RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прыярытэтам працы Магілёва ў 2019 годзе стане павышэнне эканамічнай эфектыўнасці прадпрыемстваў

Прыярытэтам працы Магілёва ў 2019 годзе стане павышэнне эканамічнай эфектыўнасці прадпрыемстваў. Такую задачу паставіў на пасяджэнні гарвыканкама яго старшыня Уладзімір Цумараў.

«Мінулы год для абласнога цэнтра быў надзвычай напружаным, у тым ліку праз правядзенне і падрыхтоўку цэлага шэрагу грамадска-палітычных мерапрыемстваў, – адзначыў Уладзімір Цумараў. – Па шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын гораду не ўдалося выканаць усе асноўныя прагнозныя паказчыкі. Выкананы толькі запланаваныя параметры росту рознічнага тавараабароту і будаўніча-мантажных работ. Не дасягнуты жаданыя вынікі па прыцягненні прамых замежных інвестыцый, экспарце, стварэнні новых рабочых месцаў, не выкананы паказчык індэкса фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці».

Паводле слоў старшыні гарвыканкама, пачатак мінулага года быў вельмі складаным, выправіць сітуацыю і дасягнуць пэўнай дынамікі развіцця ўдалося толькі ў чацвёртым квартале. «Нам удалося гэтага дамагчыся, нягледзячы на тое, што такія найбуйнейшыя прадпрыемствы, як «Магілёўхімвалакно» і холдынг «Бабушкина крынка» у 2018 годзе не выйшлі па аб’ёмах вытворчасці нават на ўзровень 2017-га, – падкрэсліў Уладзімір Цумараў. – Нам нельга ўпусціць станоўчую дынаміку росту і ў бягучым годзе. Трэба выкарыстоўваць усе наяўныя рэзервы для таго, каб забяспечыць выкананне ўсіх без выключэння колькасных і якасных паказчыкаў развіцця, зрабіўшы акцэнт на павышэнні эканамічнай эфектыўнасці працы».

Кіраўнік горада запатрабаваў да мінімуму скараціць колькасць стратных прадпрыемстваў, узяць на штомесячны кантроль аналіз дынамікі працы і развіцця ўсіх горадаўтваральных прадпрыемстваў. «Мы не павінны дапусціць, як у мінулым годзе, страту для бюджэту больш за Вг60 млн толькі па прычыне стратнай працы 41 суб’екта гаспадарання, – сказаў Уладзімір Цумараў. – Трэба распрацаваць сістэмныя меры для выхаду прадпрыемстваў на прыбытковую працу, павышэнне рэнтабельнасці і канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі. Толькі так мы зможам забяспечыць даходную частку бюджэту і выконваць свае абавязацельствы па развіцці сацыяльнай інфраструктуры ў горадзе, павышэнні ўзроўню жыцця і росту дабрабыту грамадзян».

Старшыня гарвыканкама звярнуў увагу на неабходнасць актывізацыі работы па прыцягненні інвестыцый і стварэнні ў абласным цэнтры новых працоўных месцаў. «Мы таксама павінны забяспечыць людзям годны ўзровень заработнай платы. У мінулым годзе нам удалося па сярэдняй зарплаце пераадолець тысячную мяжу – у снежні яна склала Вг1041. У бягучым годзе мы павінны дамагчыся яе росту як мінімум на 10%», – паставіў задачу ён.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая