RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Першы фірменны магазін сеткі «Белкніга» адкрыўся ў Магілёве

У Магілёве сёння адкрыўся новы кніжны магазін. Гэта першая фірмовая гандлёвая кропка ААТ «Белкніга» ў абласным цэнтры, трэцяя ў рэгіёне і 88-я ў краіне, перадае карэспандэнт сайта.

Магазін размясціўся на гістарычна кніжным месцы: па праспекце Пушкіна. Раней тут знаходзілася гандлёвая кропка ТДА «Букініст», якая была закрыта па фінансавых прычынах. 

«Белкніга», можна сказаць, дала другое жыццё вядомаму Магілёўскаму магазіну, які браў букіністычныя кнігі на камісію ад насельніцтва. Прыгожае сучаснае памяшканне плошчай больш за 100 кв. м зараз прапануе наведвальнікам не толькі шырокі выбар навінак беларускага і расійскага кнігавыдання, але і канцылярскіх тавараў, папярова-белавой прадукцыі – больш за 12 тыс. найменняў. Увесь тавар можна паглядзець, узяць у рукі.

Захавалі і букіністычны аддзел. Але гэта не значыць, што тут будуць прымаць усё падрад, што ёсць у хатніх бібліятэках. Спачатку папросяць скласці спіс літаратуры, а з яго выберуць найбольш запатрабаваныя выданні. Акрамя таго, стан тавару таксама павінен быць добры. На першых этапах плануецца весці прыём літаратуры кожны дзень, а потым, калі шафы запоўняцца, працэс замарудзіцца.

Дарэчы «Букініст» падарыў Магілёву 5 працоўных месцаў. Пачатковец на ніве кніжнага гандлю абяцае быць паспяховым. Да афіцыйнага адкрыцця магазін працаваў у тэставым рэжыме і карыстаўся папулярнасцю ў пакупнікоў. Абнадзейвае і вопыт бабруйскіх фірмовых крам «Белкніга», якія лёгка вытрымліваюць канкурэнцыю з іншымі кніжнымі гандлёвымі кропкамі ў горадзе.

«Белкніга» – найбуйнейшая гандлёвая сетка нашай краіны, – адзначыла падчас урачыстага адкрыцця кнігарні начальнік Упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава. – У мінулым годзе прадпрыемства актыўна развівалася. Кніжныя магазіны былі адкрыты ў Мінску, Бараўлянах, Іванава і два ў Бабруйску. Гэту справу ў Магілёўскай вобласці абавязкова працягнем, бо такіх гандлёвых кропак мала, не хапае вучэбнай, сацыяльна значнай літаратуры. А гэта прыводзіць да невыканання ў поўным аб’ёме тых задач, якія ставім перад кніжным гандлем».  

Адкрыццё абноўленага «Букініста» – сапраўдны падарунак для ўсіх жыхароў Магілёва, падкрэсліла начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Кацярына Музычэнка. «Вывучаючы грамадскую думку, размаўляючы з насельніцтвам, мы зразумелі, што кніга жывая, яе любяць, чыталі і будуць чытаць», – адзначыла яна.

Старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава заўважыла, што ў часы інфарматызацыі, камп’ютарызацыі і інтэрнэту роля кнігі ў нейкай меры памяншаецца, але сёння няпроста вучыцца ў школе, калі побач няма сучаснай кнігарні. Бо тут прадаецца не толькі мастацкая літаратура, але і метадычныя дапаможнікі, карты і інш.

У сваю чаргу старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Аляксандр Казека выказаў надзею, што новая кнігарня будзе не толькі гандлёвай кропкай, але і пляцоўкай для правядзення літаратурных сустрэч з чытачамі і моладдзю. 

У завяршэнне мерапрыемства генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Аляксандр Вашкевіч паведаміў, што грамадства мае намер адкрыць у Магілёве і вобласці яшчэ некалькі фірменных магазінаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая