RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Раман Галоўчанка: своечасова аказаная дзяржпадтрымка дае магчымасць развіваць і ўмацоўваць прадпрыемствы краіны

Своечасова аказаная дзяржпадтрымка дае магчымасць развіваць і ўмацоўваць важныя для краіны прадпрыемствы. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў час рабочага візіту ў ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Бабруйскаграмаш».

«У цэлым вынікі нядрэнныя па прадпрыемстве. Дзякуючы аказанай дзяржаўнай падтрымцы яно выйшла са складанай сітуацыі, у якую трапіла 5-6 гадоў таму. Выручка ў параўнанні з 2018 годам практычна патроілася: з Br3,5 млрд да Br10 млрд. Паказчыкі па прадпрыемстве ў цэлым выраслі. Сёння на нарадзе ўсе прыйшлі да высновы, што своечасова аказаная дзяржпадтрымка дала магчымасць дасягнуць такіх вынікаў. І не толькі ў эканамічных характарыстыках, але і ў пашырэнні асартыменту вырабляемай прадукцыі. Гэта дало магчымасць пакрыху праводзіць тэхнічнае пераўзбраенне, - адзначыў Раман Галоўчанка. - Для таго, каб знайсці рэзервы для далейшага развіцця, неабходна прадумаць стварэнне дзяржкарпарацыі - гэта пытанне абмяркоўвалася і на Усебеларускім народным сходзе. Гэта значыць, у праграме ўрада, у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця гэта знайшло сваё адлюстраванне».

Як адзначыў прэм'ер-міністр, з'яўленне такой структуры дасць магчымасць вырашыць шэраг праблемных пытанняў. «Першае з іх - скарачэнне затрат. Гэта самае галоўнае. Затраты можна скараціць за кошт таго, што трэба перабудаваць тэхналагічную палітыку, закрыць дубліруючыя вытворчасці на роднасных прадпрыемствах, аптымізаваць усе працэсы. У структуры выручкі павялічыцца частка, якую можна будзе накіраваць на інвестыцыі. Другая задача - такая структура, паводле нашых задум, павінна стаць больш надзейным пазычальнікам, які будзе мець доступ не толькі да беларускага рынку капіталу, але і будзе мець больш лёгкі выхад на міжнародныя рынкі. Цяпер гэта пытанне прапрацоўваецца з аналітычнага боку, адпрацоўваюцца арганізацыйныя, прававыя , кіраўніцкія і эканамічныя напрамкі. Гэта неабходна для таго, каб праз некалькі месяцаў стварыць паўнацэнны праект адпаведнага нарматыўна-прававога дакумента», - расказаў Раман Галоўчанка.

Як адзначыла генеральны дырэктар холдынга Надзея Лазарэвіч, «Бабруйскаграмаш» цяпер - гэта буйны холдынг, у склад якога ўваходзіць 6 прадпрыемстваў. «У бліжэйшую пяцігодку плануем мадэрнізаваць завод і накіраваць на гэтыя мэты каля Br20 млн. Таксама плануем павялічыць аб'ём экспарту на 43 працэнты, рост заработнай платы на 133 працэнты. І аб'ём вытворчасці плануем нарасціць пасля мадэрнізацыі яшчэ на 133 працэнты», - расказала Надзея Лазарэвіч. - На 2021-2025 гады на прадпрыемстве запланавана рэалізацыя інвестыцыйнага праекта «Інтэнсіфікацыя вытворчасці машын на аснове комплексаў для вырошчвання, нарыхтоўкі, захоўвання і раздачы кармоў». Сутнасць інтэнсіфікацыі вытворчасці машын зводзіцца да ўдасканалення ўсіх фактараў вытворчасці - матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, тэхналогій, працоўных рэсурсаў. Гэта дасць магчымасць якасна абнавіць увесь ланцуг узаемазвязаных элементаў вытворчасці, якія дазваляюць пашырыць аб'ёмы вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі і забяспечыць больш высокую эфектыўнасць працэсу корманарыхтоўчых работ».

Сёння сельскагаспадарчая тэхніка ААТ «Бабруйскаграмаш» працуе больш як у 50 краінах свету. У 2019 годзе ўпершыню былі ажыццёўлены пастаўкі ў Швецыю, Анголу і Мадагаскар, а таксама пасля перапынку былі адноўлены адгрузкі ў Сербію і Кітай. У 2020 годзе «Бабруйскаграмаш» прадоўжыў пашыраць геаграфію паставак: упершыню беларуская тэхніка была пастаўлена ў Зімбабвэ і Сірыю, адноўлены пастаўкі ў Іран, В'етнам і Венгрыю. «У 2021 годзе мы плануем ажыццявіць першыя пастаўкі ў Турцыю, Нарвегію, Намібію і Мексіку, а таксама вярнуцца на рынкі Польшчы, Румыніі, Балгарыі, Манголіі і Рэспублікі Судан. З Рэспублікай Судан прапрацоўваецца пытанне арганізацыі зборачнай вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі для трактароў малога цягавага класа. Асноўнымі экспартнымі рынкамі з'яўляюцца Расійская Федэрацыя і Казахстан. Пастаўляецца тэхніка і на ўнутраны рынак», - расказала генеральны дырэктар

Паводле слоў гендырэктара, каб на сельскагаспадарчую тэхніку быў попыт - неабходна ісці ў нагу з часам. «Выпускаем прэс-падборшчыкі для лубяных культур - экспартная пазіцыя, у Беларусі такое не вырошчваецца. Таксама пераходзім на большы аб'ём тэхнікі: прычэпы ад 10 да 24 кубоў, машыны для ўнясення вадкіх і цвёрдых арганічных угнаенняў, прэс-падборшчыкі для больш магутных трактароў. З улікам таго, што ў Беларусі і Расіі ідзе павелічэнне пасяўных плошчаў, патрэбны больш магутныя трактары і, адпаведна, больш магутнае прычапное абсталяванне, - адзначыла Надзея Лазарэвіч. - Унутраны рынак не выключаем, новую лінейку апрабуем на ім. Глядзім і на экспарт, вывучаем, што неабходна спажыўцу. Стараемся адпавядаць усім сучасным тэндэнцыям у сельскай гаспадарцы».

Вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі ў Бабруйску - адно з горадаўтваральных прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці. Як расказала генеральны дырэктар, у гэтым заслуга ўсяго калектыву. «За апошніх некалькі гадоў нашым прадпрыемствам зроблена шмат. Сур'ёзную дапамогу аказала дзяржава. Выраслі ў аб'ёме вытворчасці, экспарт, расце заработная плата, - расказала Надзея Лазарэвіч. - Залог поспеху прадпрыемства - камандная работа. Удзячна сваім работнікам, з улікам правільнага планавання, своечасовых размеркаванняў абавязкаў, з верай у сваё прадпрыемства мы разам прыйшлі да высокіх вынікаў».

 

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая