RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэктар БДСГА: аснова харчовай бяспекі – якасная падрыхтоўка сельгаскадраў

Адна з асноў харчовай бяспекі ў краіне – гэта якасная падрыхтоўка спецыялістаў для сельскагаспадарчай сферы. Такім меркаваннем падзяліўся рэктар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Віталь Веліканаў.

«У першую чаргу неабходна, каб дастатковая колькасць разнастайных прадуктаў была на паліцах беларускіх крам. І трэба адзначыць, мы зрабілі ўсё неабходнае, каб накарміць нашых грамадзян. Акрамя гэтага, у Беларусі шырокая геаграфія экспарту прадуктаў харчавання – каля 118 краін свету. Гэта і мясная прадукцыя, і малочная, і раслінаводчая. І гэта таксама адзін з паказчыкаў забеспячэння харчовай бяспекі, таму што так у краіну паступае валюта, якая неабходна для развіцця і працвітання галін», – адзначыў Віталь Веліканаў.

Яшчэ адна аснова харчбяспекі ў краіне – якасная падрыхтоўка сельскагаспадарчых спецыялістаў. «Калі ўзяць нашу акадэмію, то за гады свайго існавання тут падрыхтавана больш за 110 тыс. спецыялістаў аграпрамысловага комплексу. І гэта спецыялісты не адной нейкай вузкай накіраванасці. На сённяшні дзень у нашай акадэміі рыхтуюць спецыялістаў па практычна ўсіх напрамках, акрамя ветэрынарыі, якія запатрабаваны ў АПК. І нашы выпускнікі запатрабаваны не толькі ў Беларусі, але і ў блізкім, далёкім замежжы. Беларусь славіцца сваёй сельскай гаспадаркай, якаснай падрыхтоўкай кадраў і інавацыйнымі распрацоўкамі ў гэтай сферы, – адзначыў рэктар акадэміі. – Я лічу, што аграрныя ВНУ сваёй работай па падрыхтоўцы кадраў для сельскай гаспадаркі ўносяць свой вялікі ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. Напрыклад, у гэтым годзе 150 нашых студэнтаў у якасці механізатараў прымалі актыўны ўдзел у пасяўной, будуць працаваць на ўборачнай. Такая практыка вядзецца ў нас ужо некалькі год. У бягучым годзе мы ўпершыню сфарміравалі атрады заатэхнікаў, якія ўдзельнічалі ў нарыхтоўцы кармоў, доглядзе жывёлы. Нашы студэнты раз'язджаюцца па ўсёй рэспубліцы для гэтых работ, але ўпор мы робім на Магілёўскую вобласць. Поспехі нашых студэнтаў адзначае кіраўніцтва гаспадаркі, раёна і вобласці. Студэнты не толькі могуць падзарабіць за лета, але і атрымліваюць граматы і каштоўныя падарункі. Для іх важна разумець, што іх праца шануецца. Гэта важна і для акадэміі, таму што гэта наш унёсак у агульны ўраджайны каравай».

Поспех аграпрамысловага комплексу Беларусі – гэта не толькі прафесійныя работнікі. Гэта спалучэнне ведаў, досведу і сучасных інфармацыйных тэхналогій. «У нашай акадэміі мы не толькі вучым будучых прафесійных аграрыяў, але і вядзём навуковыя распрацоўкі. Укараняем сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, распрацоўваем новыя гатункі збожжавых, агароднінных і іншых культур, запускаем у работу новыя прэпараты, распрацоўваем сістэмы, агрэгаты і механізмы. Гэтай працай мы датычныя да развіцця сельскай гаспадаркі, яе высокіх паказчыкаў, – падзяліўся Віталь Веліканаў. – Мы бачым зараз, што колькасць занятых у сельскай гаспадарцы скарачаецца. Але гэта не таму, што людзі не хочуць працаваць на зямлі. З'яўляюцца новыя камп'ютарныя тэхналогіі, сучасныя машыны, якія могуць замяняць працу некалькіх чалавек. Але за гэтымі машынамі павінен нехта працаваць, іх трэба суправаджаць і абслугоўваць. Таму ў аснове поспеху сельскагаспадарчай галіны – чалавечы фактар».

Віталь Веліканаў упэўнены, што Беларусі голад не пагражае. «Нягледзячы на сітуацыю ў свеце, на настроі заходніх краін у адносінах да нашай краіны, беларускія аграрыі не толькі змогуць накарміць сваіх грамадзян, але і яшчэ больш пашырыць экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі. Нашы сельскагаспадарнікі не сыходзілі ні ў якія лакдаўны падчас кавіду, працягвалі працу падчас хваляванняў 2020 года, працуюць яны і зараз, нягледзячы на тое, што адбываецца ў свеце. Таму што жывёл трэба карміць і даглядаць іх, пасевы апрацоўваць і своечасова збіраць. Спыняцца ніхто не будзе, усё ідзе па плане. Гэта адбываецца дзякуючы пільнай увазе да гэтай сферы Прэзідэнта, усёй вертыкалі ўлады. Ніхто не адмяняў планаванне і прытрымліванне пастаўленых задач, цяпер ужо і заходнія нашы суседзі пачынаюць гэта разумець, – падкрэсліў Віталь Веліканаў. – У нас таксама бываюць няпростыя ўмовы, таму што на надвор'е мы не можам паўплываць. У гэтым годзе была зацяжная вясна, потым дажджы. У пачатку гэта крыху паўплывала на планы, мы крыху пазней выйшлі ў палі, але зараз работы вядуцца актыўна: нарыхтоўваюцца травяністыя кармы, апрацоўваюцца пасевы, рыхтуецца глеба пад будучы ўраджай. Ужо ідзе ўборка. Таму я ўпэўнены, што ў нас будзе багаты ўраджай».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая