RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант правяла сустрэчы з калектывам будаўнікоў ПМК-266 і актывам Круглянскага раёна

У панядзелак Круглае наведала прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант. Тут яна правяла дзве сустрэчы: з калектывам будаўнікоў ПМК-266 непасрэдна на прадпрыемстве і з актывам раёна ў будынку РДК. Пасада прэс-сакратара Прэзідэнта наводзіла на думку, што гаворка пойдзе пра нейкую агітацыю. Смею заўважыць, што аб маючых адбыцца выбарах якраз гаварылася менш за ўсё. Бо кожны грамадзянін, зайшоўшы ў кабінку для выбаршчыка 9 жніўня, усё роўна застанецца сам-насам і мае права паступіць так, як яму здаецца правільным.

Пра гэта Наталля Мікалаеўна сама ж і папярэдзіла: прыехала не агітаваць, а рэальна пагаварыць пра надзённае. Прэзідэнт ведае аб сітуацыі – як няпростай сітуацыі ў ПМК, так і ў раёне ў цэлым, таму сюды яе камандзіраваў.

Падчас правядзення двух знакавых культурных мерапрыемстваў – «Александрыя збірае сяброў» і «Славянскі базар у Віцебску» – кіраўнік дзяржавы асабіста арганізуе шэраг сустрэч у рэгіёнах гэтых дзвюх абласцей. Раз’язджаюцца і яго памочнікі.

Наталля Эйсмант, выслухаўшы выступленні ў ПМК дырэктара Віталя Шумейкі, а ў РДК старшыні райвыканкама Сцяпана Палоннікава, пацвердзіла, што і ў горадаўтваральнай арганізацыі, і ў Круглянскім раёне ў цэлым за апошні час з’явіўся шэраг станоўчых зрухаў. Хоць новым кіраўнікам даецца гэта няпроста. Нявырашаных пытанняў пакуль у лішку. І галоўныя праблемы для рэгіёна дзве: складаная дэмаграфічная сітуацыя і адток працоўнай сілы, у асноўным людзей маладых.

Патрэбня дадатковыя працоўныя месцы, патрэбны новыя інвестыцыйныя праекты, якія былі б больш прывабныя для людзей. Гэта заключэнне зрабілі ў Адміністрацыі Прэзідэнта.

Пра заробкі. Прыемна заўважыць, што яны на Кругляншчыне растуць. Але патрабаванне Прэзідэнта застаецца нязменным: выйсці да канца года на паказчык у 1000 рублёў. А для гэтага трэба добра папрацаваць у кожным калектыве: усім разам!

Наталля Мікалаеўна вельмі пераканаўча парыравала прапанову будаўнікоў аб тым, каб адкрыць для іх арганізацыі свабодны спецрахунак у банку. Зрабіць гэта, на іх думку, трэба, каб павысіць прывабнасць з боку заказчыкаў на пэўныя віды маштабных будаўнічых работ. Пасля вядомых падзей ПМК аказалася ў «даўгах, як у шаўках». І сур’ёзны заказчык нібыта пакуль цураецца звязвацца з круглянскімі (ды і не толькі) будаўнікамі доўгатэрміновымі замовамі.

Адказ прэс-сакратара быў больш чым канкрэтны: а вы знайдзіце спачатку такога сур’ёзнага патэнцыйнага заказчыка, а мы вам дапаможам яго ўгаварыць. А прапанову аб спецрахунку і іншыя узнятыя пытанні яна абавязкова давядзе да ведама высокапастаўленых службовых асоб, у тым ліку, па магчымасці, і да Прэзідэнта.

Як было агучана, многія праблемы ў Магілёўскім рэгіёне актыўна і дзейсна вырашае сёння і старшыня аблвыканкама Леанід Заяц, які карыстаецца ў Прыдняпроўскім краі, як усе пераканаліся, велізарным аўтарытэтам. З ім таксама будзе аб чым пагаварыць.

Што да сітуацыі ў цэлым па краіне, то яна не простая. Як не раз ужо канстатаваў сам Прэзідэнт, такога ціску, як цяпер, Беларусь не адчувала ніколі раней за час незалежнага развіцця. У адзін вузел сплялося вельмі многае. Прэзідэнт асабіста і не раз агучвае пяць пандэмій: вуглевадародная, медыцынская, эканамічная, інфармацыйная і палітычная.

Тэма гэта шырока агучваецца ў сродках масавай інфармацыі. І не патрабуе дадатковага каментарыя. Хоць выступленне прэс-сакратара Наталлі Эйсмант было вельмі цікавым, змястоўным і шмат у чым пераканаўчым, галоўны пасыл – нам трэба выстаяць, захаваць тое добрае, што маем. Сёння, калі ў некаторых дзяржавах бушуе пандэмія, калі надзвычай абвастрыліся адносіны паміж асобнымі краінамі, мы тым больш павінны не ламаць, а будаваць. Безумоўна, пэўныя рэформы патрэбныя. І няма ніякай неабходнасці нават паспрабаваць разваліць тое, што па цаглінцы збіралі ўсе разам. Але рэформы павінны грунтавацца на ўдасканаленні наяўнага патэнцыялу. Жыццё людзей нельга пагоршыць. Рэформы павінны быць справядлівыя ў адносінах да іх і да працоўных калектываў.

Клопат аб людзях – не проста словы. Мы – дзяржава з сацыяльна арыентаванай эканомікай. Вось тая ж пандэмія, якая многіх прымушае яшчэ раз задумацца. Да прыкладу, у Беларусі сваіх людзей мы лячылі бясплатна. А там, дзе ў асобных дзяржавах засталася толькі платная медыцына, дайшла яна да кожнага, хто жыве ў нястачы?

Вельмі даходліва на канкрэтных прыкладах расказала аб мерапрыемствах, якія праводзяцца ў барацьбе з Covid-19, вядомы мінскі ўрач Алена Казак. Мы не закрывалі, як іншыя, сваіх межаў. Не было і масавай ізаляцыі. А ўсё таму, што ў нас моцная медыцына і вельмі адказныя спецыялісты. Больш за тое, толькі ў Беларусі захавалася большасць інфекцыйных устаноў, якія былі створаны яшчэ ў савецкі час. Правільны шлях, па якім пайшла Беларусь, нават супрацьпаставіўшы сябе па пазіцыі іншым дзяржавам, быў загадзя шмат у чым пралічаны. Але рашэнне прымалася не проста.

Падзяку Міністэрству аховы здароўя за дзейсную і аператыўную кансультатыўную дапамогу выказала на сустрэчы і выанальнік абавязкаў галоўнага ўрача райбальніцы Святлана Іванова.

Аляксандр Паўлаў, krugloe.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая