RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Школы Магілёўскай вобласці практычна гатовыя да новага навучальнага года

Завадская Слабада – вельмі ўтульны аграгарадок, што знаходіцца ва ўкромным закутку Магілёўскага раёна. Кожная вуліца, кожны будынак сведчаць аб тым, што пра іх клапоціцца гаспадарчая рука. Не выключэнне і Хонаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа, які сустракае гасцей пафарбаваным плотам, яркімі кветнічкамі… Дарэчы, установа адукацыі поўнасцю беларускамоўная, таму ў мяне, натхнёнай гутаркай з мясцовым педкалектывам і вучнямі, не ўзнікла і сумнення, што тэкст таксама трэба рыхтаваць на роднай мове.

– Наша школа, якой болей за сто гадоў, мае вельмі багатую гісторыю, – праводзіць экскурсію дырэктар Ірына Сырамалотава. – Спачатку яна знаходзілася ў суседняй вёсцы Малое Хонава, дзе да вайны была пачатковая школа, а потым базавая. У 1975 годзе яе перанеслі ў Слабаду, пры гэтым як дань гісторыі назву пакінулі ранейшай. Зараз мы выхоўваем 76 школь­нікаў і 26 дашкалят.

Нягледзячы на тое што школа «ва ўзросце», яна сустракае з пяшчотай: дагледжаная, з аздобленымі калідорамі і ўтульнымі кабінетамі. Кожная сцяна цікава дэкарыравана, паўсюль красуюцца кветкі і вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

– Гэтым летам таксама пафарбавалі памяшканні, абнавілі спортзал і сталовую, дзе, апроч усяго, прыгожа размалявалі сцены, – працягвае Ірына Міхайлаўна. – Усё гэта рабілі нашы тэхнічныя і педагагічныя супрацоўнікі. Яны не баяцца ніякай працы – могуць класцi плітку, касіць траву, грэбці. Таксама дапамагалі і дзеці, і іх бацькі. Зразумела, што школьнікам не ўсе работы можам даручыць, але аздабляльныя моманты – калі ласка.

Вось і вучаніцы выпускных класаў Крысціна Красоўская, Марыя Чубко і Алена Пусікава як могуць прыбіраюць школу: праціраюць пыл, паліваюць кветкі, расстаўляюць парты.

– Прыклад падаюць настаўнікі, якія з такой пяшчотай адносяцца да школы, што хочацца ім дапамагчы, – усміхаецца Алена.

Яна сама хоча стаць педагогам, як і Крысціна, якая шмат часу праводзіць з пяцiгадовай сястрой, таму марыць аб прафесіі выхавальніка. Дзяўчыны не выключаюць, што будуць працаваць у родным аграгарадку.

Дарэчы, каля 90 працэнтаў працоўнага калектыву – выпускнікі школы, якія імкнуц­ца зрабіць яе больш утульнай. Значную дапамогу ім аказваюць сельсавет, лясніцтва, камунальныя прадпрыемствы. Так, арганізацыі падаравалі школе хлебную шафу.

Але не толькі ўстановы з гiсторыяй рыхтуюцца да навучальнага года. Сярэдняя школа № 45 Магілёва хоць і маладая (усяго дзевяць гадоў), марафет наводзіць кожнае лета, бо нагрузка сур’ёзная – 94 класы, болей за 2,5 тысячы вучняў. Намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Марына Васількова пералічвае:

– Пафарбавалі кабінеты, сцены і спортзал, абнавілі басейн і харчаблок, рэканструявалі мэблю, размалявалі калідоры. У нас чатыры паверхі, 60 кабінетаў – работы хапіла. Не пакінулі без увагі тэрыторыю, што прылягае.

Таксама ў школе паступова павялічваюць матэрыяльна-тэхнічную базу, ствараюць інфармацыйна-адукацыйнае прастранства, што немаг­чыма зрабіць за адзін час. З гэтай мэты тут завяршылі стварэнне прадметнага комплексу прыродазнаўства: да кабінетаў геаграфіі і біялогіі далучыўся сучасны кабінет хіміі «Формула цудаў» з лабараторыяй і лабарантскай, неабходнымі рэагентамі, мультымедыйным комплексам і індывідуальнымі планшэтамі.

Настаўнікі завяршаюць работу над кабінетам гісторыі Беларусі, распачатую па сваёй ініцыятыве. Аляксандра Ракіцкая ў спецыяльнай праграме зрабіла дызайн і разам з калегамі пачала ўвасаб­ляць задуманае ў жыццё. У кабінеце будзе i міні-музей, экспанаты для якога – з асабiстай калекцыі Таццяны Перцавай. Таксама тут плануюць размясціць карты дзяр­жаў, у састаў якіх увахо­дзіла Беларусь, мабільную дошку, фотаздымкі беларускіх выбітнасцей, краязнаўчы куточак, шмат іншага.

– Па меры магчымасцей далучаем да работы вучняў. Бачым у гэтым выхаваўчы момант – дзеці пачынаюць больш беражліва адносіцца да школы і яе маёмасці, – заключае намеснік дырэктара Марына Вітальеўна.

ДАРЭЧЫ

Школа ў Завадскай Слабадзе пачала абнаўляцца яшчэ ў сярэдзіне мінулага навучальнага года, калі атрымала 20 адзінак новай мэблі. Вельмі дарэчы прыйшоўся і мультыборд за перамогу ў раённым конкурсе сярод ВПК.

СБ
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая