RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Працоўныя пенсіі павышаюцца ў Беларусі з 1 снежня

Усе віды працоўных пенсій павышаюцца з 1 снежня ў адпаведнасці з указам № 409 ад 5 лістапада 2020 года, як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Пераразлік пенсій будзе праведзены больш чым 2,4 млн пенсіянерам. Асноўныя памеры працоўных пенсій павышаюцца на 6%. Да асноўнай пенсіі выплачваюцца даплаты, надбаўкі, павышэнні. У іх ліку даплата непрацоўным грамадзянам, людзям ва ўзросце 75–79 гадоў (Br48,4), 80 гадоў і больш (Br64,53). Акрамя таго, прадугледжана надбаўка на догляд інвалідам I групы (Br64,53) і асобам ва ўзросце, старэйшым за 80гадоў (Br32,27), а таксама павышэнне інвалідам і ўдзельнікам вайны, ганаровым донарам і некаторым іншым катэгорыям грамадзян (ад Br25,81 да Br322,65). Пераразлік указаных выплат ажыццяўляецца аўтаматычна пры росце бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, як правіла, кожны квартал (з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада).

«У намінальным выражэнні ў кожнага пенсіянера павелічэнне асноўнага памеру пенсіі будзе сваё – у залежнасці ад індывідуальных паказчыкаў стажу і заработнай платы да выхаду на пенсію. Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў снежні складзе Br499,7. Паколькі падчас працы пенсіянераў з індывідуальным каэфіцыентам заробку (ІКЗ) большым за 1,3, памер пенсіі абмяжоўваецца, у непрацоўных пенсіянераў ён вышэйшы. Сярэдні памер пенсій па ўзросце непрацоўных пенсіянераў у снежні складзе амаль Br513», – растлумачыли ў прэс-службе.

Пры максімальных паказчыках стажу і мінулага заробку (стаж не менш за 45 гадоў у мужчын, 40 гадоў у жанчын і ІКЗ – 5 і вышэй) пенсія па ўзросце непрацоўнага пенсіянера ў снежні складзе Br863. Калі да пенсіі ўстаноўлены даплаты, надбаўкі, павышэнні, яе памер яшчэ вышэйшы. Напрыклад, памер выплат такому пенсіянеру ва ўзросце 80 гадоў і больш (з улікам даплаты і надбаўкі) складзе Br960.

Пенсія па ўзросце ў снежні павялічваецца на 5,5% у параўнанні з лістападам і на 12,1% у параўнанні са снежнем 2019-га. Сярэдні памер пенсіі па ўзросце за гэты год павялічыўся на 9,6% у параўнанні з 2019-м. За бягучую пяцігодку (2016–2020 гады) пенсія па ўзросце павялічылася амаль у 1,7 раза.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая