Рус Бел Eng 中文

Пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і адукацыі абмеркавалі падчас анлайн-сустрэчы прадстаўнікі Магілёўскай вобласці і правінцыі Шэньсі

Пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і адукацыі абмеркавалі сёння падчас анлайн-сустрэчы прадстаўнікі Магілёўскай вобласці і кітайскай правінцыі Шэньсі. Дыялог адбыўся на пляцоўцы Магілёўскага агенцтва рэгіянальнага развіцця, перадае карэспандэнт сайта.

«Існуючыя ўмовы, у якіх мы працуем, накладваюць абмежаванні па магчымасці жывых кантактаў і прыезду нашых партнёраў з Кітая, але сучасныя камунікацыйныя сувязі дазваляюць атрымаць пэўную выгаду: праводзім планавую працу ў анлайн фарматах», – адзначыў у гутарцы з журналістамі намеснік старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Павел Марыненка.

Прыдняпроўскі край выбудоўвае супрацоўніцтва з 5 партнёрамі з Кітая – правінцыямі Цзянсу, Хэнань, Хунань, Шэньсі і горадам Цяньцзінь. «Мы актыўна ўзаемадзейнічаем у сферы эканомікі, адукацыі і культуры. За апошнія пяць гадоў тавараабарот Магілёўскай вобласці з рэгіёнамі КНР павялічыўся ў 10 разоў, – падкрэсліў ён. – Асноўныя таварныя пазіцыі, якія пастаўляем на рынак Паднябеснай, – малако і малочныя прадукты, ялавічына, мэбля і вырабы з драўніны. Наменклатура пашыраецца, і мы разумеем, што сёння Беларусь і Магілёўская вобласць вельмі цікавыя кітайскім партнёрам з пункту гледжання геаграфічнага становішча і магчымых лагістычных схем паставак у Расійскую Фрэдацыю ў Еўрапейскі Саюз. 

Сённяшняя сустрэча з партнёрамі з далёкай краіны – чацвёртая, якая праводзіцца на адлегласці. Прычым Шэньсі – рэгіён, з якім наша вобласць стала наладжваць ўзаемаадносіны нядаўна. У лістападзе 2018 года афіцыйная дэлегацыя Магілёўшчыны знаходзілася з дзелавым візітам у Кітаі. Прадстаўнікі нашай вобласці прынялі ўдзел у мерапрыемствах 25-ай ЭКСПА высокіх дасягненняў у сельскай гаспадарцы, якая праходзіла ў горадзе Янлін. Адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам гэтага рэгіёна, быў падпісаны пратакол аб намерах па развіцці пабрацімскіх адносін паміж Магілёўскім аблвыканкамам і Народным Урадам правінцыі Шэньсі. А ў красавіку 2019 года камітэт эканомікі Магілёўскага аблвыканкама і Дэпартамент камерцыі кітайскай правінцыі Шэньсі зацвердзілі пагадненне аб намерах па садзейнічанні эканамічнаму развіццю і дружалюбнаму супрацоўніцтву тэрмінам на два гады. 

У анлайн-сустрэчы было заяўлена больш за 30 удзельнікаў ад беларускіх і кітайскіх арганізацый і прадпрыемстваў. У прыватнасці, ад Магілёўскай вобласці на перамовах прысутнічалі прадстаўнікі СЭЗ «Магілёў», ААТ «Чырвоны харчавік», «Бабруйскі мясакамбінат», СТАА «Аазіс Груп», ААТ «Бабушкина крынка», «Магілёўская фабрыка марожанага», СЗАТ «Сервалюкс», УА «Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія». 

Мэта дыялогу – забяспечыць кантакт паміж нашымі арганізацыямі, падзяліцца вопытам, прапановамі, адзначыў Павел Марыненка. Пазітыўным з’яўляецца момант ужо наладжанага партнёрства паміж БДСГА і Паўночна-заходнім універсітэтам сельскай і лясной гаспадаркі. Ужо ёсць пэўныя напрацоўкі па апрабацыі кітайскіх гатункаў пшаніцы і іншых збожжавых.

«Правінцыя Шэнсі цікавая нам таму, што мае ўдалае геаграфічнае становішча, багатую гісторыю, дзякуючы чаму ўтварыліся ўстойлівыя культурныя, эканамічныя і гандлёвыя сувязі з усімі рэгіёнамі Паднябеснай», – пракаментаваў Павел Марыненка.

Шэньсі знаходзіцца ў цэнтры Кітая. Яе плошча – больш за 205 тыс. км2. Тут пражывае больш за 38 млн. чалавек, расказала падчас сустрэчы член камітэта Камуністычнай Партыі Кітая правінцыі Шэньсі Яо Хунцзюань. З’яўляючыся адной з найважнейшых прамысловых баз Паднябеснай, лічыцца духоўнай калыскай кітайскай культуры і гісторыі, а таксама пачаткам Вялікага Шаўковага шляху. Вядомая сваімі дзіўнымі прыгажосцямі прыроды. Адміністрацыйны цэнтр і найбуйнейшы горад – Сіянь.

«З моманту падпісання Пратакола аб намерах па развіцці пабрацімскіх адносін адкрыта новая глава дружбы і супрацоўніцтва правінцыі і Магілёўскай вобласці, падкрэсліла Яо Хунцзюань. – У пачатку гэтага года пасля ўспышкі COVID-19 беларускі рэгіён адразу накіраваў ліст з выражэннем клопату, а наша правінцыя пасля перадала медыцынскія матэрыялы. У сённяшняй сітуацыі мы знаходзімся ў адной лодцы і плённа дапамагаем адзін аднаму».

Вольга Емельянава, фота аўтара

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая