RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прадстаўніц жаночай грамадскасці Прыдняпроўскага краю ўшаноўвалі ў Магілёўскім аблвыканкаме

Урачысты прыём, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню, адбыўся сёння ў аблвыканкаме. Яго ўдзельніцамі стала 30 прадстаўніц жаночай грамадскасці Прыдняпроўскага краю.

Віншуючы прысутных, а ў іх асобе ўсіх прадстаўніц прыгожага полу рэгіёна, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц адзначыў, што галоўная місія жанчыны – дарыць жыццё, выхоўваць дзяцей у духу патрыятызму, быць захавальніцай сямейнага ачага, падтрымліваючы яго дабрынёй і ласкай.

У нашай краіне нямала робіцца для падтрымкі мацярынства і дзяцінства, падкрэсліў губернатар. У ліку такіх дзяржаўных мер – сямейны капітал, які ў 2019 годзе атрымала 1,6 тыс. шматдзетных з Магілёўскай вобласці. А ўсяго ў рэгіёне налічваецца 11 тыс. сем’яў, якія выхоўвюць трох і больш дзяцей, і з кожным годам іх колькасць расце. «Усё гэта сведчыць пра тое, што маці ўпэўненыя ў будучыні, а існуючыя меры падтрымкі дапамагаюць зрабіць правільны выбар», – канстатаваў Леанід Заяц. Дарэчы, толькі ў мінулым годзе 35 жыхарак рэгіёна ўдастоены ордэна Маці.  

Кіраўнік Прыдняпроўскага краю цёпла павіншаваў удзельніц урачыстасці з надыходзячым святам, пажадаўшы вечнай вясны ў сэрцах і ўручыў ордэн Маці сямі жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі пяцярых і больш дзяцей. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі: прадавец Глускага раённага спажывецкага таварыства Алеся Баскаулава, прыбіральнік службовых памяшканняў ДУА «Пудаўнянская сярэдняя школа» Ірына Жукава (Дрыбінскі раён), ветэрынарны ўрач ААТ «Дабаснянскае» Алена Кісель (Кіраўскі раён), санітарка УАЗ «Крычаўская цэнтральная раённая бальніца» Святлана Роўт, слесар механазборачных работ ПУП «Універсал-Бабруйск» грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства глухіх» Валянціна Афанасьева, повар рэстарана хуткага абслугоўвання філіяла «Бабруйскі гандлёвы цэнтр “Корона”» ААТ «Тытунь-Інвест» Галіна Сямёнава, індывідуальны прадпрымальнік Вольга Рыжкова (Бабруйск).

«Калі мы нараджалі дзяцей, не думалі аб узнагародах і прывілеях, а хацелі вялікую і дружную сям’ю, – адзначыла ў адказ маці пяцярых дзяцей Алена Кісель. – Цяпер для нас важна, каб яны жылі ў спакойнай дзяржаве са стабільным будучым».

Удзельніцам свята ўручылі кветкі, а творчыя калектывы і выканаўцы горада на Дняпры парадавалі жанчын выступленнем.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая