RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пра здароўе, транспарт і сацыяльныя паслугі – Андрэй Кунцэвіч сустрэўся з жыхарамі вёскі Косічы

Пытанні аховы здароўя, транспартных зносін і даступнасць сацыяльных паслуг абмеркаваў на сустрэчы з жыхарамі вёскі Косічы Быхаўскага раёна намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч.

«Такія сустрэчы патрэбныя для таго, каб не толькі даведацца пра жыццё ў вёсцы, але і пагаварыць аб праблемах, з якімі сутыкаюцца жыхары. Па душах пагутарыць пра тое, што турбуе, – адзначыў Андрэй Кунцэвіч. – Сумеснымі намаганнямі мы зможам не толькі вырашыць праблемы, але зрабіць далейшае жыццё больш камфортным».

У вёсцы Косічы пастаянна пражывае каля 50 чалавек. У асноўным гэта людзі пенсійнага ўзросту. Ва ўсіх ёсць падсобная гаспадарка, у каго пабольш сіл, той трымае жывёлу, птушку. Вяскоўцы расказалі, што тут працуе магазін, перасоўная пошта. Наладжана і медыцынскае абслугоўванне: прыязджае хуткая дапамога, ёсць выязная аптэка, жыхароў па неабходнасці наведваюць дактары.

«У нас выдатнае жыццё. У краме вялікі асартымент тавараў. Тут жа можна рабіць і буйныя заказы: будматэрыялы, бытавую тэхніку. Наладжаны транспартныязносіны як з Быхавам, так і з Магілёвам. Кожны дзень прыязджае пошта: можна і квітанцыі аплаціць, і пасылачку адправіць, газеты свежыя атрымаць. Дровы дастаўляюць, заўсёды можна зрабіць заяўку, – падзялілася стараста вёскі Косічы Нэлі Ліпская. – Мясціны тут грыбныя, паветра свежае, дзеці і ўнукі часта прыязджаюць. Што яшчэ для шчасця нам, пенсіянерам, трэба?»

Адзіным пытаннем у жыхароў вёскі была цана на газ у балонах. У Косічах шмат дачных домікаў, а для тых, хто не зарэгістраваны ў доме, балон газу каштуе амаль у тры разы даражэй, чым для мясцовых жыхароў.

Пасля сустрэчы з жыхарамі вёскі Андрэй Кунцэвіч адправіўся на фарэлевую гаспадарку «Лахва». У Косічах гэта асноўнае месца працы не толькі мясцовых, але і жыхароў найбліжэйшых раёнаў. Гэта гаспадарка–адзіная ў Беларусі, дзе ёсць поўны цыкл вытворчасці радужнай фарэлі: ад малявак да перапрацоўкі. У яго склад уваходзіць 3 вытворчыя комплексы, адзін з якіх размясціўся ў Быхаўскім раёне. А яшчэ Горацкі рыбагадавальнік. Вытворчая магутнасць фарэлевай гаспадаркі–550 т рыбы ў год. Частка прадукцыі паступае ў гандлёвыя сеткі Беларусі, яшчэ частка экспартуецца ў Расійскую Федэрацыю. У канцы мінулага года на прадпрыемстве ў Быхаўскім раёне была ўсталявана аўтаматычная лінія ўпакоўкі рыбы ў газавым асяроддзі. У планах на будучае – далейшае развіццё і мадэрнізацыя вытворчасці.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая