RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэгіянальны этап рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года» ў Магілёўскай вобласці пройдзе анлайн

Рэгіянальны этап рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года» ў Магілёўскай вобласці пройдзе анлайн. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў абласной арганізацыі ГА «БРСМ».

Мерапрыемства адбудзецца 6 лістапада (пачатак у 15.00) у актавай зале Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Сачыць за выступленнем канкурсантаў можна будзе праз акаўнт у Instagram @mogbrsm (Моладзь Магілёўшчыны).

Абараняць гонар сваёй установы адукацыі на абласным этапе будуць хлопцы і дзяўчаты з чатырох ВНУ рэгіёна. Гэта найлепшыя прадстаўнікі студэнцкай моладзі вобласці, якія не толькі дамагліся высокіх вынікаў у вучобе, але і праявілі сябе ў розных сферах дзейнасці.

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання прадставяць дзве канкурсанткі. Студэнтка 4 курса тэхналагічнага факультэта Дзіяна Аруцюнян–вельмі рознабаковая асоба і несумненны лідар. Яна таварыская і мэтанакіраваная, любіць працу ў камандзе, любіць пазнаваць нешта новае і, як гаворыцца, схоплівае інфармацыю наляту. Захапляецца музыкай, танцамі і шахматамі. Студэнтка 2 курса хіміка-тэхналагічнага факультэта Таццяна Жыліна смела ідзе наперад, настойліва, з аптымізмам пераадольваючы цяжкасці і перашкоды. Прапагандуе здаровы лад жыцця і марыць стаць прыкладам для іншых.

Ад Беларуска-Расійскага ўніверсітэта выступіць студэнтка інжынерна-эканамічнага факультэта Арына Сафонава, якая, дзякуючы конкурсу, хоча рэалізаваць свой патэнцыял і адкрыць новыя, можа быць, скрытыя таленты і здольнасці. Лічыць сябе актыўным і рознабаковым чалавекам, а мэтанакіраванасць, адказнасць і арганізатарскія здольнасці называе моцнымі бакамі характару.

Адразу дзве дзяўчыны будуць прадстаўляць і Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А. А. Куляшова. Студэнтка 3 курса факультэта матэматыкі і прыродазнаўства Алёна Тарасава родам з далёкай поўначы Расіі, але Беларусь лічыць сваім сапраўдным домам. Яна–пераможца міжнароднага конкурсу прамоўніцкага майстэрства імя Адама Міцкевіча, а таксама літаратурнага конкурсу паэтаў і празаікаў «Слова ў вокладцы», каардынатар валанцёрскага руху, скончыла мастацкую школу, займалася парашутным спортам. Студэнтка 3 курса факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Лізавета Дуброўская знаходзіцца ў пастаянным пошуку, любіць падарожнічаць, знаёміцца з культурай розных краін і новымі людзьмі. Любіць актыўны адпачынак, заўсёды спрабуе нешта новае і не баіцца ісці наперад. Яе мара–зрабіць скачок з парашутам.

Адзіны хлопец сярод канкурсантаў будзе адстойваць гонар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Студэнт 2 курса эканамічнага факультэта Руслан Вішняк–гэта 183 сантыметры творчасці, мэтанакіраванасці, дабрыні і весялосці. Здольны лёгка знайсці падыход да кожнага і заўсёды ідзе насустрач добразычлівым і адкрытым людзям. Ніколі не спыняецца на дасягнутых выніках і пастаянна ўдасканальвае сябе, уласныя ўменні і навыкі.

Падчас конкурсу «Студэнт года-2020» маладым людзям неабходна будзе прадставіць сябе і сваюВНУ. Ацэнкі журы яны змогуць атрымаць за самапрэзентацыю «Я–студэнт!», якая адлюстроўвае дасягненні ў вучобе, творчасці, навуцы, спорце, грамадскай, даследчай дзейнасці. У конкурсе прамоўніцкага майстэрства моладзь прадставіць будучую прафесію, у інтэлектуальным–праявіць крэатыўнасць мыслення, разумовыя здольнасці, у творчым – раскрые і прадэманструе таленты і ўменні з дапамогай артыстызму.

Завочна будуць падведзены вынікі конкурсу праектаў «Ідэя», які накіраваны на развіццё творчага, навуковага і прафесійнага патэнцыялу моладзі і змяшчае прапановы па вырашэнні праблемных пытанняў у маладзёжным асяроддзі. Таксама ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» з 4 па 6 лістапада праходзіць інтэрнэт-галасаванне «Універ», па выніках якога будзе абраны найлепшы відэаролік аб студэнцтве, а аўтар стане пераможцам у намінацыі «Студэнт года ONLINE».

Судзіць конкурс будзе кампетэнтнае журы, у склад якога ўвойдуць прадстаўнікі сфер культуры, СМІ і маладзёжнай палітыкі.

Пераможца абласнога этапу прадставіць Магілёўскую вобласць на рэспубліканскім фінале конкурсу.

Асноўныя задачы папулярнага студэнцкага праекта–падтрымка творчага патэнцыялу і сацыяльна значнай дзейнасці студэнцкай моладзі, выяўленне лідараў у студэнцкім асяроддзі, развіццё эфектыўных форм удзелу моладзі ў грамадскім жыцці, павышэнне прэстыжу ведаў і папулярызацыя прафесіі.

Арганізатарам мерапрыемства выступае Магілёўскі абласны камітэт ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

Вольга Емельянава 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая