна, ордэна Чырвонага Сцяга, ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, многіх іншых высокіх узнагарод. Сучаснікі сцвярджалі: гэта быў чалавек неверагоднай энергіі, словы якога ніколі не разыходзіліся са справай.
Кірыл Арлоўскі памёр 13 студзеня 1968 года. Пахаваны ў роднай вёсцы Мышкавічы. Яго магіла мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
Імем Кірыла Арлоўскага названы калгас «Рассвет», школа і санаторый у Кіраўску, вуліцы ў Магілёве, Бабруйску.
Штогод на тэрыторыі аграгарадка Мышкавічы праходзіць рэспубліканскі мемарыял па веласіпедным спорце К.П.Арлоўскага.
У цэнтры Мышкавічаў устаноўлены бюст героя, ля падножжа якога два сімвалы яго лёсу - вінтоўка і плуг. Аднойчы Кірыл Пракопавіч сказаў: «Жыццё маё было складанай сумессю мірнага паху спелай збажыны і горкага парахавога дыму».
Пра яго напісаны кнігі, зняты фільмы. У 1965 годзе на шырокія экраны выйшла драма Аляксея Салтыкова «Старшыня», у аснову легла аповесць Юрыя Нагібіна «Старонкі жыцця Трубнікава». Фільм расказвае пра франтавіка Ягора Трубнікава, які пасля вайны вяртаецца ў разбураную вёску аднаўляць гаспадарку. Ролю галоўнага героя, прататыпам якога стаў Арлоўскі, бліскуча згуляў Міхаіл Ульянаў. У 1969 годзе аб нашым легендарным земляку была знята дакументальная стужка «У агні жыцця».
У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца партрэт К.П.Арлоўскага мастака І.Ціханава, бюст і дакументы аб гэтым нязломным чалавеку.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
01.11.2024 - 10:57
28.10.2024 - 10:33
28 кастрычніка 1939 года была прынята Дэкларацыя аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР
28.10.2024 - 10:10
23.09.2024 - 16:14
Ігар Сяргеенка расказаў аб маючым адбыцца форуме па абароне гістарычнай памяці ў рамках СД
26.06.2024 - 10:05