RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Семінар-нарада аб развіцці і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак прайшоў у Магілёўскім раёне

Удзельнікі семінара-нарады – старшыні сельсаветаў, уладальнікі АПГ, прадстаўнікі райвыканкама, спецыялісты банка. У раёне двума гадамі раней прынялі праграму падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак на 2020–2024 гады. А зараз раённыя ўлады разам з тымі, чые інтарэсы і заклікана абараняць гэтая праграма, вырашылі зверыць гадзіннікі: якія яшчэ меры падтрымкі актуальныя для прадпрымальных вяскоўцаў, як зацікавіць як мага больш жыхароў раёна зарабляць на сваіх шасці сотках. Старшыні сельсаветаў павінны стаць генератарамі папулярызацыі асабістых падсобных гаспадарак.

Старшыня Сідаравіцкага сельвыканкама Алена Пшанічная адзначыла, што цікавасць зарабляць на зямлі стабільна расце сярод мясцовага насельніцтва:

– Каля 60 працэнтаў жыхароў нашага сельсавета маюць асабістыя падсобныя гаспадаркі. На працягу апошніх гадоў пяці намецілася тэндэнцыя не проста вырошчваць сельгаспрадукцыю для сябе, але і прадаваць злішкі. Па многіх пазіцыях, скажам, курыныя яйкі, казінае малако, бараніна – трэба запісвацца ў чаргу, каб купіць. І яшчэ адно назіранне: тыя, хто калісьці ад’язджаў на заробкі ў горад, вяртаюцца ў бацькоўскія дамы і адкрываюць сямейныя міні-фермы.

У маршруце ўдзельнікаў семінара была АПГ Сяргея Шаміна, які спецыялізуецца на развядзенні коз і курэй. У суседняй вёсцы Бароўка на бацькоўскім участку маладыя муж і жонка – гараджане Васіль і Таццяна Макавецкія – заняліся развядзеннем саджанцаў туі. А прама праз плот ад іх гадавальніка – «неспакойная гаспадарка». Так сваю АПГ назваў Алег Чэпік. На яго падворку авечкі, куры, качкі, індакачкі, перапёлкі, трусы – адсюль і назва.

А вось кіраўнік СФГ Сяргей Куцанаў прапанаваў кожнаму старшыні сельсавета – удзельніку семінара – вырошчваць у сябе саджанцы буякоў і раздаваць вяскоўцам. Стаўка на ягаду, па перакананні дасведчанага бізнесмена, можа дапамагчы вырашыць комплекс праблем у сельскай мясцовасці, у тым ліку забяспечыць самазанятасць вяскоўцаў і павышэнне ўзроўню дабрабыту.

Выставу з дэгустацыяй зладзілі АПГ раёна. Сала, сыры, мёд, садавіна – старшыні сельсаветаў ідэі для аграбізнесу бралі на аловак. У гэтым і была задумка семінара, які ў Магілёўскім раёне зараз стане традыцыйным, – растлумачыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Ярошчанка:

– Мы хочам, каб старшыні сельвыканкамаў разам са старастамі, дэпутатамі сталі генератарамі развіцця асабістых падсобных гаспадарак у сваёй мясцовасці, падказвалі вяскоўцам ідэі бізнес-планаў, расказалі аб мерах дзяржпадтрымкі. Такім чынам будзе вырашацца ў ліку іншых і пытанне самазанятасці насельніцтва. У такіх нашых сельсаветах, як Падгор’еўскі, Махаўскі сёння няма сельгаспрадпрыемстваў, толькі фермерскія гаспадаркі, таму мы агітуем вяскоўцаў зарабляць на сваіх сотках. Сёння ў раёне 20,5 тысяч АПГ, плюс паўтысячы за гэты год. Разам з тым, колькасць буйной рагатай жывёлы зменшылася. І мы павінны сёння паслухаць людзей, як раённыя ўлады могуць падставіць плячо, якія меры падтрымкі найбольш актуальныя.

На размову запрасілі прадстаўнікоў банка, якія расказалі пра ўмовы атрымання крэдыту на развіццё АПГ пад 5 працэнтаў. Спецыяліст райспажыўтаварыства адзначыла, што ў вяскоўцаў раёна сёлета было закуплена больш за 500 тон малака, паўсотні галоў маладняку, больш за 3700 тон яблыкаў, 175 тон бульбы і іншай сельгаспрадукцыі на суму звыш 7 мільёнаў рублёў. Сацабарона прапанавала свой варыянт падтрымкі ініцыятыў – субсідыі на адкрыццё сваёй справы. Сёння гэта 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму – звыш 5000 рублёў. Сёлета ў раёне субсідыямі скарысталася 6 чалавек. Узнятыя гаспадарамі АПГ пытанні паабяцалі разгледзець на ўзроўні райвыканкама. І падчас размовы нарадзілася ідэя – аб’яднаць усіх вытворцаў натурпрадуктаў у Магілёўскім раёне пад адным брэндам і наладзіць маркетынг.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая