RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Павышэнне БПМ, пенсій і дапамог на дзяцей: змены з 1 лютага

У сувязі з ростам БПМ з 1 лютага ў Беларусі павышаюцца некаторыя віды пенсій, а таксама павялічваюцца памеры розных відаў дапамог і сацыяльных выплат і даплат.

Новы памер БПМ

З 1 лютага па 30 красавіка 2021 года ў разліку на месяц бюджэт пражытачнага мінімуму ўстаноўлены ў памеры Br262,87. БПМ у сярэднім на душу насельніцтва падвысіўся на 1,8% у параўнанні з нарматывам, дзеючым з 1 лістапада 2020 года па 31 студзеня 2021-га.

Для працаздольнага насельніцтва цяпер ён будзе складаць – Br290,71, пенсіянераў – Br199,17, студэнтаў – Br252,94, дзяцей ва ўзросце да трох гадоў – Br168,46, дзяцей ад 3 да 6 гадоў – Br232,93, дзяцей ад 6 да 18 гадоў – Br283,65.

Вырастуць пенсіі

У сувязі з ростам БПМ будуць пераразлічаны: сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні, даплаты пенсіянерам ва ўзросце больш за 75 гадоў.

Так, штомесячная даплата да пенсій непрацуючых пенсіянераў у лютым-красавіку 2020 года для людзей ва ўзросце 80 гадоў і больш складзе Br65,72, ва ўзросце ад 75 да 80 гадоў – Br49,29. Надбаўка для інвалідаў I групы складзе Br65,72, пенсіянераў, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, – Br32,86.

Сацыяльныя пенсіі (прызначаюцца пры неатрыманні працоўнай пенсіі) павялічацца наступным чынам: інвалідам I групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, – да Br289,16, інвалідам з дзяцінства II групы – Br249,73, інвалідам II групы (акрамя інвалідаў з дзяцінства), дзецям у выпадку страты карміцеля на кожнае дзіця – Br223,44, інвалідам III групы – Br197,15, асобам, старэйшым за агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост, – Br131,44, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў пры рознай ступені страты здароўя – ад Br210,3 да Br289,16.

У тым ліку цяпер сацыяльная пенсія прызначаецца дасягнуўшым 60 гадоў маці і 65 гадоў бацькам, якія не менш за 20 гадоў даглядалі дзяцей-інвалідаў, што мелі III або IV ступень страты здароўя і прызнаны пасля інвалідамі з дзяцінства I групы. З 1 лютага памер сацыяльнай пенсіі для такіх бацькоў складзе Br258,92. чытаць далей

Падвышаецца памер дзіцячых дапамог

У Беларусі з 1 лютага таксама вырасце памер дзіцячых дапамог і некаторых іншых сацыяльных выплат у сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ).

Аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці зараз складзе Br2628,7 (10 БПМ); пры нараджэнні другога і наступных дзяцей – Br3680,18 (14 БПМ). Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, з лютага будзе выплачвацца ў памеры Br262,87, дапамога сем'ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў (штомесячная) – у памеры Br131,44.

Штомесячная дапамога сем'ям на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем'яў, якiя вызначаюцца заканадаўствам, складзе: на дзіця-інваліда – Br184,01, на іншых дзяцей у сям'і – Br131,44. Штомесячная дапамога па догляду дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў складае Br262,87 (з I і II ступенню страты здароўя і з III і IV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 3 гадоў) і Br315,44 (з III і IV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці 3 гадоў); штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфікаванага ВІЧ, – Br184,01.

Акрамя таго, з 1 лютага павялічваюцца памеры дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў – у сувязі з ростам сярэднямесячнай заработнай платы. На першае дзіця памер дапамогі складзе Br472,92, на другое і наступных дзяцей – Br540,48, на дзіця-інваліда – Br608,04.

Памер гэтай дапамогі на першае дзіця складае 35% ад сярэднямесячнай зарплаты работнікаў у рэспубліцы за квартал; на другое і наступных дзяцей – 40%; на дзіця-інваліда незалежна ад чарговасці яго нараджэння – 45%. Яны переразлічваюцца ў сувязі з ростам сярэднямесячнай заработнай платы двойчы на год: з 1 лютага і 1 жніўня.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая