RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Першы ў вобласці і найбуйнейшы ў краіне Крызісны цэнтр Беларускага Чырвонага Крыжа адкрыўся ў Магілёве

Адкрыццё першага ў вобласці і найбуйнейшага ў краіне Крызіснага цэнтра Беларускага Чырвонага Крыжа адбылося сёння ў Магілёве. Гэты аб'ект стаў пятым па ліку ў Беларусі. Такія цэнтры ўжо функцыянуюць у Гродне, Гомелі, Брэсце і Віцебску. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прынялі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі ўладыка Сафроній, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БТЧК Андрэй Мартыноўскі, кіраўнікі камітэта абласной арганізацыі і старшыні абласных арганізацый Беларускага Чырвонага Крыжа, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, якія ўнеслі свой уклад у стварэнне крызіснага цэнтра.

Агульная плошча памяшканняў новага цэнтра - звыш 120 кв.м. Адначасова тут могуць размясціцца да 20 чалавек. Для іх арганізаваны пакоі для пражывання і адпачынку, кухонная і сталовая зоны, месца для правядзення гутарак, апытанняў, «аранжавая» прастора для дзяцей, памяшканне для індывідуальных і групавых сустрэч з псіхолагамі. Атрымаць бяспечнае часовае жыллё ў крызісным цэнтры змогуць як замежныя грамадзяне, так і беларусы, якія аказаліся ў складанай сітуацыі. У іх ліку - вымушаныя мігранты, уцекачы з Украіны і іншых краін, якія пацярпелі ад стыхійных бедстваў або надзвычайных сітуацый. У час знаходжання пад апекай пастаяльцам у тым ліку дапамогуць вырашыць сацыяльныя пытанні, напрыклад, пасадзейнічаюць у працаўладкаванні, афармленні дакументаў, аднаўленні сувязі з роднымі, пошуку пастаяннага месца жыхарства. Прадугледжваецца, што атрымаць часовы прытулак з забеспячэннем максімальна поўнай сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі і адаптацыі ў грамадстве ў Крызісным цэнтры можна будзе на тэрмін да месяца. Аднак кожная сытуацыя будзе разглядацца індывідуальна.

Памяшканне па праспекце Міра Магілёўскай абласной арганізацыі далі ўлады абласнога цэнтра. Сродкі на рамонт накіраваў Беларускі Чырвоны Крыж. Пры падтрымцы партнёраў - Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ, Фонду ААН у галіне народанасельніцтва - было набыта неабходнае абсталяванне, мэбля, інвентар.

Вітаючы ўдзельнікаў цырымоніі, Валерый Малашка падзякаваў усім, хто аказаў садзейнічанне ў стварэнні цэнтра і павіншаваў абласную арганізацыю з пераездам: «Вельмі прыемна, што сёння абласная арганізацыя БТЧК набывае свой прасторны «дом», дзе мы можам не толькі арганізаваць працоўныя месцы, але і забяспечыць утульны прытулак для тых, каму неабходна дапамога. У сённяшнім складаным свеце, напружаным міжнародным становішчам Чырвоны Крыж, рэспубліканская грамадская арганізацыя, ганарліва нясе сваю місію, аказваючы дапамогу мігрантам, праводзячы валанцёрскі рух, арганізуючы навучанне неадкладнай дапамогі і ініцыюючы шмат добрых спраў, якія ўжо становяцца традыцыйнай працай Чырвонага Крыжа, сацыяльным служэннем той місіі, якую нясуць людзі, што працуюць у арганізацыі.

Само жыццё сёння дыктуе, чаму дзяржава стварае крызісныя цэнтры сумесна з грамадскімі арганізацыямі. І ў гэтым пытанні мы бачым высокую ролю Чырвонага Крыжа. На нашых межах неспакойна, у нашу краіну прыбываюць бежанцы. У найбліжэйшы час у цэнтры з'явяцца першыя, хто мае патрэбу ў дапамозе, мы рыхтуемся да іх сустрэчы. Сёння вельмі важныя тыя гуманітарныя праекты, якія ладзяцца Беларускім Чырвоным Крыжом. Магілёўскае абласное аддзяленне ў гэтай частцы таксама можа з'яўляцца прыкладам: гэта і валанцёрскі рух, і навучанне першай дапамозе. Чырвоны Крыж актыўна нясе сваю місію, прыцягвае ў свае шэрагі шматлікіх прыхільнікаў і аказвае шырокую дапамогу нашаму грамадству».

Як расказаў Дзмітрый Шаўцоў, сёння ў краіне практычна завяршаецца работа па стварэнню крызісных цэнтраў, апошнім будзе Гродна, хоць менавіта там адкрыўся першы ў краіне крызісны пакой.

«Крызіс на беларуска-польскай мяжы ў 2021 годзе, калі назіралася вялікая колькасць мігрантаў, паказаў, наколькі гэтыя цэнтры неабходныя. Важна, каб яны былі эрганамэтрычнымі, працавалі з высокім каэфіцыентам карыснага дзеяння ў кожнай вобласці. І мы пачалі ствараць іх у Брэсце, Віцебску, палепшылі ў Гомелі. У Магілёве не было крызіснага цэнтру ўвогуле. Паколькі офісныя памяшканні абласной, гарадской і раённых арганізацый знаходзіліся ў розных месцах, для ўзаемадзеяння і камунікацыі гэта было не зусім зручна.

У новым памяшканні ўсё кансалідавана і размешчана разам: і сучасны крызісны цэнтр, і нашы службы. Такое вялікае памяшканне стала своеасаблівым выклікам, але было разуменне, што яно стане самым лепшым і перадавым на сёння ва ўсёй краіне. Так і атрымалася. Па-першае, тут засяроджаны ўсе арганізацыі. Для іх створаны ўсе ўмовы, каб працаваць, у тым ліку добрая актавая зала, ёсць вялікі крызісны цэнтр, які ўключае ў сябе 4 пакоі, ізаляваныя кухню, санвузел, душавую, абсталяваны выдатны пакой для заняткаў з дзецьмі».

Генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа падкрэсліў, што Беларусь гатова да любога міграцыйнага выкліку: «Мы заўсёды нацэлены дапамагчы чалавеку, які прыехаў з іншай дзяржавы і мае патрэбу ў падтрымцы. Гэтыя сервісы будуць працаваць і для нашых грамадзян у тым ліку. На існуючых плошчах мы можам спакойна навучаць навыкам аказання першай дапамогі, працаваць з дзецьмі і пажылымі людзьмі, інвалідамі і іншымі катэгорыямі насельніцтва. Цэнтр будзе ўвесь час дзейнічаць, тут будуць функцыянаваць розныя сэрвісы, і ён, вядома ж, пакажа сваю эфектыўнасць. Самае галоўнае, калі ён засяроджаны ў адным месцы, ККД павялічваецца ў разы».

Таксама Дзмітрый Шаўцоў пазначыў, што сёння пад патранажам Беларускага Чырвонага Крыжа ўвесь час знаходзяцца каля 7 тыс. грамадзян Украіны: «Людзі мяняюцца, але заўсёды іх назіраюць, ім аказваюць дапамогу. Мы не ізалюемся і, у выпадку неабходнасці, будзем пераразмяркоўваць патокі, калі ў якім-небудзь з цэнтаў будзе не хапаць месцаў. Тым больш, Беларусь - невялікая краіна з цудоўнай транспартнай даступнасцю: за некалькі гадзін можна трапіць з адной вобласці ў іншую. Таму будзем аператыўна трымаць руку на пульсе».

У завяршэнне ён падзякаваў усім, хто прыняў удзел і паспрыяў з'яўленню такой прасторы: «Адкрываючы па краіне крызісныя цэнты, мы стараліся зрабіць кожны з іх лепшым, чым папярэдні. Нам дапамагалі вельмі многія і мы ўдзячныя за гэтую дапамогу».

У сваю чаргу Андрэй Мартыноўскі таксама акцэнтаваў увагу на тым, што праект быў амбіцыйным першапачаткова: «Мы выканалі сур'ёзны аб'ём работ, бо вялікія плошчы памяшканняў патрабавалі вялікіх аб'ёмаў рамонтных работ. Але ўсё, што планавалі, мы здзейснілі.

Цэнтр дае мігрантам не толькі магчымасць часовага пражывання, тут мы яшчэ будзем аказваць інфармацыйна-кансультатыўную дапамогу, псіхасацыяльную падтрымку і комплексна дапамагаць у вырашэнні праблем.

Чырвоны Крыж і Магілёўская абласная арганізацыя, у прыватнасці, працуе з мігрантамі, аказвае дапамогу практычна ад пачатку СВА. На гэты момант дапамога аказана 357 вымушаным мігрантам з тэрыторыі Украіны. Сустракаемся з імі, гутарым, вывучаем запатрабаванні і на падставе атрыманай інфармацыі выбудоўваем далейшую працу. Аказваем не толькі гуманітарную дапамогу ў выглядзе прадуктаў харчавання, адзення, гігіенічных сродкаў і ўсяго неабходнага. Імкнемся падыходзіць комплексна. Дапамагаем з пытаннем працаўладкавання, пошукам пастаяннага жылля, вырашэннем іншых сацыяльных праблем, якія ў іх могуць узнікаць».

Як адзначыў старшыня абласной арганізацыі БТЧК, адкрыццё цэнтра дасць магчымасць узняць на новы, больш высокі ўзровень, аказанне дапамогі як вымушаным мігрантам, так і нашым грамадзянам, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю.

«На базе навучальнага цэнтра, які ў нас тут таксама створаны, мы зможам (і ўжо практычна гэта зрабілі) арганізаваць інфармацыйны цэнтр для мігрантаў, дзе яны могуць атрымаць вычарпальную інфармацыю аб нарматыўна-прававой базе, юрыдычнае кансультаванне, доступ да інтэрнэту, а значыць, да інфармацыйных рэсурсаў. Такім як unihelp.by ды іншым. Зможам дапамагчы пераадолець дэфіцыт інфармацыі, які першапачаткова ўзнікае па прыбыцці да нас у краіну. Арганізуем навучальны працэс для дзяцей мігрантаў, таму што часта сем'і прыязджаюць з дзецьмі. Тыя вучацца ў школе, ім неабходна дапамога па падрыхтоўцы да вучэбнай праграмы, па развіццю іх творчага патэнцыялу і гэтак далей.

У перспектыве мы зможам арганізаваць кабінет па прафілактыцы кагнітыўных расстройстваў у пажылых людзей - гэта таксама дастаткова запатрабаваны напрамак сярод насельніцтва. Яшчэ ў планах - цэнтр пракату сродкаў рэабілітацыі, цэнтр выдачы гуманітарнай дапамогі і шэраг іншых сэрвісаў, якія сапраўды дапамогуць нам аказваць дапамогу на больш высокім і якасным узроўні», - падзяліўся планамі ён.

Новы цэнтр, які размясціўся на месцы былой дзіцячай паліклінікі №1, стаў месцам засяроджвання ўсіх службаў Магілёўскай абласной арганізацыі БТЧК. Што дасць магчымасць адкрываць і развіваць новыя сэрвісы для дапамогі людзям, якія маюць у ёй патрэбу.

Таксама падчас цырымоніі адкрыцця былі ўручаны падзякі Магілёўскага аблвыканкама і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа прадстаўнікам БТЧК, арганізацыям і прадпрыемствам за распаўсюджванне ідэй міласэрнасці і гуманнасці, уклад у дабрачынную дзейнасць. За выдатныя дасягненні ў дзейнасці і выкананне статутнай мэты і задач БТЧК, значны асабісты ўклад у развіццё дабрачыннай арганізацыі, першым геральдычным памятным нагрудным знакам «Ганаравы член Беларускага Чырвонага Крыжа» ўзнагароджаны Валерый Малашка.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая