RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пошукавая экспедыцыя «Дняпроўскі рубеж – 2020» у Быхаўскім раёне: падчас раскопак паднятыя астанкі 42 байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі

У Быхаўскім раёне з 27 ліпеня па 6 жніўня праходзіла пошукавая экспедыцыя Магілёўскага гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» і 52-га пошукавага батальёна УС Рэспублікі Беларусь. Пра гэта расказаў старшыня ГА «Магілёўскі АІПК «Віккру» Мікалай Барысенка.

За тыдзень працы пошукавікі выявілі і паднялі падчас раскопак астанкі 42 байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія знаходзіліся ў невядомых раней баявых пахаваннях, размешчаных у былых варонках і акопах ля вёсак Тошчыца, Усохі, Красніца, Чырвоны Асавец, Радзькоў. У экспедыцыі прыняло ўдзел 35 чалавек – навучэнцы і працоўная моладзь, гісторыкі, педагогі, музейныя работнікі з Магілёва і Быхава.

У пахаваннях у в. Чырвоны Асавец (137-я стралковая дывізія 45-га стр. корпуса генерала Магона) і Усохі (187-я і 102-я стр. дывізіі) знаходзіліся салдаты, якія загінулі ў баях у ліпені ў 1941 года пры абароне Дняпроўскай мяжы, астатнія – зімой 1944 года пры штурме Лудчыцкай вышыні і фарсіраванні Дняпра.

Багаты пад’ёмны матэрыял (каскі, пляшкі, падсумкі, асабістыя рэчы воінаў) папоўніць экспазіцыі Быхаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, а таксама школьных музеяў раёна. «Самымі дарагімі знаходкамі для пошукавікаў сталі два баявыя медалі «За адвагу» № 646289 і «За баявыя заслугі» № 743186 і пляшка з ініцыяламі «К.Ф.І.». Дарагія не па вартаснай каштоўнасці, а па магчымасці ўстанавіць імя салдата або камандзіра», – падкрэсліў Мікалай Барысенка.

Ён паведаміў, што дзякуючы аператыўнай працы кіраўніка пошукавай групы «Бацькаўшчына» з Мінска Аляксандра Дударэнкі і расійскіх пошукавікаў у ЦАМА Расійскай Федэрацыі былі ўстаноўлены імёны двух абаронцаў Дняпроўскага рубяжа ў Быхаўскім раёне. Абодва медалі належалі Купрыянаву Васілю Аляксеевічу, 1923 года нараджэння, старшыне, камандзіру ўзвода 1262 сп 380 сд, ураджэнцу Ульянаўскай вобласці Ахотнічага раёна, с. Ахотнічае, які быў забіты пры штурме Лудчыцкай вышыні 29 лютага 1944 года. Па запыце пошукавікаў «Віккру» знойдзена яго пляменніца – Тамара Іванаўна Сойкіна, якая жыве ў Тальяці. Жанчына будзе запрошана на перапахаванне свайго дзядзькі.

Таксама па ініцыялах «К.Ф.І.», на пляшцы, якая знаходзілася пры загінулым, устаноўлена імя яе ўладальніка – Красноў Фёдар Іванавіч, 1905 года нараджэння, радавы асобнага лыжнага батальёна 380 сд, ураджэнец г. Тулы. Забіты 2 сакавіка 1944 года пры штурме Лудчыцкай вышыні.

«І старшына Купрыянаў, і радавы Красноў лічыліся да гэтага дня прапаўшымі без вестак, а памяць пра герояў, якія загінулі на магілёўскай зямлі, была не ўвекавечана», – канстатаваў Мікалай Барысенка. У архіве знойдзены спіс байцоў і камандзіраў 380-й сд, пахаваных на месцы бою ў брацкай магіле, з якой пашукавікі «Віккру» 1 жніўня паднялі астанкі 8 воінаў. Дзякуючы сумесным намаганням упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны УС РБ, мінскіх і магілёўскіх пошукавікаў, акрамя названых вышэй двух, неўзабаве з’явяцца яшчэ 6 новых прозвішчаў загінулых на Лудчыцкай вышыні.

«Вялікі дзякуй пошукавікам «Віккру» за самаадданую бескарыслівую працу ў поле, выкарыстанне асабістага аўтатранспарту і асабістага часу, часта ў шкоду родным, на карысць устанаўлення імёнаў зніклых без вестак абаронцаў Айчыны і вяртання іх у сем’і, якія чакаюць сваіх блізкіх з далёкіх ўжо 1940-х, – падкрэсліў Мікалай Барысенка. – Асаблівая падзяка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніду Зайцу і адміністрацыі Магілёўскага мясакамбіната за спонсарскую дапамогу ў забеспячэнні ўдзельнікаў экспедыцыі прадуктамі харчавання і маральную падтрымку гэтага важнага патрыятычнага праекта».

Падчас экспедыцыі найбольш вызначыліся намеснік старшыні клуба «Віккру» Яўген Балбераў, кіраўнік групы «Быхаўскі рубеж» Сяргей Жыжыян, кіраўнік групы «Авангард» Трыханаў Ілья, пошукавікі Яўген Бацанаў, Анатоль Даронін, Дзмітрый Паклонскі і Антон Пракапнёў.

Урачыстае перапахаванне знойдзеных воінаў па рашэнні мясцовых выканаўчых органаў адбудзецца не пазней за тры месяцы пасля заканчэння экспедыцыі, паведаміў Мікалай Барысенка.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая