Са станоўчым зарадам
Шклоўскаму раёну пашанцавала: з яго стартаваў амбіцыйны пілотны праект па пераводзе беларускіх гарадоў на грамадскі электратранспарт. Па дарогах сталіцы і абласных цэнтраў электробусы курсіравалі і раней, але каб адразу ўвесь аўтапарк перайшоў на электраплатформу - такое ў краіне ўпершыню. Шклоўскаму філіялу аўтапарка № 5 ААТ «Магілёўаблаўтатранс» перадалі ў канцы сакавіка 15 электробусаў, з якіх 12 ужо выйшлі на маршруты. Нашы карэспандэнты ацанілі перавагі машын, якія працуюць ад разеткі, заадно даведаліся меркаванне аб транспарце будучыні ў вадзіцеляў і пасажыраў.
СКАЗАНА
- Электратранспарту быць! Пачынаючы ад легкавога аўтамабіля да аўтобусаў ды іншага. Я гэтаму надаю вялікую ўвагу. Даўно пачалі мы гэтым займацца і не пралічыліся. (Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Нацыянальнага аэрапорта Мінск і Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі № 407, 11 жніўня 2023 года.)
Суцэльныя плюсы
Уладкаваўшыся на зручных сядзеннях, адпраўляемся па маршруце «Аграсэрвіс — Рыжкавічы». На канчатковай электробус пусты, але кандуктарка Валянціна Падчазерцава запэўнівае: «Наперадзе 16 прыпынкаў, пасажыры будуць». Кандуктарам яна ўжо пяць гадоў, транспартную навінку характарызуе ёміста: Супер!
- Гэта прынцыпова новы від грамадскага транспарту: больш камфартабельны, бясшумны, - канстатуе першы пасажыр Дзмітрый Палітыка.
17‑гадовы Ягор Шаўцоў і 22‑гадовы Мацвей Марціноўскі перавагу бачаць у тым, што электробус забяспечаны USB‑раздымамі: «Пакуль едзеш — можаш падзарадзіць гаджэт. Часу хопіць: працягласць маршруту — 12 кіламетраў у адзін бок».
Для маладой мамы Святланы Чаранковай важна, што ў цуда-тэхніцы зручна з дзіцячым вазком:
- У аўтобусе ў гадзіну пік яе даводзілася складаць, а тут для яе спецыяльнае месца. Функцыянальнасць ацанілі не толькі мы з дачушкай Полей, але і іншыя маладыя бацькі з мікрараёна.
Электробус умяшчае 67 пасажыраў (31 пасадачнае месца). Дзверы забяспечаны функцыяй адраснага адкрыцця – «цёплай» кнопкай. Націскаеш у прыпынку па патрабаванні - адчыняюцца не ўсе дзверы, а толькі патрэбная табе. Добрая задумка: узімку салон будзе менш выстуджвацца, улетку награвацца.
Прыстасаваны зялёны і для перавозкі маламабільных пасажыраў: нізкападлогавы, абсталяваны механічнай апарэллю, месцам для інвалідаў-калясачнікаў.
Сацработнік Алеся Упская кажа, гэта аблегчыць жыццё яе падапечнаму:
- У мяне ёсць на абслугоўванні калясачнік. Калі яму трэба было да лекара, выклікалі таксі. Цяпер зможам перамяшчацца на грамадскім транспарце. Эканомія адчувальная: таксі да бальніцы каштуе 8 рублёў, білет у электробусе - 80 капеек.
Не праца, а свята
Для таго каб з МАЗа перасесці на электробус, вадзіцель Шклоўскага філіяла аўтапарка №5 ААТ «Магілёўаблаўтатранс» Андрэй Волкаў прайшоў спецыяльныя курсы ў Мінску:
- Кіроўчае сядзенне электробуса эрганамічнае, руль наладжваецца па вуглу нахілу, вылету. На ім – усе патрэбныя кнопкі, ёсць маршрутапаказальнік, падагрэў шкла, чатыры відэакамеры, якія дазваляюць кантраляваць сітуацыю ў салоне і на дарозе. За кошт таго, што акумулятары, ад якіх электробус атрымлівае энергію, стаяць на даху і карме, салон прасторней, чым у традыцыйным аўтобусе.
Калега Волкава Андрэй Ліпскі лічыць пераход на электробусы вялікім поспехам. Чалавеку, за плячыма якога 20 гадоў безаварыйнага стажу, ёсць з чым параўноўваць:
- У майго старэнькага аўтобуса была механічная каробка перадач, за дзень так намахаешся - рука стоміцца. Да таго ж калі тэхніцы 16 гадоў, яна рыпіць, свішча, на кузаве «жукі». На гэтым езжу і рэлаксую: ход плаўны, ніякіх выхлапных газаў. Гонар бярэ, што мы ў гэтым сэнсе першаадкрывальнікі.
Электробусы (імі Шклоў забяспечыў «Белкамунмаш») будуць курсіраваць па трох гарадскіх і 19 прыгарадных маршрутах. Дакладней, на лініі іх выйдзе 11, астатнія застануцца ў рэзерве.
Час палепшыць дарогі
Пад прынцыпова новы транспарт у Шклове мадэрнізавана дзеючая трансфарматарная падстанцыя, пракладзены новыя кабельныя лініі электраперадачы, устаноўлена восем электразарадных станцый, дзе адначасова зможа абслугоўвацца 14 электробусаў. Неабходны час для поўнага зарада батарэі - 3 - 6 гадзін. Такога падсілкоўвання хапае на 200 кіламетраў прабегу, удакладняе дырэктар Шклоўскага філіяла аўтапарка № 5 ААТ «Магілёўаблаўтатранс» Павел Цімошчанка:
- Для Беларусі электробусы - навацыя. Будзем абкатваць, глядзець, як яны сябе павядуць у розную пару года. Гэтая тэхніка патрабавальная да якасці дарог: непрымальныя ямы глыбінёй 15 сантыметраў, высокае снежнае пакрыццё. Выпрабавалі яе на прыгарадным маршруце з гравійкай: за 30 кіламетраў шляху батарэя разрадзілася на 60 працэнтаў. Для параўнання: за 220 кіламетраў, што электробус ішоў па трасе з Мінска да Шклова, - толькі напалову!
Пакуль праблемныя ўчасткі дарог прыводзяць у парадак, маршруты, па якіх яны праходзяць, будуць абслугоўваць дызельныя аўтобусы. Электробусы пусцілі на тры гарадскія маршруты, прыгарадны «Шклоў — Рагозна», яшчэ два электробусы штодзень робяць шэсць рэйсаў у Магілёў.
- Што яны прыжывуцца на нашых дарогах, сумневаў няма, - упэўнены Павел Цімошчанка. - Наша задача - беражліва эксплуатаваць шчодры падарунак. Плануем узяць у штат высокакваліфікаванага электрыка, які ўмее чытаць электрычныя схемы, абслугоўваць электрарухавік. І чалавека, які зімой будзе пераганяць у гараж тэхніку, што падсілкавалася на запраўцы. Штомесяц будзем падаваць справаздачы заводу-вытворцу: як выявілі сябе электробусы ў восеньскае бездарожжа, зімовую галалёдзіцу.
КАМЕНТАР
Генеральны дырэктар BKM HOLDING («Белкамунмаш») Тарас Мурог:
- Горад ацэньваюць па прыгажосці будынкаў, чысціні вуліц і стану грамадскага транспарту. Пілотны праект - гэта эканоміка, экалогія і імідж. Кошт шклоўскага - 23 мільёны беларускіх рублёў. Да 2027-2030 гадоў электробусы па сабекошце будуць супастаўныя з аўтобусамі, якія працуюць на традыцыйным паліве. Бо попыт на іх расце: у 2022-м мы выпусцілі 10 электробусаў, у 2023 годзе - 34, а ў цяперашнім атрымалі заказ на 89.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 11:57
Мастер-классы и спортивный драйв: Белыничи станут площадкой молодежного регионального проекта
21.04.2025 - 10:54
Абноўленая плошча Перамогі ў Бабруйску. Рэканструкцыя да 80-годдзя Вялікай Перамогі
21.04.2025 - 10:06
Сяўба лёну на Магілёўшчыне: як аграрыі Шклоўскага раёна б'юць рэкорды па пасяўных плошчах
18.04.2025 - 10:31
16.04.2025 - 09:19
Рашэнне кватэрнага пытання - будаўніцтва арэнднага жылля. Адмысловая ўвага шматдзетным сем'ям
10.04.2025 - 14:48
Сучасны басейн для дзяцей і дарослых з'явіцца ў Слаўгарадзе ў 2025 годзе