RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прызнанне ў любові да роднай Беларусі: у Магілёве адкрылася фотавыстава Вячаслава Цыдзіка

У Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава сёння адкрылася фотавыстава Уладзіслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой». Экспазіцыя ўключае 50 работ, якія адлюстроўваюць прыгажосць беларускай прыроды, знаёмяць з унікальнымі месцамі, старадаўняй і сучаснай архітэктурай, прыгожымі душой і справамі людзьмі.

«У кожнага чалавека ёсць скрытыя таленты, і вельмі важна, што яны вырываюцца такімі яркімі фарбамі, – адзначыў падчас урачыстага адкрыцця намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. – Выстава гарманічна прапісалася ў зале нашага музея і, упэўнены, будзе радаваць дарагімі сэрцу кожнага беларуса відамі жыхароў і гасцей горада».

Фотавыстава «Бачу Беларусь такой» ужо прайшла ў многіх знакавых месцах краіны: у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальнай акадэміі навук, Прэзідэнцкай бібліятэцы, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Яна ўпрыгожвала Дні беларускага пісьменства, кніжныя выставы. З Сінявокай, дзякуючы фотаработам Уладзіслава Цыдзіка пазнаёміліся ў Дагестане, Казахстане, Польшчы.

Як расказаў Уладзіслаў Цыдзік, любоў да хараства радзімы з’явілася яшчэ ў дзяцінстве. У 5-м класе хлапчук атрымаў у падарунак ад бацькі фотаапарат «Змена». З тых часоў, куды б ні паварочвала яго прафесійная дарога, не расставаўся з камерай, стараўся захаваць прыгажосць прыроды, адчуць яе сілу. Спачатку яго незвычайнымі кадрамі любаваліся родныя і сябры. У студэнцкія гады захапляўся спортам, што дазволіла больш убачыць свет, умацоўвалася жаданне захоўваць яго ва ўсёй разнастайнасці.

«Наша Беларусь такая прыгожая: дзе ні ступі, заўсёды ўбачыш нешта асаблівае. Трэба толькі прыгледзецца, не ўпусціць момант. Звыклы пейзаж, які бачыш штодня, можа раптам зайграць зусім іншымі, яркімі фарбамі пад прамянямі сонца», – адзначыў Уладзіслаў Цыдзік.

Нарадзіўся Уладзіслаў Станіслававіч у вёсцы Быльчыцы Гродзенскага раёна. Паводле архіўных звестак, род Цыдзікаў ужо ў 1415 годзе меў два фамільныя гербы. Гэткі значны факт, па прызнанні майстра, мае для яго вялікае значэнне. Ён адчувае сваю адказнасць перад прадзедамі, імкнецца працягваць найлепшыя сямейныя традыцыі. Таму, дзе б ні жыў, ні працаваў, любімай справе аддаецца спаўна, вялікай стараннасцю дасягае пастаўленай мэты.

Пачынаў працоўны шлях галоўным аграномам сельгасарганізацыі, працаваў у раённым упраўленні сельскай гаспадаркі. Быў начальнікам упраўлення Мінсельгасхарча, старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці. Абіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, выступаў аўтарам і сааўтарам 30 кніг і брашур. У многіх справах, у тым ліку і на адказных пасадах – і ў працоўных момантах, і ў жаданні зрабіць здымкі для душы – яго суправаджаў фотаапарат.

У 2016 годзе адбыўся першы сур’ёзны творчы дэбют Уладзіслава Цыдзіка: пабачыў свет фотаальбом «Зачараваны Беларуссю». Багатая калекцыя здымкаў была аформленая паэтычнымі радкамі вершаў майстроў слова Мінскай вобласці. У якасці сувеніра з Беларусі фотаальбом быў перададзены ў Вялікабрытанію, Расію, Грузію.

Водгукі і вялікая папулярнасць выдання натхнілі на стварэнне ў 2018 годзе чарговага фотаальбома «Бачу Беларусь такой», які ў Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» заваяваў дыплом першай ступені ў намінацыі «Фотапогляд». Кніга выйшла ў выдавецкім доме «Звязда» і была надрукаваная на трох мовах: беларускай, англійскай і рускай. У ёй аўтар здымкаў Уладзіслаў Цыдзік разам з 65 беларускімі паэтамі выказвае свае шчырыя пачуцці да роднай зямлі.

З альбомамі змаглі азнаёміцца ўсе, хто прыйшоў на адкрыццё фотавыставы ў музей Масленікава. Тут жа жыхарам Магілёва прэзентавалі кнігу «Мая Радзіма», прысвечаную Году малой радзімы. Гэта спроба сучасных беларускіх аўтараў праз мастацкае слова душой прытуліцца да роднага краю. Літаратары (а іх 26) нарадзіліся ў розных кутках Беларусі: Навум Гальпяровіч – у старажытным Полацку, Алесь Карлюкевіч – на Пухавіччыне, Мікалай Маляўка – на знакамітай коласаўскай зямлі, Алесь Марціновіч – на цудоўнай Случчыне. Кожны з твораў, прадстаўленых у зборніку, стаў своеасаблівым майстэрскім узорам, вызначаным носьбітам адчування шматгалосай Радзімы – нашай любімай, роднай Беларусі. Аўтары запрашаюць прайсціся па сцяжынках Айчыны, пабываць у яе самых знакавых месцах, адчуць трапяткое дыханне, убачыць хараство. Выданне ўпрыгожана фотаздымкамі Уладзіслава Цыдзіка і Яўгена Пясецкага. Складальнікам выступае пісьменнік-публіцыст, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.

«Мы з задавальненнем ехалі ў Магілёў, – падзялілася яна ўражаннямі. – Фотавыстава і прэзентацыя выданняў – два значныя мерапрыемствы, аб’яднаныя адной нітачкай – любоўю да Беларусі. Упэўненая, што добрыя і цёплыя ўражанні, якія атрымаюць наведвальнікі фотавыставы, застануцца ў душы надоўга і натхняць на добрыя справы».

Ганаровым госцем мерапрыемстваў стаў народны артыст Беларусі Эдуард Ханок. Дзякуючы творчасці і харызме вядомага кампазітара, знаёмым песням у яго выкананні, стала зразумела, што сапраўдная музыка здольная цудоўным чынам імгненна аб’ядноўваць розныя пакаленні.  

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч 

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая