29 жніўня гэтага года ўступаюць у сілу змены ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб геаграфічных указаннях».
Геаграфічнае ўказанне – гэта аб’ект інтэлектуальнай уласнасці, які ўяўляе з сябе абазначэнне, якое ідэнтыфікуе тавар як той, што робіцца на тэрыторыі пэўнага геаграфічнага аб’екта, калі якасць, рэпутацыя ці іншыя характарыстыкі тавару ў значнай ступені абумоўлены яго геаграфічным паходжаннем.
Прасцей кажучы, геаграфічнае ўказанне змяшчае назву населенага пункта або мясцовасці, якую можна выкарыстоўваць на тавары для стварэння ў спажыўцоў выразнай асацыяцыі аб месцы вытворчасці тавару з яго адмысловымі ўласцівасцямі, якасцю, рэпутацыяй ці іншымі характарыстыкамі.
У Рэспубліцы Беларусь на сённяшні дзень зарэгістравана ўсяго тры нацыянальныя геаграфічныя ўказанні: мінеральная вада «Мінская», Лідскі квас і Лідскае піва.
З 29 жніўня 2020 г. спрашчаюцца заканадаўча ўстаноўленыя патрабаванні да геаграфічных указанняў, канкрэтызуецца працэдура рэгістрацыі геаграфічнага ўказання, якую ажыццяўляе Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (далей – НЦІС), які з’яўляецца патэнтным органам Рэспублікі Беларусь.
Атрымаўшы права карыстання геаграфічным указаннем, беларускі вытворца не толькі пацвердзіць арыгінальнасць свайго тавару і яго якасць, але і паспрыяе фарміраванню станоўчага іміджу свайго рэгіёна, горада, вёскі і краіны ў цэлым. А калі ўлічыць той факт, што ў нашай дзяржаве для асобных тэрыторый уведзены бязвізавы рэжым для замежных грамадзян, то адкрываюцца дадатковыя інструменты для развіцця турыстычнага бізнесу з далейшым прасоўваннем свайго рэгіянальнага брэнда, раскрыццём унікальнасці гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі.
З поўнай упэўненасцю можна сказаць, што прадукцыя многіх беларускіх прадпрыемстваў вельмі запатрабаваная на рынках іншых краін. Атрыманне права карыстання беларускімі геаграфічнымі ўказаннямі дасць магчымасць айчынным вытворцам у далейшым атрымаць рэгістрацыю ў іншых краінах, куды экспартуецца указаная прадукцыя.
Атрымаць неабходныя веды ў галіне кіравання інтэлектуальнай уласнасцю, азнаёміцца з працэдурамі нацыянальнай і міжнароднай рэгістрацыі аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, у тым ліку геаграфічных указанняў, кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемстваў і арганізацый любой формы ўласнасці могуць на навучальных курсах, якія арганізуюцца ў НЦІС.
Акрамя таго, на старонках навукова-практычнага часопіса «Інтэлектуальная ўласнасць у Беларусі», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях і НЦІС, чытачы могуць азнаёміцца з публікацыямі айчынных і замежных навукоўцаў і практыкаў па пытаннях развіцця нацыянальнага заканадаўства, міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне інтэлектуальнай уласнасці, прававой абароны вынікаў творчай працы, увядзення аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці ў грамадзянскі абарот, іх камерцыялізацыі і ацэнкі.
З пералікам адукацыйных курсаў, якія праводзяцца НЦІС, а таксама інфармацыяй аб навукова-практычным часопісе «Інтэлектуальная ўласнасць у Беларусі» можна азнаёміцца на афіцыйным сайце НЦІС у сетцы Інтэрнэт па адрасе ncip.by.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.04.2025 - 09:37
Магілёўская асацыяцыя прамыслоўцаў пашырае міжнародныя кантакты (відэа)
17.04.2025 - 09:05