RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Шэсцьдзясят гадоў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт рыхтуе інжынерную эліту краіны

Шэсцьдзесят гадоў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт рыхтуе інжынерную эліту краіны. Сёння ў ВНУ адбылося мерапрыемства, прысвечанае юбілейнай даце. Ва ўрачыстай абстаноўцы прагучалі цёплыя і душэўныя словы віншаванняў, былі ўручаны ганаровыя граматы і падзякі.

«Сярод выпускнікоў універсітэта нямала паважаных людзей краіны, якія паспяхова працуюць у розных сферах народна-гаспадарчага комплексу, – падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. – ВНУ прайшла няпросты шлях станаўлення, аб якім расказвае адкрыўся музей гісторыі. Нягледзячы на гэта, навучальная ўстанова сёння з’яўляецца міжнародным навукова-адукацыйным цэнтрам, унікальнасць якога ў аб’яднанні адукацыйных праграм і стандартаў Беларусі і Расіі. Тут створана сучасная база для навучання, працуе моцны і прафесійны калектыў выкладчыкаў. Упэўнены, гэты патэнцыял дазволіць ВНУ яшчэ доўгі час утрымліваць высокі рэйтынг».

У сваю чаргу, кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Мар’яна Шчоткіна звярнула ўвагу на значны ўклад ВНУ ў рэалізацыю саюзных праграм Беларусі і Расіі. «4 лістапада прайшоў Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы, дзе зацвердзілі 28 праграм. І каб яны былі рэалізаваны, неабходна інавацыйнае развіццё ўсіх галін эканомікі, якое магчыма толькі ў тым выпадку, калі ёсць кваліфікаваныя, добра падрыхтаваныя кадры», – канстатавала яна.

Па праекце Саюзнай дзяржавы «Развіццё адукацыйнай і навуковай дзейнасці БРУ на базе інавацыйных тэхналогій» ВНУ былі выдзелены сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і арганізацыю лічбавага асяроддзя для адукацыйнага працэсу. Гэта дазволіла стварыць добрыя ўмовы для развіцця навукі, адкрыцця новых спецыяльнасцей. «У выніку было закуплена праграмнае забеспячэнне, абсталяванне, створаны новыя лабараторыі. Чаго толькі варты парашковы 3D-прынтэр, які дазволіў адкрыць новы напрамак дзейнасці – вытворчасць вырабаў па трохмерных тэхналогіях, – адзначыла Марыяна Шчоткіна. – Мы ганарымся гэтай ВНУ, таму што тут вучыцца моладзь з усёй Беларусі і Расіі. Сеткавыя адукацыйныя праграмы і праекты, якія рэалізуюцца сумесна з ВНУ краіны-суседкі, садзейнічаюць акадэмічнай мабільнасці выкладчыкаў, што дае магчымасць павышаць веды, удасканальваць навыкі, абменьвацца вопытам. Таму мы спадзяёмся, што дзякуючы такой базе развіццё пойдзе сямімільнымі крокамі».

Кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы падкрэсліла: менавіта навука стварае новыя кірункі дзейнасці. «Кадры вырашаюць усё. Так было заўсёды, – адзначыла Марыяна Шчоткіна, – бо інжынер – гэта вынаходнік. І сёння стаўка робіцца на моладзь, новыя інавацыйныя крэатыўныя ідэі, якія забяспечаць выкананне саюзных праграм».

Створаны ў 1961 годзе Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут за некалькі дзясяткаў гадоў стаў вядомы не толькі ў нашай рэспубліцы, але і ў многіх кутках СССР і краінах далёкага замежжа дзякуючы працы і таленту сваіх выпускнікоў. Менавіта тады, у 60-я і 70-я гады мінулага стагоддзя адбывалася станаўленне навуковых школ і напрамкаў, якія і зараз працягваюць эфектыўна працаваць.

Міждзяржаўны статус, які атрымала ВНУ пасля пераўтварэння ў 2003 годзе ў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, дазволіў надаць імпульс развіццю, умацаваць міжнародныя сувязі, рэалізаваць новыя магчымасці. З’явілася маса праектаў, у рэалізацыі якіх універсітэт прымае ўдзел. Актывізавалася міжнароднае супрацоўніцтва, ВНУ ўмацоўвае свае пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах.

Як расказаў рэктар міждзяржаўнай адукацыйнай установы вышэйшай адукацыі «Беларуска-Расійскі ўніверсітэт» Міхаіл Лусцянкоў, БРУ мае магутную матэрыяльную базу, якая істотна ўмацавалася за апошнія гады. Закуплена найноўшае тэхналагічнае абсталяванне, прыборы, вучэбна-лабараторныя стэнды, сучасным магутным інжынерным абсталяваннем аснашчаны камп’ютарныя класы. Створаная інфраструктура дазваляе вырашаць самыя амбіцыйныя задачы.

Першапачаткова створаная як ВНУ тэхнічнага профілю, універсітэт захаваў сваю накіраванасць на вытворчую сферу, пашырыўшы напрамкі падрыхтоўкі з улікам сучасных патрабаванняў эканомікі. «Калі ў 1961 годзе на першы курс набіралі 350 чалавек, то сёння навучаецца больш за 6 тыс. слухачоў, студэнтаў і навучэнцаў, – адзначыў Міхаіл Лусцянкоў, – бо сучасны БРУ – гэта буйны рэгіянальны навукова-адукацыйны цэнтр, які ўключае архітэктурна-будаўнічы каледж, ліцэй, інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў».

На дадзены момант ва ўніверсітэце атрымлівае веды 4,5 тыс. студэнтаў, у тым ліку больш за 300 замежных. Тут ёсць не толькі расіяне, але і маладыя людзі з Туркменістана, Кітая. БРУ рыхтуе спецыялістаў, магістраў і бакалаўраў у галіне новых тэхналогій машынабудавання, праектавання і эксплуатацыі аўтатранспарту, электратэхнікі, электронікі, будаўніцтва будынкаў і дарог, IT-тэхналогій і эканомікі.

ВНУ пастаянна пашырае наменклатуру спецыяльнасцей, дадаў рэктар. Зусім нядаўна набралі студэнтаў на гуманітарнае «Замежнае рэгіяназнаўства». З наступнага года плануюць пачаць падрыхтоўку спецыялістаў па нафтагазавай справе.

Штогод ВНУ выпускае каля тысячы спецыялістаў тэхнічнага і інжынерна-эканамічнага профілю. А ў цэлым за мінулыя гады выпускнікамі ўніверсітэта стала 48,5 тыс. спецыялістаў.

Гістарычна склалася, што «Машынка» – гэта знак якасці, і новыя пакаленні выкладчыкаў годна працягваюць навуковыя традыцыі. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з вядучымі прамысловымі прадпрыемствамі Рэспублікі Беларусь, як з заказчыкамі кадраў і як са спажыўцамі навуковай прадукцыі і паслуг, а таксама плённыя замежныя сувязі з навучальнымі ўстановамі, арганізацыямі і навукоўцамі з Балгарыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Казахстана, Кітая, Латвіі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славакіі, Таджыкістана, Украіны.

«Здабыткам універсітэта з’яўляецца калектыў. Дружны, згуртаваны, здольны хутка мабілізавацца ў цяжкія моманты. Менавіта дзякуючы такому калектыву сталі магчымыя ўсе цяперашнія дасягненні ўніверсітэта і гарантаваныя будучыя перамогі», – лічыць Міхаіл Лусцянкоў.

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая