Рус Бел Eng 中文

Прыярытэты на 2021 год: раўнамернае развіццё рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, рост інвестыцыйных патокаў, рэнтабельнасці прадпрыемстваў і экспарту

У вельмі складаных умовах 2020 года ўсе намаганні органаў дзяржкіравання Магілёўскай вобласці былі сканцэнтраваны на падтрыманні эканомікі рэгіёна. Пры гэтым трэба адзначыць галоўнае: удалося вырашыць найважнейшую задачу – захаваць бесперабойную працу прадпрыемстваў і не дапусціць масавага вызвалення работнікаў. На гэта звярнуў увагу намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, выступаючы сёння на пасяджэнні, дзе былі падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і разгледжана выкананне бюджэту за 2020 год.

Па словах Руслана Страхара, рост УРП паступова аднаўляўся з чэрвеня і ўжо па 9 месяцах перавысіў узровень 2019-га, а па году склаў 100,9%. Дарэчы, гэта найлепшы паказчык у краіне, які не склаўся сам сабой. Ён дасягнуты намаганнямі жыхароў Магілёўскай вобласці па ўсіх кірунках. Так, прамысловасць забяспечыла тэмп росту 103,4% (гэта таксама найлепшы паказчык у краіне). Самы высокі тэмп росту вытворчасці збожжа – у нашых аграрыяў. Акрамя таго, згодна з рашэннем калегіі Мінжылкамгаса, Магілёўская вобласць адзіная выканала ўсе паказчыкі Дзяржаўнай праграмы. Дыплом першай ступені ўручаны нашай вобласці і калегіяй Міністэрства аховы здароўя.

Вынікі 2020 года, па сутнасці, даюць ацэнку за ўвесь пяцігадовы перыяд, падкрэсліў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама. У сувязі з гэтым за лічбамі важна бачыць дынаміку развіцця асобных арганізацый і цэлых галін эканомікі, каб на іх аснове фарміраваць кіраванне, а таксама даводзіць канкрэтныя задачы да гаррайвыканкама як на 2021 год, так і на новую пяцігодку.

За 2016–2020 гады рэгіён забяспечыў выкананне пяцігадовай праграмы па экспарце тавараў. Нават, нягледзячы на аб’ектыўнае зніжэнне ў 2020 годзе, у цэлым за пяцігоддзе тэмп склаў 154,2 % (пры заданні 128%), экспарт паслуг – 146,8% (119%). За 5 гадоў у эканоміку вобласці паступіла $409 млн. прамых замежных інвестыцый (пры заданні $362 млн.). Акрамя таго, выканана заданне па стварэнні працоўных месцаў і заработнай плаце, тэмп росту якой да 2015 года склаў 174,7% (пры заданні 171%).

Вынікі працы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, ЖКГ, а таксама галін сацыяльнай сферы былі падрабязна разгледжаны на асобных нарадах з удзелам старшыні аблвыканкама, кіраўнікоў гаррайвыканкамаў, структурных падраздзяленняў аблвыканкама, а таксама кіраўнікоў шырокага кола арганізацый. Тут далі прынцыповую ацэнку рабоце кадраў на месцах, сфармулявалі канкрэтныя даручэнні, якія будуць унесены ў сённяшняе рашэнне аблвыканкама. У сувязі з гэтым Руслан Страхар не спыняўся на вытворчых паказчыках асобных галін, а сканцэнтраваў увагу на тых аспектах вынікаў 2020 года, якія будуць мець ключавое значэнне ў 2021-м.

Першае – гэта фінансавы стан арганізацый. Пэўныя станоўчыя тэндэнцыі ў гэтым кірунку намеціліся ў 2020 годзе. Памер прыбытку ад рэалізацыі па вобласці павялічыўся ў параўнанні з 2019 годам у 1,7 раза і склаў Br876,1 млн., пры гэтым усе сферы рэальнага сектара эканомікі спрацавалі з прыбыткам ад рэалізацыі. Найбольшы прырост – у будаўніцтве (у 2,7 раза), сельскай гаспадарцы (у 2 разы), прамысловасці (у 1,7 раза), гандлі (у 1,3 раза). Назіраўся рост рэнтабельнасці продажаў і рэалізаванай прадукцыі.

Разам з тым ёсць пытанні да прамысловага комплексу і транспартнага сектара. Мадэрнізацыя ў шэрагу галін прывяла да неабходнасці прыцягнення і далейшага абслугоўвання валютных крэдытаў. «Знешнія фактары ў выглядзе ваганняў курсаў валют будуць аказваць негатыўны ўплыў на канчатковы фінансавы вынік прадпрыемстваў і ў бягучым годзе, – падкрэсліў Руслан Страхар. – Задача кіраўнікоў – працягнуць працу па аптымізацыі крэдытнага партфеля і паляпшаць фінансавы стан прадпрыемстваў за кошт зніжэння выдаткаў. Таксама важна не забываць, што асноўнай мэтай працы любога прадпрыемства з’яўляецца выманне прыбытку, а не аб’ёмы вытворчасці дзеля «вала». Нізкая рэнтабельнасць, а яшчэ горш – стратнасць, прыводзяць да адсутнасці крыніц росту заработнай платы, і што немалаважна – інвестыцый у далейшае развіццё».

Акрамя таго, намеснік старшыні падкрэсліў, што пастановай Савета Міністраў «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці Рэспублікі Беларусь на 2021 год» ключавой задачай на 2021 год вызначана стварэнне стартавых умоў для выхаду на траекторыю паскоранага развіцця і разгортванне новага інвестыцыйнага цыкла ў наступнай пяцігодцы. Аблвыканкаму на гэты год паказчык «Інвестыцыі ў асноўны капітал» вызначаны ў якасці мэтавага, таму ён будзе служыць для ацэнкі эфектыўнасці працы старшыняў кожнага рэгіёна Магілёўскай вобласці.

У 2020 годзе інвестыцыі ў асноўны капітал склалі Br2 млрд. 7 млн., што ў супастаўных цэнах – 88 % да ўзроўню 2019 года. Руслан Страхар нагадаў, што інвестыцыйны працэс мае ярка выражаны цыклічны характар. Спачатку ідзе рэзкі рост інвестыцый дзякуючы буйным праектам. Але яны заканчваюцца і замяніць іх раўнацэннымі інвестыцыямі па канкрэтнай тэрыторыі бывае непасільнай задачай. Таму так важна надаць увагу раўнамернаму развіццю ўсіх рэгіёнаў і паступальнаму росту інвестыцый у цэлым па вобласці.

У сувязі з гэтым задачамі для ўсёй вертыкалі ўлады на 2021 год стануць: забеспячэнне ўводу жылля ў межах даведзенага аблвыканкамам павышанага задання – 414 тыс. кв. м, рэалізацыя інвестыцыйных і інфраструктурных праектаў. Пры гэтым, падкрэсліў Руслан Страхар, кіраўніком дзяржавы даручана прадугледзець не менш за адзін інвестыцыйны праект вытворчай накіраванасці ў кожным без выключэння раёне. Таксама ў рэспубліцы завяршаецца праца над фарміраваннем Нацыянальнага інфраструктурнага плана (такі зводны дакумент фарміруецца ўпершыню) на бягучую пяцігодку, у аснову якога закладзены дзяржаўная і абласная інвестыцыйныя праграмы. У сувязі з гэтым камітэту па архітэктуры і будаўніцтве як каардынатару па гэтым пытанні сумесна з датычнымі абласнымі службамі (ЖКГ, сацыяльная сфера, энергетыка) неабходна аператыўна ўносіць прапановы па яго карэкціроўцы на прадмет актуальнасці і рэальнай патрэбы рэгіёна ў інфраструктуры з улікам наяўнай базы і перспектыў развіцця.

Гаворачы пра знешнеэканамічную дзейнасць у 2020 годзе, Руслан Страхар адзначыў, што па вядомых прычынах яна была даволі нестабільная. Калі ў першым квартале экспарт перавысіў узровень 2019 года на 12%, то закрыццё рынкаў і лакдаўны краін-партнёраў прывялі да падзення аб’ёмаў паставак у красавіку да ўзроўню 70 % ад мінулага года. Разумеючы сітуацыю, нашы прадпрыемствы пачалі аператыўна перабудоўвацца ў пошуку новых рынкаў. У параўнанні з 2019 годам тавары, вырабленыя ў рэгіёне, дадаткова экспартаваліся на рынкі 12 краін.

Нечаканым для многіх за мяжой стаў той факт, што іх жыхары ў рэжыме па сутнасці хатняга арышту пачалі актыўна рабіць рамонты і мяняць мэблю, а на фоне прыпынкаў многіх еўрапейскіх кампаній магілёўскія арганізацыі змаглі скарыстацца сітуацыяй і значна нарасцілі аб’ёмы адгрузак.

Нягледзячы на прымаемыя меры, па выніках года экспарт тавараў (без уліку арганізацый, падначаленых рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання) склаў $1,2 млрд., або 95,3% да ўзроўню 2019 года. Хоць, калі падыходзіць аб’ектыўна, Магілёўская вобласць у цэлым за пяцігодку павялічыла экспарт тавараў больш чым у паўтара раза. Нягледзячы на складаны для знешнеэканамічнай дзейнасці год, у 2020-м пачалі экспартныя пастаўкі 120 новых арганізацый-экспарцёраў. Удалося забяспечыць галоўны якасны паказчык: сальда знешняга гандлю таварамі склала плюс $478 млн., што нават вышэй за ўзровень 2019 года на $115 млн.

У 2020 годзе вобласцю выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі ў сферы садзейнічання занятасці. Гэта з’явілася вынікам комплексу мер, якія былі накіраваны на стабілізацыю сітуацыі на рынку працы. Паступова аднаўляецца попыт на працоўную сілу. Сёння па рэгіёне заяўлена больш за 7 тыс. вакансій. У сярэднім на аднаго беспрацоўнага прыпадае больш за 5 вакансій. Усё гэта аказала станоўчы ўплыў на эканоміку вобласці.

Каментуючы задачы па развіцці вобласці, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падкрэсліў, што, згодна з рашэннямі Усебеларускага народнага сходу, галоўная мэта новай пяцігодкі – забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве і рост дабрабыту грамадзян за кошт якаснага росту эканомікі, нарошчвання сацыяльнага капіталу, стварэння камфортных умоў для жыцця, працы і самарэалізацыі, і ўвасабляць гэта ў жыццё неабходна ўжо сёння. Задача кожнага кіраўніка на месцах – забяспечыць іх дакладнае выкананне, а таксама збалансаванае развіццё кожнай арганізацыі, раёнаў і гарадоў у цэлым.

Удзельнікамі пасяджэння Магілёўскага аблвыканкама сталі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка, намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак, міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч, прадстаўнікі абласнога, гарадскіх і раённых выканкамаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Пасля пасяджэння ўсе жадаючыя змаглі азнаёміцца з выставай, дзе быў прадстаўлены прамысловы патэнцыял рэгіёна.

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая