RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пытанні працы сістэмы аховы здароўя вобласці абмеркавалі ў Магаблвыканкаме

Пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ў пашыраным складзе адбылося 26 снежня пры ўдзеле старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Таксама на сустрэчы прысутнічалі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадзюк, намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Юрый Ільюшчыц. Сярод запрошаных на калегію – намеснікі старшыняў гаррайвыканкамаў, галоўныя ўрачы раённых устаноў аховы здароўя, галоўныя санітарныя ўрачы, кіраўнікі абласных устаноў аховы здароўя, прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і Савета Рэспублікі, галоўныя пазаштатныя спецыялісты.

На пасяджэнні разгледжаны пытанні работы сістэмы аховы здароўя вобласці ў бягучым годзе. У ліку іншага адбылося абмеркаванне асноўных праблемных пытанняў і шляхоў павышэння эфектыўнасці работы сферы.

Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў, праца калегіі ў першую чаргу была накіравана на дадатковыя мерапрыемствы па паляпшэнні аказання медыцынскай дапамогі.

«Абмяркоўваліся пытанні аптымізацыі ложкавага фонду, капітальных будынкаў арганізацый аховы здароўя, цэнтралізацыі аказання спецыялізаванай і развіцця першаснай медыцынскай дапамогі, прапановы па дапаўненні комплекснага плана развіцця сістэмы аховы здароўя Магілёўскай вобласці на 2022–2025 гады», – расказаў ён.

Так, паводле інфармацыі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама, у 2022 годзе планаваліся да скарачэння 384 ложкі (на сённяшні дзень скарочана 278). Будзе рэарганізавана інфекцыйная бальніца. Таксама ў сувязі з памяншэннем колькасці пацыентаў, якія адносяцца да катэгорыі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, прапануецца пераразмеркаванне патокаў пацыентаў з УАЗ «Магілёўскі абласны шпіталь ІАВ» ва УАЗ «Магілёўская абласная клінічная бальніца», УАЗ «Магілёўская бальніца № 1». Будынак шпіталя плануецца выкарыстоўваць для аказання спецыялізаванай наркалагічнай і псіхіятрычнай дапамогі насельніцтву вобласці шляхам узбуйнення і канцэнтрацыі ўстаноў у адным месцы.

«За мінулы перыяд 2022 года для паляпшэння якасці аказання медыцынскай дапамогі за кошт усіх крыніц фінансавання для арганізацый аховы здароўя вобласці закуплена і пастаўлена медыцынскага абсталявання і іншых асноўных сродкаў на суму больш як Br31,8 млн, што дазволіла якасна палепшыць дыягнастычны і лячэбны працэсы, аказанне экстранай медыцынскай дапамогі, – падкрэсліў Аляксандр Старавойтаў. – У мэтах паляпшэння матэрыяльнай базы ў 2023 годзе плануецца набыццё 18 спецыяльных аўтамабіляў.

У той жа час праведзена работа над памылкамі, якія знайшлі адлюстраванне ў прадстаўленні Генеральнай пракуратуры. Быў заслуханы шэраг іншых пытанняў».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая