RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прадстаўніц жаночай грамадскасці Прыдняпроўскага краю ўшаноўвалі ў Магілёве

Прыём, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню, адбыўся сёння ў Палацы культуры вобласці. Яго ўдзельніцамі стала 30 прадстаўніц жаночай грамадскасці Прыдняпроўскага краю. Сярод тых, хто прыбыў на ўрачыстасць у Магілёў, жанчыны розных узростаў і прафесій, якія зарэкамендавалі сябе як цудоўныя спецыялісты і выдатныя мамы.

Віншуючы прысутных, а ў іх асобе ўсіх прадстаўніц прыгожага полу рэгіёна, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц адзначыў: «Жанчыны –наша апора і падмурак сям’і і дзяржавы. Дзякуючы вам дынамічна развіваюцца ўсе галіны эканомікі Прыдняпроўскага краю. Вы дбаеце пра хлеб, лечыце, вучыце, абараняеце грамадскі парадак... Кожная з вас –яскравы прыклад служэння свайму абавязку, народу і дзяржаве. Вы захоўваеце мір і галасуеце за будучыню нашай краіны. І за гэта вам вялікі дзякуй».

Палітыка беларускай дзяржавы была і будзе накіраваная на ўмацаванне інстытута мацярынства і дзяцінства, падкрэсліў старшыня аблвыканкама. Цяпер у краіне выплачваецца 11 дапамог, накіраваных на дапамогу шматдзетным сем’ям. Толькі ў Магілёўскай вобласці пражывае 11 300 такіх сем’яў, 1 249 жыхарак рэгіёна ўзнагароджана ордэнам Маці, а рознымі дапамогамі забяспечана 45 тыс.дзяцей. І гэта прыемная тэндэнцыя.

Кіраўнік Прыдняпроўскага краю цёпла павіншаваў удзельніц урачыстасці з надыходзячым святам, пажадаўшы вечнай вясны ў сэрцах, і ўручыў ордэн Маці сямі жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі пяцярых і больш дзяцей. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі: хатняя гаспадыня Валянціна Стукан з Быхаўскага раёна, намеснік дырэктара ДУА «Даброўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад–сярэдняя школа Горацкага раёна»Марына Блахіна, санітарка ДУСА «Крычаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» Браніслава Бурава, повар ДУА «Кручанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа» Наталля Трыпуціна, прыёмная маці аддзела адукацыі Магілёўскага райвыканкама Любоў Шэх, загадчык гаспадаркі ДУ «Цэнтр па фінансава-гаспадарчым забеспячэнні бюджэтных арганізацый Слаўгарадскага раёна» Анастасія Пярэдня, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе (загадчык) Барышэўскага фельчарска-акушэрскага пункта УАЗ «Чавуская цэнтральная раённая бальніца» Вольга Стручкова.

«У любой справе трэба мець плячо, на якое можна абаперціся. І ў нашай краіне гэтым плячом з’яўляецца кіраўнік дзяржавы, – адзначыла ў слове ў адказ маці пяцярых дзяцей Анастасія Пярэдня. – Дзякуючы сацыяльнай палітыцы, якая праводзіцца ў нашай краіне, павышаецца прэстыж сям’і, усё больш маладых пар імкнецца да стварэння сваёй сям’і, не баіцца за сваю будучыню і будучыню дзяцей».

Падчас урачыстасці ўдзельніцам свята ўручылі кветкі, а творчыя калектывы і выканаўцы Магілёва парадавалі жанчын выступленнем.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая