RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэгіянальнае ўзаемадзеянне абмяркуюць на анлайн-форуме ў Магілёўскай вобласці

Устойлівае развіццё сельскіх тэрыторый абмяркуюць на II рэгіянальным форуме «Рэгіянальнае ўзаемадзеянне для ўстойлівага развіцця мясцовай эканомікі» анлайн 23–27 лістапада. Пра гэта паведаміла спецыяліст па PR і камунікацыі праекта «Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцяў занятасці ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці» Караліна Пішчанка.

Праект рэалізуецца ўжо два гады. За гэты час адбылося больш за 20 мерапрыемстваў: ад невялікіх тэматычных абмеркаванняў да буйных кірмашоў ініцыятыў і рэгіянальнага форума. «На сёння ўжо падтрымана 11 мясцовых і 11 рэгіянальных ініцыятыў, накіраваных на паляпшэнне магчымасцяў занятасці і самазанятасці мясцовага насельніцтва пяці раёнаў: Слаўгарадскага, Быхаўскага, Клічаўскага, Краснапольскага і Чэрыкаўскага. З году ў год у ініцыятывах развіваюцца як традыцыйныя віды занятасці (асабістыя падсобныя і фермерскія гаспадаркі, арганічнае земляробства), так і інавацыйныя (у альтэрнатыўнай энергетыцы, цыркулярнай і крэатыўнай эканоміцы)», – адзначыла спецыяліст.

Форум стане пляцоўкай для ўзмацнення рэгіянальнага супрацоўніцтва, абмену вопытам. Тут будуць выпрацаваны рэкамендацыі і новыя падыходы, прадстаўлены прамежкавыя вынікі рэалізацыі праекта, гаворка пойдзе і аб адаптацыі ініцыятыў да ўмоў пандэміі COVID-19.

Будуць праходзіць дыскусійныя пляцоўкі па тэмах устойлівага развіцця на рэгіянальным узроўні: развіццё мясцовай эканомікі, эка- і аграбізнесу, турызму, сацыяльнага прадпрымальніцтва і лічбавізацыі. Эксперты прадставяць паспяховыя мясцовыя, нацыянальныя і міжнародныя кейсы ў эканоміцы, экалогіі і сацыяльнай сферы.

У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі міжнародных арганізацый, нацыянальных і абласных органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых органаў улады пяці раёнаў вобласці, а таксама іншых рэгіёнаў Беларусі, кіраўнікі праектаў і ініцыятыў, прадстаўнікі бізнесу, эксперты, ініцыятыўныя групы.

Арганізуе анлайн-форум Міжнародны фонд развіцця сельскіх тэрыторый. Суарганізатары – Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Праграма падтрымкі Беларусі, Праграма малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду, Асацыяцыя адукацыі для ўстойлівага развіцця, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова, бізнес-школа Alfa+.

Праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Слаўгарадскім раённым выканаўчым камітэтам у партнёрстве з Быхаўскім, Клічаўскім, Краснапольскім і Чэрыкаўскім раённымі выканаўчымі камітэтамі і Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая