RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Раман Галоўчанка: «Магілёўліфтмаш» – прыклад граматных укладанняў і эфектыўнага менеджменту

ААТ «Магілёўліфтмаш» – прыклад таго, як граматныя ўкладанні і эфектыўны менеджмент могуць вывесці прадпрыемства на годны ўзровень. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка пасля наведвання Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання.

«У нас па краіне працуе шмат буйных прамысловых прадпрыемстваў, якія закладваліся яшчэ ў СССР. Усе яны былі паспяховымі вытворчасцямі, і цяпер многія спрабуюць выйсці на паказчыкі сваіх найлепшых гадоў. Дык вось, на хвалі свайго поспеху ў 1991 годзе, калі «Ліфтмаш» быў яшчэ савецкім заводам, за год тут вырабілі 14,4 тыс. ліфтаў. Гэта мяжа пасля пэўнага падзення была пераадолена ў 2018 годзе – тады тут зрабілі 14,5 тыс. ліфтаў. Сёлета плануецца выпусціць больш за 14,6 тыс. пад’ёмнікаў. Гэта добры прыклад таго, як граматныя ўкладанні і эфектыўны менеджмент можа вывесці прадпрыемства на годны ўзровень. Задача стаіць у наступныя гады павялічыць гэты паказчык, – адзначыў прэм’ер-міністр. – Сёння на нарадзе з кіраўніцтвам завода мы разгледзелі пытанні бягучай сітуацыі на прадпрыемстве «Магілёўліфтмаш», планы на 2021–2022 гады. Прадпрыемства ў Магілёве – добры прыклад таго, як пры эфектыўным планаванні і выбудоўванні бізнес-працэсаў дзяржава як уласнік можа не толькі атрымліваць добрыя дывідэнды ад вынікаў працы, але і нарошчваць аб’ёмы вытворчасці і эканамічную аддачу ад прадпрыемстваў. «Магілёўліфтмаш» займае значныя долі рынкаў краін блізкага замежжа – гэта прыклад таго, як трэба працаваць, адваёўваць і ўтрымліваць свае пазіцыі».

Падчас візіту прэм’ер-міністр азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі, навінкамі на вытворчасці і гатовай прадукцыяй, якую выпускае «Магілёўліфтмаш». Сярод іх разнастайныя ліфты, эскалатары, ліфтавыя і ротарныя паркоўкі.

«Наша прадпрыемства – экспартна арыентаванае. Каля 60% прадукцыі ідзе на экспарт. І працу на знешніх рынках трэба працягваць. А для гэтага нам трэба развівацца, спрабаваць нешта новае і шукаць новыя рынкі збыту. У нас рэгулярна з’яўляюцца новыя мадэлі ліфтаў, яны становяцца больш цікавымі, камфортнымі і эканамічнымі, – расказаў генеральны дырэктар ААТ «Магілёўліфтмаш» Сяргей Чарткоў. – Асноўны рынак збыту прадукцыі прадпрыемства – Расійская Федэрацыя. Зараз вельмі добра выстройваюцца адносіны ў нашага завода з рэгіёнамі Расіі. Нядаўна да нас прыязджалі дэлегацыі з Прыморскага краю, Омскай вобласці. І іх зацікавіла наша прадукцыя як для замены ліфтавага абсталявання, так і для будаўніцтва новых ліфтаў».

Акрамя ліфтаў, прэм’ер-міністр азнаёміўся з працай ротарнай і ліфтавай парковак. «Гэта зусім новая прадукцыя для нашага завода. Цяпер гэтыя паркоўкі мы выпрабоўваем у сябе, але яны ўжо выклікаюць цікавасць у нашых заказчыкаў. Такія паркоўкі дазваляюць эканоміць месца, што ва ўмовах вялікага горада вельмі важна», – падкрэсліў Сяргей Чарткоў.

Акрамя гэтага, падчас візіту абмеркавалі працяг праграмы па замене ліфтаў у Беларусі. «У гэтым годзе падыходзіць да канца вялікая трохгадовая праграма па замене ліфтаў у нашай краіне. За гэты час у шматкватэрных дамах было заменена больш за 10 тыс. пад’ёмнікаў. І ў наступным годзе гэта праца працягнецца. На 2021 год запланавана да замены 960 ліфтаў, праз год – 1300. Ужо распрацавана пяцігадовая праграма, рыхтуецца адпаведны ўказ Прэзідэнта», – адзначыў генеральны дырэктар.

Паводле слоў генеральнага дырэктара «Магілёўліфтмаша», сустрэча з прэм’ер-міністрам прайшла ў пазітыўным ключы. «Мы абмеркавалі вынікі бягучага года, паглядзелі планы працы на наступны год, пагаварылі аб перспектывах развіцця і працах на знешніх рынках. Зверылі ўсе лічбы, абмеркавалі праблемныя моманты. У цэлым сустрэча прайшла ў працоўным і пазітыўным ключы», – адзначыў Сяргей Чарткоў.

ААТ «Магілёўліфтмаш» – кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўліфтмаш». Тут вырабляюць пасажырскія, грузавыя, бальнічныя ліфты, эскалатары, травалатары, аўтаматычныя парковачныя сістэмы, абсталяванне для асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і іншае. Прадукцыя пастаўляецца ў Расію, Казахстан, Арменію, Украіну, Кыргызстан і краіны далёкага замежжа. На прадпрыемстве працуе больш за 5 тыс. чалавек.

Фота Алега Файніцкага, БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая