RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Славянка» выпусціла першую партыю касцюмаў біялагічнай абароны

Першую партыю касцюмаў біялагічнай абароны для сістэмы аховы здароўя Магілёўскай вобласці сёння выпусціла ААТ «Славянка». Пра гэта паведаміў дырэктар Бабруйскага тэкстыльнага прадпрыемства Тэймураз Бачарышвілі.

«Нядаўна мы атрымалі сертыфікат на выпуск медыцынскіх касцюмаў і ўжо прыступілі да іх вытворчасці: штодня будзе шыцца да 1 тыс. штук, – адзначыў кіраўнік. – Першая партыя вырабаў сёння паступіць у медустановы вобласці. Мы ўжо маем заказ на 100 тыс. адзінак, таму будзем працаваць на мяжы магчымасцей».

Асноўны профіль бабруйскага прадпрыемства –пашыў адзення для дарослых і дзяцей. Аднак сёння вытворчасць сканцэнтравалася на выпуску сродкаў індывідуальнай абароны. На «Славянцы» працуюць па заяўках і могуць прапанаваць увесь асартымент прадукцыі, неабходнай медыцынскім работнікам, – ахоўныя касцюмы, маскі, бахілы і інш.

«У першую чаргу медыцынскім установам патрэбныя касцюмы і медыцынскія маскі, – удакладніў Тэймураз Бачарышвілі. – Мы выпускаем 200 тыс. ахоўных масак у дзень, палова накіроўваецца ў бальніцы, астатнія –у аптэчную сетку. Для вытворчасці вырабаў выкарыстоўваем беларускі поліпрапіленавы матэрыял «СпанБел», які шырока ўжываецца ў лёгкай прамысловасці для пашыву медыцынскага і спецыяльнага ахоўнага адзення, прадметаў санітарна-гігіенічнага прызначэння. Больш за тое, гэты матэрыял, а такім чынам, і вырабы з яго, валодае высокімі фільтрацыйнымі здольнасцямі, не алергенны і лёгка паддаецца стэрылізацыі».

Да пашыву масак на прадпрыемстве прыступілі з лютага. Калектыў колькасцю больш за 1 тыс. чалавек працуе ўвесь працоўны тыдзень, уключаючы суботы. «Выпуск вырабаў медыцынскага прызначэння на нашым прадпрыемстве і ў Беларусі ў цэлым арганізаваны раней, чым у іншых краінах, і ў дастатковых маштабах, – падкрэсліў дырэктар прадпрыемства. – У Расіі шырокую вытворчасць масак на мясцовых прадпрыемствах запусцілі толькі ў сакавіку. Сёння нашы работнікі задзейнічаюць усе рэсурсы, каб выканаць пастаўленыя перад прадпрыемствам задачы. Людзі разумеюць сваю важную ролю ў забеспячэнні медыкаў сродкамі індывідуальнай абароны».

ААТ «Славянка»– адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці ў Беларусі. Яго вытворчая магутнасць складае да 600 тыс. адзінак гатовых вырабаў на год. Акцыянернае таварыства мае шматгадовы і плённы вопыт працы з фірмамі Фінляндыі, Вялікабрытаніі, Францыі, Польшчы, Расіі і іншых краін.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая