RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пераход да цыркулярнай эканомікі плануюць у Магілёўскай вобласці

Развіваць цыркулярную эканоміку плануюць у Магілёўскай вобласці. Планы сучаснага напрамку былі агучаныя на семінары «Асновы цыркулярнай эканомікі: ацэнка ўнутранага патэнцыялу і прыярытэты пераходу да цыркулярнай эканомікі Магілёўскай вобласці», які адбыўся ў Магілёве. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі абласной рабочай групы па пераходзе Магілёўскай вобласці да цыркулярнай эканомікі, у якую ўвайшлі кіраўнікі і спецыялісты ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, перапрацоўчай і дрэваапрацоўчай прамысловасцяў, экалагічных аб’яднанняў, арганізацый інавацыйнай інфраструктуры, а таксама камунальных гаспадарак.

– Цыркулярную эканоміку называюць зялёнай, бо яе асноўная перавага ў тым, што яна беражэ прыродныя рэсурсы і забяспечвае далейшы эканамічны рост без росту спажывання, а ў выніку – і росту звалак. Асноўным прынцыпам укаранення гэтай мадэлі з’яўляецца забеспячэнне максімальнай эфектыўнасці ад кожнага працэсу ў жыццёвым цыкле тавару ці паслугі, а такі падыход яшчэ і павялічвае колькасць працоўных месцаў. Сёння ў шэрагу краін Еўрасаюза эфектыўна ўкараняюцца прынцыпы цыркулярнай эканомікі. Для Беларусі яны таксама актуальныя і прыстасавальныя, – адзначыла начальніца аддзела прадпрымальніцтва Магілёўскага аблвыканкама Вольга Яшына, аналізуючы вынікі праведзенай сустрэчы.

Паколькі нават для ўдзельнікаў семінара цыркулярная эканоміка–паняцце новае і не да канца зразумелае, частка яго сустрэчы была азнаямленчай. Вопытам развіцця новага кірунку ў краінах Еўрапейскага Саюза дзяліліся эксперты Морыц Шміт, (Паўночны Рэйн–Вестфалія, Германія) і Яўген Лабанаў, дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск, Беларусь). Былі таксама разгледжаны перавагі пераходу да цыркулярнай эканомікі для развіцця, захавання рэсурсаў, экалагічнай абстаноўкі, а таксама арганізацыя працэсу развіцця цыркулярнай эканомікі ў розных галінах. Па выніку выступленняў і абмеркаванняў была дасягнута дамоўленасць аб працягу дыстанцыйнага ўзаемадзеяння і атрыманні зваротнай сувязі ад экспертаў на наступных мерапрыемствах. Абмяркоўвалася магчымасць прыцягнення спецыялістаў Вупертальскага інстытута ў працэс падрыхтоўкі да распрацоўкі Плана пераходу да цыркулярнай эканомікі Магілёўскай вобласці.

Удзельнікі сустрэчы гаварылі аб неабходнасці стварэння кансалтынгавага цэнтра па вывучэнні і ўкараненні «зялёных» тэхналогій на прадпрыемствах рэгіёна, а таксама пра наяўнасцьу ім платформы для правядзення мікрастартапаў, экспертызы і падтрымкі пачынанняў у сферы цыркулярнай эканомікі.

Акрамя таго, важным напрамкам яе развіцця, на думку ўдзельнікаў мерапрыемства, павінна стаць праца з падрастаючым пакаленнем ва ўстановах адукацыі для трансляцыі ідэй развіцця цыркулярнай эканомікі.

Семінар адбыўся ў межах мерапрыемстваў па падрыхтоўцы дакумента «План пераходу да цыркулярнай эканомікі ў Магілёўскай вобласці на перыяд з 2021–2025 гг.», які рэалізуецца як частка праекта «Нарошчванне патэнцыялу для стратэгічнага планавання і кіравання рэгіянальнымі структурнымі пераўтварэннямі ў Беларусі ў кантэксце цыркулярнай эканомікі», які рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам сумесна з Вупертальскім інстытутам клімату, навакольнага асяроддзя і энергетыкі па даручэнні Германскага таварыства па міжнародным супрацоўніцтве (GIZ) і Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ).

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая