RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэктар МДУ імя А. А. Куляшова: калі весці са студэнтамі адкрыты дыялог, ніхто з іх не пойдзе выказвацца на вуліцы

 

Калі весці са студэнтамі адкрыты дыялог, ніхто з іх не пойдзе выказвацца на вуліцы. Такім меркаваннем падзяліўся рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова, доктар гістарычных навук, прафесар Дзяніс Дук.

«Для людзей, якія сапраўды прыйшлі атрымліваць якасную адукацыю, у Беларусі створаныя ўсе ўмовы. Навучальны працэс павінен ісці ў спакойных і мірных знешніх умовах – нішто не павінна адцягваць студэнтаў ад вучобы. Каб трымаць руку на пульсе наяўных праблем, мы стараемся выбудоўваць са студэнтамі адэкватны дыялог. Часта праводзім сустрэчы, слухаем і стараемся знаходзіць выхады з нейкіх праблемных сітуацый. І гэты працэс важны як для кіраўніцтва ВНУ, так і для студэнтаў: мы адсочваем, з чым сутыкаюцца студэнты, а яны могуць выказацца па тых пытаннях, якія іх больш за ўсё хвалююць на дадзены момант. Студэнты – гэта маладыя, амбіцыйныя і крэатыўныя людзі, якія востра рэагуюць на ўсе змены ў грамадстве. І калі ў іх ёсць магчымасць у спакойным дыялогу выказаць сваё меркаванне, ніхто не будзе потым размяшчаць фэйкавыя навіны ў сацсетках і ладзіць беспарадкі на вуліцах», – мяркуе прафесар.

Як адзначыў рэктар Магілёўскай ВНУ, акрамя ўмоў для якаснага навучання студэнтаў, у Беларусі прадугледжаны сацыяльныя гарантыі і прэферэнцыі для выпускнікоў, у тым ліку і гарантаванае першае працоўнае месца. «З кожным годам у нас павялічваецца колькасць выпускнікоў, якія атрымліваюць адукацыю за кошт уласных сродкаў, але выкарыстоўваюць магчымасць размеркавання. Хлопцы і дзяўчаты могуць самі знайсці сабе месца працы і размеркавацца туды або скарыстацца тымі варыянтамі, якімі валодае ўніверсітэт, – адзначыў Дзяніс Дук. – Добра развітая і траекторыя асобаснага росту для тых, хто збіраецца пасля ўніверсітэта прысвяціць сябе навуцы. Калі студэнт хоча пасля ВНУ працягнуць навучанне ў магістратуры або аспірантуры, праблем з гэтым няма. Сёння стыпендыя як аспірантаў, так і дактарантаў вельмі важкая і дазваляе маладому навукоўцу цалкам прысвяціць сябе навуцы, не перажываючы лішні раз за свой дабрабыт».

Дзякуючы праграме мадэрнізацыі вышэйшай школы беларускія ВНУ зрабілі каласальныя крокі наперад. Ва ўніверсітэтах працуюць сучасныя лабараторыі, не саступаюць сусветным аналагам. Сёння ствараюцца ўмовы для таго, каб ВНУ аб’ядноўваліся ў кластары. Гэта аб’яднанне ўніверсітэтаў ўсёй рэспублікі па пэўных напрамках, якое дае магчымасць выкарыстоўваць у падрыхтоўцы будучых спецыялістаў любыя наяўныя ў ВНУ лабараторыі. Магілёўскі ўніверсітэт таксама пайшоў па гэтым шляху – увайшоў у склад адзінага Рэспубліканскага навукова-тэхналагічнага кластара.

У Беларусі студэнтам аказваецца значная сацыяльная падтрымка. «У рэгіянальных ВНУ, такіх як Магілёўскі ўніверсітэт, маецца магчымасць засяляць студэнтаў у інтэрнаты. Праца па паляпшэнні ўмоў пражывання студэнтаў ідзе практычна бесперапыннна. Мы часта праводзім сустрэчы з актывам ВНУ і тымі, хто жыве ў інтэрнатах, каб даведацца іх праблемы і просьбы па паляпшэнні ўмоў пражывання. Калі гэта ў нашых сілах, прыводзім у парадак. Калі такой магчымасці няма, стараемся данесці да маладых людзей, чаму тая ці іншая просьба пакуль застаецца без увагі. Любую праблему можна вырашыць мірнымі і спакойнымі метадамі, а для гэтага трэба быць адкрытымі да дыялогу», – адзначыў Дзяніс Дук.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая