RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Руслан Страхар: у беларускай мадэлі дзяржаўнасці заключана сутнасць стратэгіі ўстойлівага развіцця

Філасофія беларускай мадэлі дзяржаўнасці і ёсць сутнасць стратэгіі ўстойлівага развіцця ААН. Такую думку падчас пашыранага пасяджэння абласной рабочай групы па ўстойлівым развіцці выказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар.

Паводле слоў Руслана Страхара, пры распрацоўцы абласной стратэгіі ўстойлівага развіцця стала відавочна: у Беларусі ўжо не адно дзесяцігоддзе працуюць над дасягненнем мэт, якія зараз замацаваны ў дакуменце. «Сама філасофія беларускай мадэлі дзяржаўнасці, арыентаванай на стварэнне спрыяльных умоў для жыцця грамадзян, і ёсць сутнасць і соль усёй работы стратэгіі ўстойлівага развіцця, якая вызначана ААН», – адзначыў ён.

«У Магілёўскай вобласці працягваецца планамерная праца па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, – сказаў Руслан Страхар. – Распрацавана, зацверджана і рэалізуецца абласная стратэгія па дасягненню Мэт устойлівага развіцця да 2025 года. На першапачатковым этапе агульнай задачай стала імплементаваць мэты і задачы стратэгіі МУР у тую работу, якую мы праводзім пастаянна ўжо не адзін дзясятак гадоў, а таксама ўцягнуць у яе як мага больш удзельнікаў: прадстаўнікоў грамадскасці, працоўных калектываў. Чым больш людзей уцягнута ў гэты працэс, тым лепшы і больш устойлівы вынік».

Намеснік старшыні аблвыканкама акцэнтаваў увагу на тым, што ў Беларусі надаецца вялікае значэнне развіццю чалавечага патэнцыялу, стварэнню спрыяльных умоў для жыцця, павышэнню адукацыйнага ўзроўню людзей. Гэта не новая работа, таму сітуацыя ў свеце, звязаная з санкцыйным ціскам і заходняй інфармацыйнай палітыкай, не зробіць на яе істотнага ўплыву.

«На нас гэта ніяк не павінна паўплываць: мы працягваем займацца гэтымі пытаннямі, як і раней: ставім задачы даваць адукацыю нашым дзецям, паляпшаць экалогію, ствараць новыя працоўныя месцы, – падкрэсліў Руслан Страхар. – Далей мы таксама будзем рухацца наперад, і, упэўнены, гэты рух будзе праходзіць хутчэй, чым у краінах калектыўнага Захаду. Калі сітуацыя нармалізуецца, мы вернемся да гэтага пытання. Тады стане відавочна, хто чаго дасягнуў за гэты час, і нам дакладна будзе што сказаць. Тым больш нават ва ўмовах санкцыйнага ціску асноўныя дзяржаўныя праграмы працягваюць фінансавацца».

«У гэты няпросты для ўсяго свету час у многіх краінах разрыў паміж багатымі і беднымі толькі нарастае, многія на гэтым нажываюцца, – падкрэсліў Руслан Страхар. – У нас, як і раней, асноўны ўпор зроблены на чалавека, стварэнне нармальных умоў жыцця і развіццё чалавечага патэнцыялу. Праца ў гэтым кірунку ўвесь час працягваецца».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая