RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэстаўрацыйныя працы палаца Булгакаў у Жылічах падыходзяць да канца

Рэстаўрацыйныя працы палацава-паркавага ансамбля ХІХ стагоддзя ў аграгарадку Жылічы Кіраўскага раёна падыходзяць да завяршальнага этапу. Пра гэта расказаў дырэктар Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея Уладзіслаў Кулакевіч.

Рэстаўрацыйныя работы ў комплексе пачаліся ў 2009 годзе. Гісторыка-культурная каштоўнасць уключана ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2022 год. Рэканструкцыю тут плануюць завяршыць на працягу года.

«На сённяшні дзень вялікая частка рэстаўрацыйных работ у палацы ўжо падыходзіць да завяршэння. Адноўлены і адрэстаўраваны ляпны дэкор парадных залаў палаца, кафляныя печы, каміны з мармуру, мастацкі паркет. Унутры палаца засталося не так ужо шмат работ, але і яны патрабуюць часу, – расказаў дырэктар комплексу. – Зараз ідуць работы па афарбоўцы фасада палаца, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый».

Наступным этапам стане афармленне інтэр’ерных залаў. «У найбліжэйшай будучыні будзе заказвацца мэбля для афармлення інтэр’ераў паводле гістарычных фатаграфій. У гэтым пытанні стаўка робіцца на беларускіх вытворцаў», – адзначыў Уладзіслаў Кулакевіч.

Нягледзячы на ўжо неаднагадовы працяг рамонтных і рэстаўрацыйных работ, тут расце паток турыстаў. «У мінулым годзе нас наведала каля 6 тыс. чалавек, а ў гэтым – ужо больш за 3 тыс. І цікавасць у людзей толькі расце. Да нас прыязджаюць турысты з розных куткоў Беларусі, ёсць госці і з Расіі. Да пандэміі каранавіруса турыстаў з Расійскай Федэрацыі было больш, але зараз ужо зняты ўсе абмежаванні, і мы ўпэўнены, што гэты паток з часам цалкам адновіцца, – адзначыў дырэктар. – Ёсць сярод нашых турыстаў і пастаянныя госці. На працягу некалькіх гадоў яны прыязджаюць да нас кожны год, каб не толькі акунуцца ў дзіўную прыгажосць гэтага месца, але і паназіраць, як ідуць рэстаўрацыйныя і рамонтныя работы. Гэты працэс таксама выклікае вялікую цікавасць. Вядома, хочацца паказаць нашых гасцям палац ва ўсёй яго красе, мы нікому не адмаўляем у экскурсіях».

Палацава-паркавы ансамбль у Жылічах – гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага ўзроўню. Пачаў будаўніцтва палаца ў 1823 годзе Ігнат Булгак, які быў Бабруйскім маршалкам і ганаровым наглядчыкам вучылішчаў. Пры жыцці Ігната была ўзведзена вялікая частка палаца, пасля яго смерці ён неаднаразова перабудоўваўся яго дзецьмі. Палац вытрыманы ў адзіным класічным стылі. У розны час тут размяшчаліся дзіцячы дом, потым агранамічная школа. Падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы ўладкавалі тут свой шпіталь. З 1950-га года ў палацы працаваў сельскагаспадарчы тэхнікум. У цэлым будынак дайшоў да нашага часу ў добрым стане: за дзве сусветныя вайны ён не быў спалены і не падвяргаўся бамбардзіроўкам.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая