RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Руслан Страхар: рост інвестыцый і ВРП забяспечыць стабільнае развіццё рэгіёна

Рост інвестыцый і валавога рэгіянальнага прадукту забяспечыць стабільнае развіццё Магілёўскага рэгіёна ў 2022 годзе. Такім меркаваннем падзяліўся намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар падчас 35-й сесіі Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў.

«Сёння на пасяджэнні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта былі зацверджаны прагнозныя параметры для гарадоў і раёнаў вобласці, а таксама для галін эканомікі на 2022 год. На сесіі абласнога савета дэпутаты зацвердзілі праграму развіцця Магілёўскага рэгіёна на наступны год, – адзначыў ён. – Асноўныя арыенціры засталіся ранейшымі: прывабліванне інвестыцый, паступленне даходаў у бюджэт і самае важнае – рост валавога рэгіянальнага прадукту. Усё гэта накіравана на паляпшэнне дабрабыту нашых грамадзян, павышэнне заработнай платы. Гэтыя асноўныя паказчыкі былі вызначаны на VI Усебеларускім народным сходзе і ляглі ў аснову праграмы Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады. Паказчыкі Магілёўскай вобласці на 2022 год цалкам адпавядаюць з пяцігадовай праграмай развіцця».

Падчас свайго выступлення Руслан Страхар падвёў вынікі папярэдняй пяцігодкі. «Тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту склаў 101,4%, індэкс прамысловай вытворчасці – 114,9%, індэкс вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельгасарганізацыях – 109,2%. За пяць гадоў на прамысловых прадпрыемствах вобласці былі рэалізаваны буйныя інвестыцыйныя праекты. Сярод іх першая чарга комплексу па вытворчасці поліэфірнай прадукцыі ААТ «Магілёўхімвалакно», інавацыйны праект па выпуску тканіны з новымі спажывецкімі ўласцівасцямі ААТ «Магатэкс» і іншыя. За гэты перыяд правялі мадэрнізацыю вытворчасці на асноўных прадпрыемствах вобласці: ААТ «Белшына», «Магілёўліфтмаш», «Ольса», «Папяровая фабрыка “Спартак”» і іншых, – адзначыў ён. – У сельскагаспадарчай галіне ўзровень вытворчасці збожжа, гародніны, малака, яек, вырошчвання жывёлы і птушкі дазволіў напоўніць унутраны рынак якаснымі прадуктамі харчавання, а таксама забяспечыць іх пастаўку на экспарт».

За пяць гадоў у эканоміку рэгіёна паступіла $409 млн прамых замежных інвестыцый.

На 2022 год, як і на бягучую пяцігодку, перад рэгіёнам стаяць сур’ёзныя задачы. Сярод мэтавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, устаноўленых для Магілёўскага аблвыканкама на 2022 год: валавы рэгіянальны прадукт з тэмпам росту 103%, інвестыцыі ў асноўны капітал – 103,3%, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата – 109,7%, сукупнае паступленне даходаў у кансалідаваны бюджэт вобласці – 107,6%.

Асноўныя арыенціры ў развіцці нашай краіны: шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна і дзяржава-партнёр. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці на 2021–2025 гады цалкам адпавядае гэтым прыярытэтам. Неабходна забяспечваць стабільнасць у грамадстве, рост заработнай платы за кошт мадэрнізацыі эканомікі, стварэнне камфортных умоў для жыцця і самарэалізацыі людзей», – адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

У працы сесіі прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, намеснік міністра эканомікі Анжаліка Нікіціна, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, абласнога і раённых Саветаў дэпутатаў, старшыні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая