RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прэзідыум Савета Рэспублікі падвёў вынікі адзінага дня прыёму на Магілёўшчыне

«Мы павінны ўсе разумець меру сваёй адказнасці за працу з людзьмі»

Адзіны дзень прыёму на Магілёўшчыне паказаў эфектыўнасць сацыяльных намаганняў дзяржавы і новыя кірункі для працы заканадаўцаў.

Праца з насельніцтвам – адзін з галоўных напрамкаў у дзейнасці Савета Рэспублікі як палаты тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Менавіта Савет Рэспублікі сёмага склікання па ініцыятыве яго старшыні Наталлі Качанавай увёў у практыку правядзенне адзінага дня прыёму грамадзян у тым ці іншым рэгіёне. Чарговы такі дзень прыёму адбыўся ў сераду: члены верхняй палаты Парламента наведалі ўсе без выключэння раёны Магілёўскай вобласці, сустрэліся з жыхарамі, каб па магчымасці аказаць ім садзейнічанне ў вырашэнні надзённых пытанняў. Учора вынікі мерапрыемства і працы са зваротамі грамадзян сенатары падвялі ў Бялынічах.

Галоўныя высновы

У Бялынічах прайшло пашыранае выязное пасяджэнне Прэзідыуму Савета Рэспублікі. Пасля падобных прыёмаў аналізуюцца балявыя кропкі, якія выяўляюцца дзякуючы зваротам. У Магілёўскай вобласці, на думку Наталлі Качанавай, такія таксама ёсць:

– Я адзначыла некалькі пытанняў, якія сапраўды становяцца надзённымі. У першую чаргу гэта транспартнае забеспячэнне нашых раёнаў, асабліва ў развіццё стратэгічнай задачы па будаўніцтве моцных рэгіёнаў. Акрамя таго што павінны быць створаны прадпрыемствы і працоўныя месцы, важнае і транспартнае забеспячэнне.

Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі, гаворка ідзе не аб будаўніцтве новых аўтамабільных трас або чыгуначных пуцей, а аб правільна выбудаваным графіку руху транспарту. І не варта скарачаць пэўныя маршруты, гэта толькі выкліча незадаволенасць людзей.

Яшчэ адно пытанне – садоўніцкія таварыствы. Калісьці гэтыя ўчасткі вылучаліся пад дачы. Аднак сёння моладзь не імкнецца займацца агародніцтвам. Таму ў нас поўна пустых дачных участкаў, якія становяцца праблемай для старшыняў СТ, мясцовых органаў улады.

Наталля Іванаўна адзначыла:

– Гэтыя два пытанні сёння актуальныя. Дарэчы, мы не толькі слухаем людзей па іх пытаннях, і мы ў іх пытаемся: як складваецца сітуацыя, як вам жывецца, якія ёсць праблемы? У Магілёўскай вобласці я не пачула, каб людзям не хапала нейкіх прадуктаў харчавання або што ёсць пытанні па цэнах. Я задаволена тым, што пачула ад жыхароў Магілёўшчыны.

Усё для эфектыўнай працы з людзьмі

На думку спікера Савета Рэспублікі, такія паездкі ў рэгіёны дазваляюць ацаніць працу мясцовых органаў улады ў разрэзе стратэгічных задач развіцця дзяржавы. Падобныя маштабныя мерапрыемствы ўжо прайшлі ва ўсіх рэгіёнах, Магілёўская вобласць стала завяршальнай.

– Усё, што зроблена за апошнія гады па добраўпарадкаванні, будаўніцтве сацыяльных аб’ектаў, радуе. Бачым, наколькі прыгожая наша краіна. Гэта не высакапарныя словы, яны ідуць ад сэрца. І горка, калі адна фраза службовай асобы перакрэслівае ўсю працу, якая праводзіцца многімі: кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый, мясцовых органаў улады, дэпутатамі.

Да працы са зваротамі грамадзян Наталля Качанава заклікала ставіцца вельмі адказна:

– На жаль, часам бачыш абыякавасць да тых пытанняў, якія ёсць у людзей. І гэта не таму, што не хапае сродкаў або няма магчымасці вырашыць тое ці іншае пытанне. Часам гэта проста абыякавыя адносіны да таго, з чым да цябе прыходзіць чалавек.

А ў нас ёсць усё для таго, каб сёння эфектыўна працаваць з нашымі людзьмі на любым узроўні: няхай гэта будзе рэспубліканскі орган кіравання, мясцовыя органы ўлады, дэпутацкі корпус. Мы дакладна ведаем і разумеем, як трэба займацца гэтай працай на месцах.

Увага – усім, адказнасць – кожнага

Тое, што рэспубліканскія і мясцовыя ўлады павінны разумець меру сваёй адказнасці за працу з людзьмі, старшыня Савета Рэспублікі падкрэслівала і ў сераду на прыёме грамадзян у Асіповіцкім райвыканкаме. Гаворачы пра спецыфіку гэтага мерапрыемства і яго адрозненні ад папярэдніх, Наталля Качанава заўважыла:

– Вядома, прыём ад прыёму чымсьці адрозніваецца. Але, у прынцыпе, людзі прыходзяць з тымі пытаннямі, якія іх хвалююць, па якіх не знайшлі падтрымкі і разумення, звяртаючыся ў іншыя інстанцыі. Сёння гэта асабліва відавочна.

Напрыклад, пытанне аб рамонце дарожнага пакрыцця ў Оршы цалкам можна было б вырашыць на месцы, але людзі кажуць, што трапіць на прыём да старшыні мясцовага выканкама зусім не проста, а пры звароце ў іншыя інстанцыі яны атрымалі адказы, якія інакш як цяганінай не назавеш. «Мы плануем разгледзець данае пытанне ў 2025–2030 гадах», – аб чым гэта гаворыць? Гэта недапушчальна!

Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на яшчэ адзін паказальны факт:

– Варта толькі абвясціць прыём па асабістых пытаннях, многія з іх вырашаюцца імгненна. Дык чаму гэтыя пытанні не вырашаюць мясцовыя ўлады тады, калі да іх звяртаюцца людзі? Падобнага таксама дапускаць нельга. Менавіта на гэта заўсёды накіроўвае Прэзідэнт нашай краіны, калі кажа аб рабоце са зваротамі грамадзян. І мы павінны ўсе разумець меру сваёй адказнасці за працу з людзьмі – гэта самае важнае ў нашай дзейнасці.

ПРОСТАЯ МОВА

Наталля Качанава, Старшыня Савета Рэспублікі:

– Прэзідэнт выразна паставіў задачу: нягледзячы на беспрэцэдэнтны эканамічны ціск на нашу краіну, санкцыі людзі на сабе адчуць не павінны. Прыёмы паказалі, што сёння ніхто не гаворыць аб сур’ёзных эканамічных праблемах, якія часам гучалі раней. Я вельмі рада гэтаму. Значыць, меры, якія прымаюцца на ўзроўні Прэзідэнта, эканамічным нашым штабам, эфектыўныя.

ДАВЕДАЧНА

У першым квартале 2022 года кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама правяло 12 прамых тэлефонных ліній, на якія паступіла 268 зваротаў. У цэлым жа ў рэгіёне за гэты перыяд прайшло больш за 760 прыёмаў грамадзян.

Год гістарычнай памяці

У чацвер пасля выязнога пасяджэння Наталля Качанава наведала Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Затым парламентарыі ўдзельнічалі ў цырымоніі ўскладання кветак да алеі Герояў у райцэнтры. Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла:

– З году ў год ветэранаў становіцца ўсё менш, але мы шчаслівыя таму, што яшчэ ёсць сведкі тых падзей. Гэта наш святы абавязак – перадаваць гэту памяць з пакалення ў пакаленне. Гэта наш абавязак. У гэтыя светлыя дні, калі праваслаўныя адзначылі Вялікдзень, хочацца, каб людзі разумелі каштоўнасць спакою і шанавалі, што жывём пад мірным небам.

СБ

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая