RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Руслан Страхар «Омск Карбон Магілёў» – яскравы прыклад прамысловай кааперацыі дзвюх дзяржаў

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар наведаў «Омск Карбон Магілёў». Віцэ-губернатар азнаёміўся з заводам па вытворчасці тэхнічнага вугляроду, на якім напярэдадні пачаўся выпуск прадукцыі ў межах пуска-наладачных работ, паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.

Асаблівую цікавасць Руслана Страхара выклікала азнаямленне з цэнтральнай заводскай лабараторыяй, якая мае самае сучаснае абсталяванне. Яго кошт на сённяшні дзень перавысіў $2,4 млн. Калектыў лабараторыі (а гэта каля 30 чалавек) штодня праводзіць шырокі спектр даследаванняў. З пачаткам пуска-наладачных работ іх колькасць перавысіла дзве сотні за суткі.

Руслану Стахару паведамілі аб выніках лабараторных даследаванняў, якія з пачаткам пуску першага тэхналагічнага патоку на прадпрыемстве правялі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Па выніках адабраных пробаў на крыніцах усе паказчыкі па выкідах, у тым ліку цвёрдых часціцах, не перавышаюць устаноўленыя заканадаўствам нарматывы. Паралельна пробы адбіраліся і інжынерамі санітарнай лабараторыі завода. Сёння Цэнтральная заводская лабараторыя таксама рыхтуецца да заключэння дагавора на ўдзел у міжлабараторных супастаўленнях, удзельнікамі якога, акрамя ЦЗЛ «Омск Карбон Магілёў», стануць лабараторыі Белгідрамета і Магілёўаблгідрамета.

«Першае знаёмства з прадпрыемствам на свае вочы ўражвае. Узровень аснашчанасці, у прыватнасці, лабараторным абсталяваннем, на вышыні. Усё гэта сведчыць пра тое, што для «Омск Карбон Магілёў» тэма экалогіі і бяспечнай дзейнасці – на першым месцы. Пры гэтым варта адзначыць, што напярэдадні прадпрыемствам атрымана станоўчае заключэнне экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь па гэтым праекце, што дае падставу для законнага правядзення пуска-наладачных работ», – падзяліўся ўражаннямі Руслан Страхар.

Размова аб праведзенай рабоце і планах на будучыню прадоўжылася ў зале перамоў. Генеральны дырэктар «Омск Карбон Магілёў» Марат Ігізбаеў расказаў аб этапах рэалізацыі інвестыцыйнай дамовы. Былі ўзняты тэмы будаўнічай гатоўнасці другога тэхналагічнага патоку, стварэння працоўных месцаў, аб’ёмаў прадукцыі, будучых экспартных кірункаў.

«Будаўніцтва завода па вытворчасці тэхнічнага вугляроду – гэта першы падобны вопыт не толькі для Магілёўскай вобласці, але і Беларусі ў цэлым. Упэўнены: ён будзе паспяховым. Без перабольшання можна сказаць, што гэта праект саюзнага значэння і, што вельмі важна, ён на кантролі дыпламатычных службаў дзвюх дзяржаў. Сімвалічна, што пачатак пуска-наладачных работ на «Омск Карбон Магілёў» практычна супаў з 20-годдзем падпісання дакументаў аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Гэта яркі прыклад прамысловай кааперацыі краін. У нас з’явілася высокатэхналагічная вытворчасць, пачаты выпуск інавацыйнай прадукцыі, на прадпрыемстве ўжо створана больш за 370 новых працоўных месцаў – гэта важкі ўклад у эканоміку нашага рэгіёна», – адзначыў віцэ-губернатар.

На сустрэчы таксама прысутнічала кіраўніцтва камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама і свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў». На развітанне Руслан Страхар выказаў пажаданне прадпрыемству: «Напярэдадні Новага года хацеў бы пажадаць прадпрыемству і яго працоўнаму калектыву рэалізацыі ўсіх намечаных планаў, паспяховай працы, што ў канчатковым выніку адаб’ецца на папаўненні бюджэту Магілёўскай вобласці, а значыць, мы зможам рэалізаваць больш сацыяльных праграм для нашых грамадзян».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая