RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прышчэпку ад грыпу зрабіла ўжо больш за 41 тыс. жыхароў Магілёўскай вобласці

З сярэдзіны верасня ў Магілёўскай вобласці, як і ў цэлым па краіне, стартавала кампанія супрацьгрыпознай імунізацыі. Прышчэпку зрабіла ўжо больш за 41 тыс. жыхароў рэгіёна, паведаміла галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Магілёўскай вобласці Святлана Нячай.

“Радуе, што насельніцтва разумее ўсю важнасць вакцынацыі, усведамляе, што гэта адзін з рэальных метадаў прафілактыкі, які дапаможа справіцца з хваляй рэспіраторных інфекцый”, – адзначыла яна.

Святлана Нячай падкрэсліла: у 2020 годзе свет сутыкнуўся з новым каранавірусам, распаўсюджванне якога прыняло пандэмічны характар. Складанасць у барацьбе з пандэміяй абумоўлена ў ліку іншага тым, што няма сродкаў спецыфічнай прафілактыкі. Аднак у дачыненні да грыпу ў нашай краіне рэалізуецца эфектыўная стратэгія штогадовай імунізацыі.

«Шматлікія незалежныя даследаванні і аналізы міжнароднага ўзроўню дэманструюць безумоўную карысць вакцынацыі супраць грыпу, як індывідуальную, так і грамадскую, – канстатавала Святлана Нячай. – Імунізацыя нашмат таннейшая за лячэнне, прадухіляе велізарную нагрузку на медыцынскія ўстановы пры ўздыме захворвання, што набывае ў цяперашніх умовах асаблівае значэнне».

Спецыяльная камісія Сусветнай арганізацыі аховы здароўя замяніла адразу тры кампаненты ў складзе вакцын, рэкамендаваных для падрыхтоўкі да сезону захворвання 2020/2021, –адзначыла галоўны дзяржаўны санітарны ўрач рэгіёна. Усе вакцыныімпартныя. «Грыпол Плюс» – расійскай вытворчасці, «Ваксігрып Тэтра»– французскага, а «Інфлювак» выпушчаны ў Нідэрландах. Яны зарэгістраваныя Міністэрствам аховы здароўя Беларусі, прымяняюцца не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.

«Перад сістэмай аховы здароўя, выканаўчымі, распарадчымі органамі і насельніцтвам у цэлым стаіць адказная задача – не дапусціць пагаршэння сітуацыі і адначасовага эпідэмічнага распаўсюджвання грыпу і COVID-19, паколькі абодва вірусы здольныя выклікаць пагражальныя жыццю ўскладненні, – канстатавала Святлана Нячай. – Новы каранавірус і вірус грыпу маюць падобныя органы-мішэні, якія паражаюць. Акрамя таго, паводле нашых уласных назіранняў, у не прышчэпленых супраць грыпу людзей у 5–6 разоў узрастае рызыка ускладненняў для сардэчна-сасудзістай сістэмы, у тым ліку верагоднасць інсультаў і інфарктаў».

Сёлета вакцынаваць плануецца не менш за 40% насельніцтва Магілёўскай вобласці (гэта каля 416 тыс. чалавек). У тым ліку за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту – 13%, мясцовых бюджэтаў, сродкаў прадпрыемстваў, арганізацый і асабістых сродкаў грамадзян – 27%. Прышчэпку павінна атрымаць 75% людзей з груп рызыкі, гэта значыць найбольш уразлівых і эпідэміялагічна значных. Таксама вакцынацыя неабходная работнікам адукацыі, гандлю, грамадскага харчавання, транспарту.

Сёння да кампаніі супрацьгрыпознай імунізацыі далучыліся старшыні райвыканкамаў Магілёўскай вобласці, кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама. У іх ліку –начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Аляксандр Старавойтаў, які лічыць вакцынацыю найважнейшым этапам прафілактыкі.

«Адна з ключавых задач імунізацыі –забяспечыць сацыяльна-эканамічную бяспеку, стабільную працу прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, – падкрэсліў ён. – Чалавек, а ў горшым выпадку калектыў, хворы на грып або ВРІ, вымушаны прапускаць працу па хваробы мінімум пяць дзён. А пры ўскладненнях – да месяца. Аплата бальнічных, недаатрыманы прыбытак праз адсутнасць спецыяліста, зніжэнне эфектыўнасці працы праз павышаную нагрузку на здаровы персанал –усё гэта цягне неспрыяльныя наступствы як для прадпрыемства, так і для работніка ў прыватнасці».

Аналізуючы эфектыўнасць леташняй вакцынацыі ў вобласці, Аляксандр Старавойтаў адзначыў: захворванне на ВРІ і грып сярод прышчэпленых дзяцей, якія наведваюць школы і дзіцячыя сады, было ў 4,5 разы ніжэйшым, чым сярод не прышчэпленых. У той жа час у працоўных калектывах захворванне сярод прышчэпленых дарослых было ў 6,5 разы меншым, чым сярод іх непрышчэпленых калегаў. Імунізацыя дазволіла папярэдзіць каля 260 тыс. выпадкаў грыпу і ВРВІ, у тым ліку 31,5% выпадкаў сярод працоўнага насельніцтва. Эканамічны эфект супрацьгрыпозных вакцын больш чым у 65 разоў перавышаў выдаткі на вакцынацыю. «Усё гэта паказвае на безумоўную актуальнасць імунізацыі працоўных калектываў і адказнасць кіраўнікоў за здароўе працоўных», – сказаў на заканчэнне начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая