RU BY EN 中文
Twitter Instagram

РЭПАРТАЖ: «Да Дня пісьменства вы наш горад не пазнаеце». Як Бялынічы наводзяць прыгажосць

Дзень беларускага пісьменства традыцыйна святкуецца ў першую нядзелю верасня. Сёлета вялікі рэспубліканскі фестываль прымаюць Бялынічы Магілёўскай вобласці. У абноўленым горадзе гасцей будзе чакаць насычаная творчая праграма.

Жыхары Бялыніч жартуюць, што іх горад цяпер падобны на вялікую будоўлю: куды ні глянь, усюды працы.

«Ліпавы гай»–адно з упадабаных месцаў адпачынку гараджан. Парк размешчаны недалёка ад цэнтра горада на скрыжаванні некалькіх вуліц–сюды лёгка і зручна дабірацца з любой часткі Бялыніч.

«Калі мы распрацоўвалі праект парку, пастараліся ўлічыць кожную дробязь. Тратуары, напрыклад, вырашылі класці там, дзе прыжыліся «народныя сцежкі», – людзям так зручна. Таму ад цэнтральнага ўвахода мы зрабілі тры дарожкі, якія разыходзяцца, як прамяні, і вядуць да розных выхадаў. Акрамя гэтага, тут з’явіліся веласіпедныя дарожкі – так будзе зручна ўсім адпачывальнікам», – расказвае Дзмітрый Давыдаў.

У абноўленым парку зрабілі асвятленне, абсталявалі сучасныя дзіцячыя пляцоўкі, месцы для адпачынку. «На тэрыторыі ёсць вадаём, і ён перыядычна высыхаў. Мы змаглі знайсці рашэнне гэтай праблемы. Трохі змянілі яго форму, падвялі ваду. Добраўпарадкавалі тэрыторыю, зрабілі масток. Для бяспекі адпачывальнікаў, а асабліва дзяцей, агарадзілі вадаём плотам. У нас атрымалася выдатная лакацыя для фотасесій, асабліва вясельных», – растлумачыў Дзмітрый Давыдаў.

У парку размешчаны спартыўны стадыён, невялікі амфітэатр са сцэнай. У будучым тут усталююць пляцоўкі для варкаўта, даробяць цэнтральную арку на ўваходзе: дададуць назву на беларускай мове.

«Да Дня Перамогі мы адкрылі абноўленую Алею Герояў. Цалкам змяніўся выгляд мемарыяла–стаў больш сучасным. Зрабілі асвятленне кожнага помніка–гэта не толькі дае магчымасць прачытаць звесткі пра кожнага героя, але і дадае асаблівы знешні эфект», – падзяліўся Дзмітрый Давыдаў.

Непадалёк ад парку ў Бялынічах нядаўна адкрыўся новы магазін. Людзі, якія жывуць на суседняй вуліцы, напісалі калектыўны зварот у райвыканкам: нязручна было дабірацца да магазіна па дрэннай дарозе, асабліва ў дажджлівае надвор’е. «Мы не засталіся ў баку ад звароту–прывялі ў парадак дарогу, зрабілі водаадвод і тратуар. Стараемся не выпусціць з-пад увагі кожную просьбу нашых жыхароў: палепшыць стан дарог, наладзіць вулічнае асвятленне, усталяваць дадатковы святлафор у раёне школы–усё гэта ўжо паспяхова рэалізавана», – расказаў намеснік старшыні райвыканкама.

 

Яшчэ адзін важны для горада аб’ект–музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі. «Мы планавалі правесці рэстаўрацыю будынка. Але камісія пазней ўстанавіла, што выратаваць яго не атрымаецца. Праектная арганізацыя вырашыла будаваць новы– ужо падведзены інжынерныя сеткі, гатовы падмурак, робіцца цагляны мур сцен. Новы музей стане прасторнейшым: з’явіцца больш залаў, у якіх будуць размяшчацца як пастаянныя экспазіцыі, так і выставы. У асобным памяшканні будзе размяшчацца адрэстаўраваная фрэска «Узыходжанне на Галгофу», якую выратавалі з разбуранага манастыра».

Перад будынкам музея арганізуюць асноўную канцэртную пляцоўку Дня пісьменства. «Канцэртных пляцовак будзе некалькі. Яны будуць размяшчацца на вуліцы Савецкай і ў абноўленым парку. Першапачаткова мы хацелі зрабіць асноўную сцэну ў цэнтры горада, непадалёк ад райвыканкама, але не дазволіла прастора. Таму сцэну трохі аднеслі ў бок, бліжэй да будучага музея. Пляцоўку пад яе ўжо расчысцілі: знеслі некалькі старых пабудоў», – адзначыў Дзмітрый Давыдаў.

Працягваецца ў горадзе і капітальны рамонт жылфонду. У цэнтры ўжо некалькі будынкаў цалкам змянілі свой выгляд: пафарбавалі іх сцены, абнавілі дахі.

«Палова дамоў з тых, дзе павінен быў прайсці капрамонт, ужо ўведзена ў эксплуатацыю. У найбліжэйшыя два-тры гады практычна завершым капітальны рамонт жыллёвага фонду пры скарачэнні аб’ёмаў фінансавання», – падкрэсліў Дзмітрый Давыдаў.

Застаецца на кантролі ўладаў пытанне камерцыйнага жылля і будаўніцтва шматкватэрных дамоў. «На ўездзе ў горад у нас быў пустуючы будынак і інтэрнат ліцэя. Тры гады мы шукалі магчымасць прывесці ў парадак і паспрабаваць перадаць пабудовы грамадзянам ва ўласнасць, перарабіўшы інтэрнат пад кватэры. Паколькі ёсць нарматыўныя дакументы, якія не дазваляюць прадаваць такія кватэры людзям пад уласнае жыллё, мы вырашылі зрабіць іх камерцыйнымі. Праектная дакументацыя ўжо распрацавана. У нас атрымаецца 59 зручных і добраўпарадкаваных кватэр: палова аднапакаёвых, яшчэ адна палова –двухпакаёвых. Працы на аб’екце ўжо ідуць, па іх завяршэнні мы закрыем шэраг праблемных пытанняў з забеспячэннем грамадзян, якія маюць патрэбу ў жыллі», – расказаў намеснік старшыні райвыканкама.

 

Адміністрацыйны будынак былога ліцэя выкупіў прыватны прадпрымальнік: плануе зрабіць тут вялікі гандлёвы цэнтр.

«Калі чалавек хоча пабудаваць уласнае жыллё, з гэтым таксама няма ніякіх праблем. Кожны год Бялынічы прырастаюць сучаснай шматкватэрнай новабудоўляй: сёлета будзе ўведзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом па вуліцы Абароннай», – адзначыў Дзмітрый Давыдаў.

«Свята пройдзе, а абноўлены горад працягне радаваць жыхароў і гасцей сваім камфортам і ўтульнасцю. І мы пастараемся максімальна рэалізаваць усе нашы планы», – падвёў вынік Дзмітрый Давыдаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая