Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка сустрэўся сёння з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Гючлю Джэмам Ышыкам, які наведаў рэгіён з азнаямленчым візітам.
Па аб'ёме знешнегандлёвага абароту Турцыя ўваходзіць у дзясятку асноўных партнёраў Магілёўскай вобласці. За апошнія пяць гадоў адзначаецца станоўчая дынаміка знешняга гандлю Магілёўскай вобласці і Турэцкай Рэспублікі. Так, з 2020 года аб'ём знешняга гандлю вырас у 1,7 раза з $35 млн да $62 млн у 2024 годзе. Экспарт павялічыўся ў 1,3 раза з $15,1 млн да $20,2 млн.
Як адзначыў Анатоль Ісачанка, двухбаковыя гандлёвыя адносіны маюць канструктыўны характар.
Аснову экспарту паслуг у Турэцкую Рэспубліку за 2024 год і бягучы перыяд 2025 года склалі транспартныя і дзелавыя паслугі. Экспартуецца таксама вуглярод, леса- і піламатэрыялы, драўляныя вырабы, прадметы гігіены. Магілёўскія прадпрыемствы закупляюць у Турцыі сыравіну для вытворчасцей, тканіны з сінтэтычных комплексных ніцей, нятканыя матэрыялы, камплектуючыя да прычэпаў, тару пластмасавую, посудамыйныя машыны і харчовыя прадукты.
«Акрамя таго, трэба адзначыць паступальнае развіццё інвестыцыйнага супрацоўніцтва, у першую чаргу, дзякуючы турэцкім кампаніям, - падкрэсліў Анатоль Ісачанка. - На тэрыторыі Магілёўскай вобласці ажыццяўляюць дзейнасць 20 суб'ектаў гаспадарання з турэцкім капіталам, чатыры з іх зарэгістраваны ў якасці рэзідэнтаў СЭЗ «Магілёў» (ЗТАА «СБІ Каўчук», ТАА «Белэмса», кампанія «Дэрса», ТАА «Белланья»)».
Анатоль Ісачанка расказаў, што з інвестарамі з Турэцкай Рэспублікі ўжо даўно і паспяхова вядзецца работа: «Мы аказваем усялякае садзейнічанне, але, трэба аддаць належнае, і яны дынамічна развіваюцца. Сёння са спадаром Паслом мы прагаварылі далейшыя крокі супрацоўніцтва. І ён таксама са свайго боку выказаў гатоўнасць аказаць усялякую падтрымку, што для нас вельмі важна».
Адзначыў Анатоль Ісачанка і тое, што шмат увагі ў гутарцы надалі турыстычнай сферы: «Для Турцыі – гэта валаўтваральны напрамак. І я глыбока перакананы, што для Рэспублікі Беларусь яно таксама павінна стаць такім жа, таму што ў нас цудоўная прырода, добрыя лясы, выдатныя людзі. Мы можам усё гэта арганізаваць. Я думаю, гэтаму будзе садзейнічаць і той авіярэйс, які мы літаральна на днях адправілі ў Анталію. Вядома, гэта камфорт - з Магілёва прызямліцца адразу ў Турцыі. Канешне, хацелася б, каб турысты з Турцыі наведалі наш рэгіён. І для гэтага першым крокам мы запрашаем турэцкія турыстычныя агенцтвы наведаць наш рэгіён, каб азнаёміцца са славутасцямі, зрабіць для сябе высновы і арганізаваць падобныя чартарныя рэйсы, наведванне турыстамі нашага рэгіёна».
Кіраўнік рэгіёну пры гэтым падкрэсліў, што напрамкаў для супрацоўніцтва шмат і радуе, што з боку Турэцкай Рэспублікі ў гэтым таксама ёсць зацікаўленасць.
У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Гючлю Джэм Ышык адзначыў, што адносіны паміж нашымі краінамі сталі і маюць пэўную гісторыю: «Турцыя стала першай замежнай дзяржавай, якая прызнала дзяржаўную незалежнасць Рэспублікі Беларусь. І больш за 30 гадоў нашы краіны звязваюць дыпламатычныя адносіны. Якія на працягу ўсяго гэтага перыяду развіваюцца ў рамках пазітыўнага парадку дня. Нашы эканомікі маюць узаемадапаўняльны характар. У Магілёўскай вобласці працяглы час вядуць дзейнасць два важныя турэцкія прадпрыемствы. Адно з іх сусветна вядомае, другое дзякуючы вытворчасці тут атрымлівае магчымасць выхаду на міжнародныя рынкі. Кампаніі працуюць эфектыўна, працяглы час і вырабляюць, у тым ліку, прадукцыю ў рамках імпартазамяшчэння».
Як акрэсліў Пасол Турцыі ў Беларусі, сёння ў рамках візіту ў Магілёў дэлегацыя выкарыстоўвае магчымасць не толькі наведаць гэтыя прадпрыемствы, але і ацаніць перспектывы развіцця гандлёва-эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва паміж краінамі. «Мы не ўспрымаем Беларусь толькі як рынак для сваёй прадукцыі, – звярнуў увагу ён. - Мы зацікаўлены пастаўляць сюды вырабленую намі прадукцыю. Мы зацікаўлены ў набыцці прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі. І таксама мы зацікаўлены ў развіцці сумесных вытворчасцей і пастаўкі тавараў у трэція краіны».
Па словах Гючлю Джэма Ышыка, гэта яго першы візіт у дзелавым ключы ў Магілёўскую вобласць, таму ён носіць хутчэй азнаямленчы характар: «Калі ў мінулым годзе мне ўдалося пабываць у Магілёўскай вобласці ў рамках культурнага візіту (на Рэспубліканскім свяце «Купалле» – заўв. рэд.). То гэтым разам акцэнт зроблены на сустрэчу з губернатарам, структурнымі падраздзяленнямі аблвыканкама, якія адказваюць за эканамічны парадак рэгіёну. У далейшым на аснове гэтага візіту мы будзем ужо надбудоўваць нашае далейшае супрацоўніцтва».
У гэты дзень дэлегацыя на чале з Паслом Турцыі ў Беларусі Гючлю Джэмам Ышыкам наведала СЭЗ «Магілёў», дзе быў прэзентаваны экспартны патэнцыял кампаній-рэзідэнтаў, пабывала на двух прадпрыемствах - ЗТАА «СБІ Каўчук» і ТАА «Белэмса». Таксама ганаровыя госці выказалі жаданне азнаёміцца з работай ААТ «Магатэкс» і наведалі Музей гісторыі Магілёва.
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
13.06.2025 - 09:09
Анатоль Ісачанка правядзе 18 чэрвеня ў Крычаве выязны прыём грамадзян
12.06.2025 - 15:59
Кадры, ідэалогія, работа з грамадзянамі. Што Лукашэнка патрабуе ад «палітычнага штаба» Прэзідэнта
10.06.2025 - 09:04
Прамую тэлефонную лінію 14 чэрвеня правядзе ў Магілёўскім аблвыканкаме Алег Сцельмашок
04.06.2025 - 15:15