RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэгіянальнае свята-конкурс «Свята лялькі» адбудзецца 26 чэрвеня ў Круглым

У Цэнтральным парку культуры і адпачынку Круглага 26 чэрвеня адбудзецца рэгіянальнае свята-конкурс «Свята лялькі».

Удзельнікі –майстры народных промыслаў, іх вучні, проста аматары рукадзелля ад малога да вялікага –прадставяць велізарную разнастайнасць лялек. Сярод іх традыцыйныя гульнявыя, сучасныя лялькі і лялькі-абярэгі, выкананыя ў самых розных і незвычайных тэхніках. Тут можна будзе ўбачыць па-майстэрску апранутых і ўпрыгожаных лялек, разнастайнасць сувеніраў і вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва не толькі мясцовых, але і гасцей.

Самым яркім момантам конкурсу, безумоўна, стане прэзентацыйны этап. Для абароны сваёй лялькі канкурсанты выкарыстоўваюць інсцэніроўкі, песні, тэатральныя пастаноўкі. Пераможцаў вызначаць у наступных намінацыях: «Традыцыйная лялька», «Міфы і легенды роднага краю», «Сучасная лялька», «Самая крэатыўная лялька», «Найлепшая лялька»(прыз глядацкіх сімпатый), «Калыска для любімай лялькі», «Мая любімая лялька» (катэгорыя для конкурсу малюнка).

На тэрыторыі свята ўстановы бібліятэчных сістэм прадставяць выставы альбомаў і друкаванай прадукцыі. Будуць працаваць гандлёвыя рады, дзе кожны зможа набыць сувеніры ручной працы. Дзетак пацешаць атракцыёны. Таксама адбудзецца традыцыйны конкурс калектываў мастацкай самадзейнасці «Песні над Друццю».

Свята-конкурс «Свята лялькі»– самы малады фестывальны брэнд Магілёўскай вобласці. Ён штогод праходзіць у Круглым з 2016 года.

Арганізатарам мерапрыемства выступае аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Круглянскага райвыканкама.

Пачатак мерапрыемства ў 13.00.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая