RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Шосты том энцыклапедыі «Рэгіёны Беларусі» прысвечаны Магілёўскай вобласці

Шосты том энцыклапедыі, надрукаваны выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», прысвечаны Магілёўскай вобласці. Пра гэта паведамляецца на сайце выдавецтва.

У кнізе ў алфавітным парадку прадстаўлена інфармацыя пра ўсе сферы жыцця рэгіёна: прыроду, гісторыю, эканоміку, культуру і гісторыка-культурную спадчыну, ахову здароўя, адукацыю, сацыяльную сферу, народную творчасць, развіццё спорту і турызму. Тут можна знайсці інфармацыю пра такія значныя для краіны прамысловыя прадпрыемствы, як «Белшына», «Беларускі цэментны завод», «Крычаўцэментнашыфер», «Крычаўскі завод жалезабетонных вырабаў», «Дамачай», «Чырвоны харчавік» і інш.

У энцыклапедыю ўключаны артыкулы пра адміністрацыйна-тэрытарыяльны склад вобласці і яе інфраструктуру, развіццё аўтамабільнага, чыгуначнага і паветранага транспарту, водныя рэсурсы і водны ўнутраны транспарт, жыллёвае будаўніцтва і бытавое абслугоўванне насельніцтва, развіццё аховы здароўя і сістэму бальніц і дыспансераў.

 

Выданне ўключае артыкулы пра галоўныя ўпраўленні і камітэты Магілёўскага аблвыканкама, а таксама пра сродкі масавай інфармацыі, творчыя калектывы, якія маюць званне «заслужаны» і «народны», помнікі гісторыі і культуры, у ліку якіх замкі, цэрквы і храмы, старадаўнія сядзібы. Гісторыка-культурнымі рарытэтамі рэгіёна з’яўляюцца Бабруйская крэпасць, мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», Крычаўскі курган Славы, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль.

Музейную сетку Магілёўскай вобласці ў гэтым томе прадстаўляюць Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі, Бабруйскі, Клічаўскі, Касцюковіцкі краязнаўчыя музеі, Быхаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, Клімавіцкі раённы краязнаўчы музей, Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей, Круглянскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей.

Магілёўшчына вядомая далёка за межамі рэгіёна і краіны сваімі міжнароднымі і рэгіянальнымі фестывалямі, сярод якіх міжнародны музычны фестываль «Залаты шлягер», міжнародны пленэр па мастацкай кераміцы «Арт-Жыжаль», міжнародны пленэр па скульптуры з каменю «Каменная казка», міжнародны фестываль «Вянок дружбы», фестывалі народнай творчасці «Вясновыя колеры», «Дрыбінскія таржкі», «З крыніц жыватворных», міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» і многія іншыя.

Зацікаўлены чытач знойдзе ў томе інфармацыю пра такія раёны, як Бялыніцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі і Круглянскі, а таксама пра гарады Бялынічы, Бабруйск, Быхаў, Кіраўск, Клімавічы, Клічаў, Касцюковічы, Крычаў і Круглае, гарадскія пасёлкі Глуск, Дрыбін, Краснаполле, а таксама пра шырока вядомую ў Беларусі вёску Александрыя Шклоўскага раёна, знакамітую штогадовым рэспубліканскім святам «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). Прыроднымі аб’ектамі вобласці з’яўляюцца рэкі Бярэзіна, Бесядзь, Вабіч, Віхра, Днепр, Друць, Іпуць і іншыя.

У энцыклапедыі прадстаўлены артыкулы пра баявыя дзеянні на тэрыторыі вобласці ў Вялікую Айчынную вайну, пра партызанскі і падпольны антыфашысцкі рух у гады вайны (артыкулы «Бялыніцкае антыфашысцкае падполле», «Бабруйскае антыфашысцкае падполле», «Клімавіцкае камсамольска-маладзёжнае падполле», «Краснапольскае антыфашысцкае падполле», «Крычаўскае антыфашысцкае падполле», «Круглянскае антыфашысцкае падполле») і іх арганізатараў і кіраўнікоў. У кнізе прадстаўлены матэрыялы пра Герояя Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, якія нарадзіліся на магілёўскай зямлі або атрымалі гэта высокае званне за подзвігі, здзейсненыя пры вызваленні вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

Важная частка выдання – найлепшыя людзі рэгіёна, якія сваёй працай, творчасцю, навуковай дзейнасцю, спартыўнымі дасягненнямі ўнеслі важкі ўклад у яго развіццё і вельмі важныя для Рэспублікі Беларусь у цэлым.

Падрыхтоўка важнага для рэгіёна і краіны ў цэлым выдавецкага праекта на ўсіх этапах вялася ў цесным плённым супрацоўніцтве з адпаведнымі структурамі абласнога і раённых выканаўчых камітэтаў, а кіраўніцтва вобласці ўваходзіць у рэдакцыйную калегію выдання.

Энцыклапедыя «Рэгіёны Беларусі» – універсальнае шматтомнае выданне, кожны том якога прысвечаны асобнай вобласці Рэспублікі Беларусь, 7-ы том – сталіцы дзяржавы – гораду Мінску. На 2020 год у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пабачылі свет тамы энцыклапедыі, прысвечаныя Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцям. Пра важнасць гэтага выдавецкага праекта для рэгіёна і ўсёй краіны ў цэлым гаворыць той факт, што энцыклапедыя ўключана ў пералік найважнейшых сацыяльна значных выданняў і рыхтуецца пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Рэд.,фота - bel-en.by, відэа ТРК «Магілёў»

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая