RU BY EN 中文
Twitter Instagram

РЭПАРТАЖ: кожны можа стаць чараўніком – у Бабруйску пачаўся дабрачынны навагодні марафон

У Бабруйску ёсць добрая традыцыя – напярэдадні Новага года рабіць падарункі тым дзецям, якія крыху больш за астатніх маюць патрэбу ў цудзе і добрым настроі. Сёлета ўпершыню ў горадзе стартаваў тэлевізійны дабрачынны марафон «Падорым дзецям казку», які аб’яднаў дзяржаўныя арганізацыі, установы, прыватны бізнес і грамадскасць у жаданні дапамагчы маленькім бабруйчанам. Карэспандэнты БелТА наведалі Бабруйск і даведаліся, што дзецям рыхтуе марафон.

«Падрыхтоўка да марафону была вельмі адказнай. Нам трэба было прадумаць кожную дробязь і нічога не выпусціць з-пад увагі, бо свята павінна прыйсці да кожнага дзіцяці, – пастлумачыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Таццяна Гарбачова. – Традыцыйна падарункі да Новага года атрымаюць дзеці з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, апякунскіх і прыёмных сем’яў, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзеці, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю».

Адзін з важных атрыбутаў дабрачыннага марафону – незвычайная навагодняя ёлка. На ёй размешчаны навагоднія цацкі, у якіх «схаваліся» дзіцячыя жаданні.

«На ёлцы ў нас 25 жаданняў дзяцей з сацыяльнага прытулку. Кожны госць марафону, акрамя тых падарункаў і сертыфікатаў, якія ён прынёс, павінен будзе стаць чараўніком для аднаго дзіцяці – зняць цацку, прачытаць гэтае жаданне і абавязкова яго выканаць», – расказала Таццяна Гарбачова.

Жаданні ў рабят самыя розныя: мячы, машынкі на пульце кіравання, робаты, лялькі і настольныя гульні. Хлопчык старэйшы папрасіў заплечнік, а падрастаючая прыгажуня – фен.

«Пасля таго, як усе пажаданні з нашай ёлкі будуць выкананыя, мы збяром падарункі і паедзем у сацыяльны прытулак. Дзецям мы зробім сапраўдны навагодні ранішнік з казачнымі персанажамі, цёплымі пажаданнямі на наступны год. Падарункі ім уручаць Дзед Мароз і Снягурка», – адзначыла Таццяна Гарбачова.

Старт гарадскому дабрачыннаму марафону ў эфіры мясцовага тэлебачання даў старшыня Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў.

«У навагоднія і калядныя святы прынята дзяліцца цяплом з роднымі і блізкімі людзьмі. У гэты час кожны можа ўвасобіць у жыццё мару дзіцяці, якое апынулася ў цяжкіх жыццёвых абставінах, падтрымаць добрай справай тых, хто выхоўваецца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях. Ужо чвэрць стагоддзя ў нашай краіне праходзіць акцыя «Нашы дзеці», і мы не павінны заставацца ў баку ад добрых спраў, – адзначыў Аляксандр Студнеў. – Мы даём старт гарадскому дабрачыннаму марафону па выкананні маленькіх і важных дзіцячых жаданняў, бо напярэдадні самых чароўных святаў цуды павінны здарацца ў жыцці кожнага дзіцяці».

Аляксандру Студневу дасталася права першаму выканаць мару Максіма, які вельмі хоча атрымаць машынку на пульце кіравання.

Да акцыі далучылася дырэктар Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Таццяна Зайцава. На марафон яна прынесла сертыфікат на бясплатнае наведванне рэзідэнцыі Дзеда Мароза для дзяцей-сірот і дзяцей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

«Сёлета мы арганізавалі для дзяцей рэзідэнцыю Дзеда Мароза – падарожжа ў сапраўдную казачную краіну з гульнямі, зносінамі і падарункамі, – расказала Таццяна Зайцава. – Праз эпідэміялагічную сітуацыю ва ўстанове выконваюцца ўсе неабходныя санітарныя нормы: падтрымліваем масачны рэжым, апрацоўваем і дэзынфікуем памяшканні, паверхні і месцы агульнага карыстання, на ўваходзе вымяраем тэмпературу ў гасцей. Важна не толькі стварыць дзецям навагодні настрой, але і зрабіць гэтае свята ў першую чаргу бяспечным».

«Новы год – заўсёды казка для дзяцей і для дарослых. У гэты час асабліва хочацца верыць у нешта добрае і светлае. Кожны спадзяецца, што яго самае патаемнае жаданне споўніцца. І яно абавязкова збываецца, калі верыць. У нашых сілах дапамагчы гэтаму спраўдзіцца. Бо так выдатна дзяліцца з дзецьмі цяплом і верай у навагодні цуд», – адзначыла Таццяна Зайцава.

Сертыфікаты на Рэспубліканскую прафсаюзную ёлку ў Мінску, бясплатныя масавыя катанні ў Лядовым палацы Бабруйска – усё гэта перадалі дзецям у першы дзень марафону.

Адзін з пастаянных удзельнікаў дабрачынных акцый для дзяцей – дырэктар ААТ «Славянка» Тэймураз Бачарышвілі – упэўнены, што ніколі нельга заставацца ў баку ад добрых спраў.

«Наша прадпрыемства заўсёды ўдзельнічае ў акцыях, якія праводзяцца для дзяцей. Мы стараемся ствараць добрае і навагодні настрой асабліва тым дзецям, якія абдзелены ўвагай і ласкай з боку бацькоў, – адзначыў Тэймураз Бачарышвілі. – Вядома, хочацца стварыць у іх жыцці самы сапраўдны цуд. І ўсё абавязкова вернецца да цябе. Зараз, на мой погляд, важна ўжо з ранняга ўзросту вучыць дзяцей дабру і міласэрнасці. Навучыць іх дзяліцца з тымі, у каго чагосьці не хапае – цацкай, цукеркай, душэўным цяплом. І калі мы пачнем гэтаму вучыць дзяцей з дзяцінства, свет вакол нас стане нашмат лепшым».

Пасля зносін з удзельнікамі дабрачыннага марафону карэспандэнты зазірнулі ў госці ў дзіцячы дом сямейнага тыпу да Таццяны і Мікалая Парфёнавых. Летась яны сталі гаспадарамі новага вялікага дома.

«Мы пасля пераезду павялічыліся: цяпер у нас не 9, а 12 дзяцей, – расказвае з парога Таццяна Парфёнава. – На самай справе іх 13, проста наша старэйшая Вікторыя цяпер вучыцца, таму не жыве з намі. Можна сказаць, выпускніца, але кожнае свята, кожныя выхадныя яна прыязджае да нас дадому – да мамы, таты, брацікаў і сястрычак».

У іх сям’і дзеці рознага ўзросту: ад 1,8 да 14 гадоў. Жанчына падзялілася, што яна самая шчаслівая мама на свеце.

«Мы не падзяляем дзяцей на сваіх і прыёмных. Усе нашы, родныя і любімыя. Проста прозвішчы розныя, але гэта не бяда, – кажа жанчына. – Усе дружныя, у любую справу – разам: і з мамай пірагі пячы, і ёлку ўпрыгожваць», – расказала жанчына.

У сям’і Парфёнавых ужо на ўсю моц рыхтуюцца да Новага года: паставілі і прыбралі ёлкі, упрыгожваюць дом. «Дзеці вельмі любяць гэтае свята. Для іх нават працэс упрыгожвання ёлкі – чароўная гісторыя. І мы падтрымліваем гэты дух чараўніцтва. Ёсць нават традыцыя, як правільна загадаць жаданне, каб Дзед Мароз пачуў і абавязкова выканаў», – адзначыла Таццяна Парфёнава.

У адной з навагодніх ёлак у доме мы знайшлі прыгожых Дзеда Мароза і Снягурку, а побач з імі – дзіцячыя канверты і паштоўкі з пажаданнямі. «Каб жаданне споўнілася, трэба напісаць ліст. Пасля гэтага апоўначы нашаптаць на вушка Дзеду Марозу самае патаемнае жаданне, пакласці пад ялінку ліст. І ўсё, застаецца чакаць. Нашым дзецям вельмі шанцуе: Дзядуля Мароз заўсёды выконвае іх мары», – падзялілася шматдзетная мама.

Хлапчукі просяць робатаў і машынкі на пульце кіравання, дзяўчынкі – прыгожых лялек і ўсякія дзявочыя штучкі. «Каб быць самымі прыгожымі», – сказала па сакрэце маленькая Сафія.

«Зусім хутка да нас будуць прыходзіць госці: кіраўніцтва раёна і горада, прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў. Іх падтрымку мы адчуваем і атрымліваем не толькі напярэдадні святаў, але і на працягу ўсяго года. Выдатна, што нас так падтрымліваюць, – падзялілася Таццяна Парфёнава. – Хочацца пажадаць усім напярэдадні Новага года здароўя, дабра і шчасця. І хай у кожнага дзіцяці будзе сапраўдная сям’я. Таму што толькі ў такіх умовах можна выхоўваць шчаслівых дзяцей, якія потым стануць добрымі, спагадлівымі і адказнымі дарослымі».

Анастасія Гузоўскай, фота Алега Файніцкага, БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая