RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканскі семінар-практыкум «Аматарскі тэатр у сацыякультурным аспекце горада і рэгіёна» пройдзе 19-20 сакавіка ў Магілёве

Рэспубліканскі семінар-практыкум «Аматарскі тэатр у сацыякультурным аспекце горада і рэгіёна» для кіраўнікоў і рэжысёраў аматарскіх тэатральных калектываў рэгіёнаў Беларусі пройдзе 19-20 сакавіка ў Магілёве. Пра гэта паведамілі ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай працы, дзе ў 11.00 стартуе мерапрыемства.

Пасля адкрыцця аматарскі тэатр горада Новасібірска (Расія) прадставіць вопыт арганізацыі творчага працэсу ў сваім калектыве. Аб развіцці аматарскага тэатральнага руху на Магілёўшчыне раскажа галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра Наталля Маісеева. Пасля заканчэння выступлення ўдзельнікі семінара абмяняюцца вопытам працы па праблемах жыццяздольнасці аматарскага тэатральнага жанру.

У гэты ж дзень запланавана наведванне Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў №1. Тут кіраўнікі і рэжысёры тэатральных калектываў пазнаёмяцца з дзейнасцю ўзорнага Тэатра «Рэха» і ўбачаць спектакль «Маленькі прынц» па казцы Антуана дэ Сэнт-Экзюперы.

Пад дэвізам «Тэатр – прастора для зносін» у Магілёўскім гарадскім Цэнтры культуры і вольнага часу пройдзе знаёмства з народным тэатрам «Валянцін». Закончыцца мерапрыемства праглядам спектакля «Кабала святош» па п’есе Міхаіла Булгакава.

20 сакавіка спецыялісты абласнога метадычнага цэнтра прадставяць удзельнікам семінара прэзентацыйную пляцоўку «Фальклорны тэатр». У яе працы прымуць удзел фальклорныя і тэатральныя калектывы Горацкага, Хоцімскага, Асіповіцкага і Клімавіцкага раёнаў. Затым адбудзецца «Тэатральны марафон». Вядучыя аматарскія тэатральныя калетывы Прыдняпроўскага краю (народныя тэатры Краснапольскага раённага цэнтра культуры, «Прамень» Хоцімскага раённага цэнтра культуры і чытальнікаў, «Сюжэт» Магілёўскага раённага цэнтра культуры) пакажуць фрагменты спектакляў.

Арганізатарамі семінара-практыкума выступяць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Упраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама, Дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» і Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай працы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая