RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Памяць вязняў фашысцкіх канцлагераў ушанавалі ля мемарыяла «Дзецям вайны» ў Магілёве

Мітынг, прысвечаны Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, адбыўся сёння ў Магілёве. Каля помніка «Дзецям вайны» па вул. Лазарэнка сабраліся прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, малалетнія вязні фашысцкай няволі, ветэраны працы і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, працоўных калектываў і моладзь горада.

«Сёння мы знаходзімся ля помніка «Дзецям вайны». Гэта памятнае месца для ўсіх нас – сімвал смутку пра тых, хто назаўжды застаўся дзецьмі, і пра тых, хто, прайшоўшы страшныя выпрабаванні, выжыў і стаў сведкам тых ліхалеццяў, якія ніколі не павінны паўтарыцца, – звярнуўся да прысутных кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Аляксей Багайчук. – 2022-ы год, Год гістарычнай памяці, праходзіць пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа. На жаль, мы ўсе назіраем, што адбываецца цяпер ва Украіне. Адной з прычын гэтых падзей стала скажэнне і перапісванне гісторыі, узвядзенне ў ранг герояў заўзятых нацыяналістаў, тых, хто ў гады вайны забіваў, спальваў, замучваў дзяцей, старых і жанчын. Пакаленне тых, хто бачыў жахі вайны, на жаль, сыходзіць. Але іх жыццёвы подзвіг служыць нам маральным урокам. Перажыўшы найцяжэйшыя выпрабаванні, яны захавалі чалавечую годнасць, веру ў дабро і справядлівасць – за што ім нізкі паклон.

Я ганаруся нашым мінулым, нашай гісторыяй, нашым старэйшым пакаленнем. Ганаруся цяперашнімі дасягненнямі нашай краіны, яе жыхарамі, асабліва – моладдзю. Яна – пакаленне пераможцаў, наша будучыня. Сённяшняй моладзі, у першую чаргу, трэба захоўваць і перадаваць далей гістарычную памяць ужо сваім дзецям. І не дапусціць скажэння гісторыі».

Падзялілася ўспамінамі падчас свайго выступлення старшыня грамадскай арганізацыі «Магілёўская абласная асацыяцыя малалетніх вязняў фашысцкай няволі» Галіна Рыбцова:

«Мы з’яўляемся апошнімі сведкамі той жудаснай вайны, якая прайшла ў 1941–1945 гадах. Тое, што здарылася з усімі намі, нельга забыць. Ды і немагчыма забыць тыя зверствы, якія тварылі фашысты і на акупаванай тэрыторыі, і ў канцлагерах. Яны праводзілі ізуверскія доследы над дзецьмі, пра якія толькі падумаць ці прачытаць – ужо невыносна балюча і страшна. Мы стараемся як мага больш расказаць пра тыя часы, каб такое ніколі не паўтарылася. Сёння як ніколі нам трэба яшчэ больш згуртавацца. Каб было мірным неба над нашай любімай Беларуссю».

Звярнулася да ветэранаў, вязняў фашысцкіх канцлагераў, дзяцей вайны старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, ганаровы грамадзянін горада Магілёва Зінаіда Пянькова, пажадаўшы ўсім здароўя і дабрабыту. І падзякаваўшы за тое, што яны наведваюць установы адукацыі і расказваюць навучэнцам і студэнтам пра тое, што перажыло іх пакаленне, тым самым выхоўваючы моладзь. У сваю чаргу маладых людзей яна папрасіла ўважліва услухоўвацца ў кожнае слова ветэранаў, сведкаў той жудаснай трагедыі.

«На жаль, у нас у горадзе сёння засталося ўсяго 68 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 338 – вязняў фашысцкіх лагераў, на тэрыторыі вобласці пражывае 12 удзельнікаў блакады Ленінграда. Важна запісаць з імі як мага больш інтэрв’ю, успамінаў, каб гэта засталося ў нашай памяці, – падкрэсліла Зінаіда Пянькова. – У красавіку-маі горад праводзіць вялікую акцыю «Нам жыць і памятаць». І сённяшняе мерапрыемства з’яўляецца адным з самых важных. Гэта памяць пра тых людзей, якія ў той горкі час перанеслі і голад, і холад, і здзекі. Наша пакаленне, пакуль мы жывыя, павінна ўсе свае ўспаміны перадаць падрастаючаму пакаленню.

Мы бачым, што сёння адбываецца ў свеце. І мы павінны зрабіць усё, каб у нашым грамадстве было як мага больш людзей, якія любяць сваю краіну, сваіх землякоў і абараняюць сваю Айчыну».

Сярод удзельнікаў мітынгу была навучэнка медкаледжа Юлія Качаткова, якая расказала, чаму асабіста для яе важны ўдзел у такіх мерапрыемствах: «Я адчуваю гонар за нашу краіну, упэўненасць у нашай будучыні. Я разумею, якой цаной далася мінулым пакаленням перамога. Маленькія дзеці, на жаль, хутчэй за ўсё ўжо не застануць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і змогуць даведацца пра іх толькі з кніг і апавяданняў сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў, старэйшых братоў і сясцёр. Таму нам так важна сустракацца з імі цяпер. Напрыклад, у мяне ёсць маленькі брат і мне хочацца, каб ён наведваў такія мерапрыемствы і адчуў іх асаблівую атмасферу. Каб разумеў, чаго каштавала гэта перамога і каб ганарыўся сваёй краінай».

Яшчэ адна з удзельніц мітынгу, вучаніца 8 класа сярэдняй школы № 4 г. Магілёва Аляксандра Калеснікава падзялілася гісторыяй сваёй сям’і: «Мой прадзед двойчы гарэў у танку, але вярнуўся дадому жывым. А маю бабулю сагналі ў палон у Германію, па дарозе туды памерла яе чатырохгадовая сястра. Але бабуля змагла вярнуцца, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якія выпалі на іх лёс. Мы не маем ніякага маральнага права пра гэта забыцца».

Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых і закатаваных у канцлагерах падчас Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ўсклалі кветкі і вянкі да мемарыяла.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая