RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пілотны праект па павышэнні энергаэфектыўнасці жылых дамоў у Магілёўскай вобласці рэалізуюць пры падтрымцы Сусветнага банка

Пілотны праект па павышэнні энергаэфектыўнасці жылых дамоў у Магілёўскай вобласці рэалізуюць пры падтрымцы Сусветнага банка. Для ўдзелу ў ім выбралі каля 100 дамоў – у Магілёве, Бабруйску, Быхаве і Асіповічах. Гэта стары жылфонд са звышнарматыўнымі стратамі цяпла, паведаміў намеснік начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Аляксандр Маслаў.

Як адзначыў спецыяліст, сёння нарматыўным спажываннем цеплавой энергіі лічыцца 90 кілават-гадзін на квадратны метр на год. А ў дамах, якія будуць вызначаны пад гэты праект, спажыванне складае каля 200-260 кілават-гадзін на квадратны метр. У Быхаве для ўдзелу ў праекце выбралі трохпавярхоўкі на тэрыторыі былога ваеннага гарадка і мікрараёна Колас. А ў Магілёве – старыя дамы па 9 і 5 паверхаў, у іх ліку панэльныя «хрушчоўкі».

Прынцып адбору адзіны: жыллёвы фонд мае патрэбу ў капітальным рамонце. «Каб знізіць цеплавыя страты і давесці цепласпажыванне да 90 кілават-гадзін на метр квадратны ў год, будуць прапаноўвацца мерапрыемствы, якія не ўваходзяць у капітальны рамонт і якія будзе прапанавана прафінансаваць жыхарам напалову з Сусветным банкам», – расказаў Аляксандр Маслаў.

На сходах большасцю галасоў жыхары вырашаць, на якія работы яны згодныя, каб павысіць спажывецкія характарыстыкі дома. Напрыклад, можна ўцяпліць дах, сцены, замяніць вокны на лесвічных клетках. Сусветны банк гатовы кампенсаваць 50 % кошту гэтых работ, астатняе часткамі будуць выплачваць жыхары на працягу 10 і больш гадоў. На гэты тэрмін дзяржава дасць растэрміноўку – беспрацэнтны крэдыт. Гэтая схема для Беларусі новая. Сваім з’яўленнем яна абавязаная Указу Прэзідэнта № 327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў».

Паводле папярэдніх падлікаў, для двухпакаёвай кватэры на 48 квадратаў плацеж будзе не большым за 1 базавую велічыню ў месяц. «Калі ў жыхара паўстануць пэўныя цяжкасці з аплатай, то прадугледжана магчымасць размеркаваць гэтую растэрміноўку не на 10 гадоў, а на 15», – удакладніў суразмоўца.

Штогод у Беларусі плацяжы за жыллёва-камунальныя паслугі павышаюцца прыкладна на $ 5, з якіх 3 прыпадае менавіта на цяпло. За кожную гігакалорыю насельніцтва пакуль плаціць прыкладна пятую частку ад рэальнага кошту. Астатняе бярэ на сябе дзяржава. Перспектыва наступных гадоў – паступовы выхад на эканамічна абгрунтаваны тарыф. Вось чаму ўцяпленне старых дамоў актуальнае ўжо цяпер. Уцеплены па ўсіх правілах дом зможа эканоміць да 50 % цеплавой энергіі.

«Радыё Магілёў»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая