RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пытанні міжрэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва, сінхранізацыі развіцця энергасістэм Беларусі і Расіі абмеркавалі ў Магілёве

Пытанні міжрэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва Бранскай і Магілёўскай абласцей, выкананне саюзных праграм па фарміраванні аб’яднанага рынку электрычнай энергіі, газу і развіцці атамнай энергетыкі абмеркавалі на пасяджэнні Камісіі Парламенцкага Сходу Беларусі і Расіі па энергетыцы і транспарце. Сёння ў Палацы культуры вобласці ў Магілёве сустрэліся прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і Расіі, органаў улады Магілёўскай і Бранскай абласцей.

Удзельнікаў пасяджэння павітала на гасціннай магілёўскай зямлі старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. Яна падкрэсліла, што пасяджэнне Камісіі Парламенцкага Сходу сёння мае асаблівае значэнне: «Зараз і Расія, і Беларусь праходзяць вельмі няпросты этап. Час ставіць перад Саюзнай дзяржавай цэлы шэраг сур’ёзных стратэгічных задач. Згуртаванасць брацкіх народаў і паглыбленне сацыяльна-эканамічнага, гандлёвага супрацоўніцтва як падмурка саюзнай інтэграцы, становяцца відавочнымі прыярытэтамі на фоне ўзмацнення недружалюбных дзеянняў з боку асобных краін. У сучасных умовах міжрэгіянальнае супрацоўніцтва нашых краін набывае яшчэ больш важкую ролю і значэнне.

Узаемадзеянне беларускіх і расійскіх рэгіёнаў з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы. Зразумела, што менавіта рэгіёны з’яўляюцца той рухаючай сілай, якая здольная эфектыўна вырашаць задачы і вывесці нашы дзяржавы на ўпэўнены рух наперад. Перакананая, што закладзеная аснова двухбаковага партнёрства па розных напрамках дазволіць паспяхова развіваць сацыяльна-эканамічны і духоўны патэнцыял дзвюх дзяржаў і падтрымліваць рэгіянальную стабільнасць».

Як адзначыў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, кансалідацыя ў Саюзнай дзяржаве дазваляе эфектыўна супрацьстаяць санкцыйнаму ціску. Беларусь і Расія паслядоўна развіваюць інтэграцыйнае супрацоўніцтва ў межах Саюзнай дзяржавы, пашыраюць фарматы ўзаемадзеяння, напаўняюць сумесныя праграмы і праекты новым зместам. Умацаванню саюзніцкіх сувязяў садзейнічаюць адкрытыя і даверныя адносіны паміж кіраўнікамі дзяржаў.

«Важную ролю ў прасоўванні беларуска-расійскай інтэграцыі адыгрывае Парламенцкі сход, дзейнасць якога накіравана на ўсебаковае ўмацаванне патэнцыялу Саюзнай дзяржавы, павышэнне якасці жыцця грамадзян нашых краін.

Ва ўмовах нарастання санкцыйнага ціску з боку калектыўнага Захаду значэнне прымаемых Парламенцкім Сходам рашэнняў для абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі і Расіі істотна ўзрастае. Кансалідаваныя дзеянні органаў дзяржкіравання і парламентарыяў з’яўляюцца важным інструментам супрацьдзеяння выклікам і пагрозам, у тым ліку ў сферы энергетычнай бяспекі», – сказаў ён.

Таксама кіраўнік Мінэнерга выказаў меркаванне, што ў ходзе такіх сустрэч важна надаваць увагу не толькі станоўчым вынікам сумеснай працы, але і абмяркоўваць тыя напрамкі ўзаемадзеяння, якія можна ўдасканаліць для больш эфектыўнага вырашэння пастаўленых кіраўнікамі дзяржаў стратэгічных задач. «Ключавая з іх – своечасова, якасна і ў поўным аб’ёме забяспечыць рэалізацыю зацверджаных інтэграцыйных праграм», – нагадаў Віктар Каранкевіч.

У сваю чаргу старшыня Камісіі Парламенцкага Сходу па энергетыцы і транспарце, генеральны дырэктар ДВА «Белпалівагаз» Аляксей Кушнарэнка зрабіў акцэнт на неабходнасці сінхранізаваць развіццё энергасістэм Беларусі і Расіі. Ён расказаў, што Камісія Парламенцкага Сходу Беларусі і Расіі па энергетыцы і транспарце была ўтворана ў чэрвені гэтага года з мэтай актывізаваць узаемадзеянне дзвюх краін па інтэграцыйных працэсах у межах пабудовы Саюзнай дзяржавы.

«Сёння мы разгледзелі шэраг пытанняў, у тым ліку міжрэгіянальнае і прыгранічнае супрацоўніцтва Бранскай і Магілёўскай абласцей, а таксама выкананне трох саюзных праграм – па фарміраванні аб’яднанага рынку электрычнай энергіі, газу і развіцці атамнай энергетыкі, – паведаміў ён падчас зносін з журналістамі. – Бакі зрабілі справаздачу аб выкананні планаў, і мы можам канстатаваць, што гэта праца ідзе ва ўстаноўленым парадку. Акрамя таго, камісія выступіла з ініцыятывай па падрыхтоўцы кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі па энергетычных спецыяльнасцях за кошт саюзнага бюджэту на базе Маскоўскага энергетычнага інстытута. Гэта будзе спрыяць павышэнню кампетэнцыі работнікаў энергетычных галін Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Мы павінны сінхранізаваць развіццё энергасістэм нашых краін».

Намеснік старшыні Камісіі Парламенцкага Сходу па энергетыцы і транспарце Рыгор Рапота адзначыў, што на ўсе рэалізуемыя праграмы і мерапрыемствы, у першую чаргу, неабходна глядзець вачыма жыхароў Беларусі і Расіі і даносіць да іх карысць усіх прапанаваных змяненняў.

«Людзі павінны разумець, чым займаюцца іх прадстаўнікі і якая ім ад гэтага карысць. А карысць ёсць заўсёды, але яна павінна быць сфармуляваная ў даступнай форме, з канкрэтнымі прыкладамі, – падзяліўся меркаваннем ён. – Так, напрыклад, калі мы гаворым пра транспарт, усе мерапрыемствы, якія праводзяцца і ў межах Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза, накіраваныя на тое, каб паскорыць прасоўванне тавараў, паслуг. А гэта, у сваю чаргу, вядзе да іх патаннення. Для людзей гэта зразумела і выгадна.

Праграмы Саюзнай дзяржавы, у ліку іншага, накіраваныя на стварэнне інавацыйных прадуктаў, у якіх няма аналагаў у свеце. Гэта рэальны ўклад у развіццё тэхнічнай думкі. Нешта з гэтага ўдаецца ўкараніць у вытворчасць хутчэй, нешта – павольней. Але гэту тэму, калі мы прымаем рашэнні, трэба заўсёды мець на ўвазе і даводзіць да нашых грамадзян праз зразумелыя прыклады.

Мы бачым рэсурс для развіцця. Скажам, завяршэнне будаўніцтва АЭС у Беларусі і запуск яе ў эксплуатацыю дае адразу дзве вялікія магчымасці. Гэта дадатковы элемент энергаўзброенасці. А для навукоўцаў – шанец сумеснымі намаганнямі зрушыць навуку ў атамнай прамысловасці. Нездарма Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы зараз працуе над тым, каб стварыць навуковы кластар, які б грунтаваўся вакол атамнай вытворчасці.

Яшчэ лічу важным такія сустрэчы праводзіць менавіта ў рэгіёнах. Для таго, каб больш актыўна ўключаць іх у працэс ўзаемных зносін. Бо нездарма ёсць зацвярджэнне, што поспех прадпрыемства заключаецца не толькі ў тым, што кіраўнік разумее канчатковую мэту, а наколькі ўсе ўдзельнікі разумеюць гэту мэту і сваю ролю ў яе дасягненні. Таму вельмі важна, каб рэгіёны ўключаліся».

На пасяджэнні таксама былі разгледжаны пытанні аб ходзе выканання бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2022 год і аб падрыхтоўцы праекта бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2023 год, намечаны далейшыя перспектывы супрацоўніцтва. Таксама падчас візіту ў Магілёў парламентарыі азнаёміліся з працай РУП «Магілёўаблгаз» і наведалі гісторыка-культурныя аб’екты Прыдняпроўскага краю.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая