RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Слова сенатару Сяргею Анюхоўскаму: «Першая і галоўная задача ўлады – быць максімальна блізкай да людзей»

Няпростая сітуацыя, якая складваецца вакол Беларусі, не можа нікога пакінуць абыякавым. Санкцыі, рознага роду абмежаванні, інфармацыйныя войны накладваюць адбітак на жыццё грамадзян краіны. Сваім меркаваннем з гэтай нагоды дзеліцца Сяргей Анюхоўскі – член Савета Рэспублікі, дырэктар ААТ «Чырвоны харчавік»:

– Больш за ўсё мяне хвалююць звычайныя людзі. Яны далёкія ад палітыкі, але, па сутнасці, першымі адчуваюць на сабе ў поўнай меры еўрапейскі «клопат». Вельмі дзіўная і крывадушная гульня з боку тых, хто б’е сябе кулаком у грудзі, прыкрываючыся крыклівымі лозунгамі пра «дэмакратыі і дапамогі», – спрабаваць паўплываць на палітыку Беларусі праз абмежаванні для яе грамадзян.

Гэта сапраўды праблема, якая турбуе мяне і як сенатара, і як кіраўніка прадпрыемства, дзе працуе больш за 1000 чалавек. Я выдатна ўсё бачу: як людзі рэагуюць на змены, як бурна выказваюць свае пратэсты з нагоды таго, што адбываецца. І мне вельмі шкада, што асобныя людзі ва ўсім гэтым спрабуюць вінаваціць нашу дзяржаву, а не ціск захаду на Беларусь. Санкцыйныя меры, замах на нашу незалежнасць, спробы перапісаць гісторыю свабоднай краіны, пастаянны прэсінг на эканоміку, заклікі не набываць прадукцыю беларускай вытворчасці і яшчэ многае з брудных прыёмаў, якімі не грэбуюць «добразычліўцы», – хіба хоць адзін пункт з гэтага спісу можа зыходзіць з боку ўлады? Вядома, не.

– Вы прадстаўнік улады, які не толькі павінен удзельнічаць у прыняцці законаў, але і дапамагаць людзям. Упэўнены: яны ідуць да вас за дапамогай. Што іх хвалюе часцей за ўсё?

– Перакананы, што першая і галоўная задача любога прадстаўніка ўлады – быць максімальна блізкім да людзей. Атрымліваючы пэўную пасаду, якая дазваляе ўплываць на сучаснасць і будучыню краіны, любы дзяржаўны служачы набывае нямала абавязкаў. Адзін з іх – не дыстанцыявацца ад людскіх праблем, быць у курсе таго, як і чым жывуць грамадзяне Беларусі. Гэта на самай справе вельмі і вельмі важна: людзі павінны адчуваць, што яны і прадстаўнікі ўлады не знаходзяцца ў розных лодках. Інакш не будзе ні даверу, ні дыялогу.

Дапамога людзям – гэта наогул галоўнае, дзеля чаго прадстаўнікі ўлады займаюць свае пасады.

Што тычыцца самых частых зваротаў, то тут сюрпрызаў няма: у лідарах пытанні сферы ЖКГ і занятасці насельніцтва. Людзі ідуць з праблемамі, якія хвалююць іх тут і цяпер. З апошніх прыкладаў: да мяне неаднаразова паступалі звароты грамадзян, якія жадаюць набыць кватэры ў аднаго таварыства з абмежаванай адказнасцю, аднак будаўніцтва зацягнулася і перспектывы завяршэння работ не праглядаліся. Матэрыялы для дачы прававой ацэнкі бяздзейнасці арганізацыі былі перададзены ў Генеральную пракуратуру. Была ўзбуджана крымінальная справа і накіравана для папярэдняга следства ў Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Праблем, якія не важныя, няма. Можа здацца, што ў маштабах вобласці або горада дарога, якую даўно не грэйдавалі, або калонка, з якой тыдзень не цячэ вада, – гэта дробязі. Але з такіх дробязяў складаецца ўсё наша жыццё. Мабыць, найлепшая ўзнагарода для любога прадстаўніка ўлады – гэта словы падзякі ад канкрэтных людзей, якім удалося дапамагчы. Не чарговым абяцаннем, не толькі словам, але і справай.

– І як кіраўнік прадпрыемства, і як сенатар Вы ўдзельнічаеце ў развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці. Што гэта дае «Чырвонаму харчавіку» і Слаўгарадскаму раёну?

– Зноў жа, першае і самае важнае: на паўднёвым усходзе краіны рэалізуецца праект «Чырвоны харчавік – Слаўгарад». Гэта і працоўныя месцы, і ўклад у эканоміку, і чарговы крок да развіцця галіны, і магчымасць прасоўвання нашых высокатэхналагічных прадуктаў далёка за межы краіны. Напрыклад, у 2020-м у Слаўгарадзе мы адкрылі лінію па разліве мёду, і гэты усімі любімы прадукт ўжо заваяваў некалькі прэстыжных узнагарод і прэмій на міжнародных выставах. У найбліжэйшай будучыні адкрыецца лінія па вытворчасці мармеладу і жавальных цукерак магутнасцю.

Хочацца па максімуме развіць наш праект, таму мы разглядаем яго не толькі як імпульс у развіцці эканомікі, але і плануем выкарыстоўваць як новую кропку ў экскурсійным маршруце.

– Прамысловы турызм?

– Цалкам дакладна. Гэты кірунак становіцца ўсё больш папулярным у Беларусі. І магчымасць пазнаёміцца з вытворчасцю, што называецца, знутры для многіх падасца павабнай.

– Шэраг прадпрыемстваў краіны апынуўся ў няпростым становішчы праз санкцыі. Яны павінны дыверсіфікаваць пастаўкі, думаць аб выпуску новай прадукцыі...

– У гэтых умовах яшчэ патрэбна абарона і падтрымка дзяржавы. А для гэтага, вядома ж, неабходна ў самыя кароткія тэрміны распрацаваць новыя нарматыўныя акты, якія будуць спрыяць таму, што наша і многія іншыя прадпрыемствы перажывуць гэту палітычную і эканамічную атаку з мінімальнымі стратамі. Перш за ўсё гэта датычыцца імпартазамяшчэння.

Краіна, у якой жывуць і працуюць мільёны грамадзян, можа ўласнымі сіламі падтрымаць айчыннага вытворцу, не даўшы яму ўпасці пад ціскам Захаду. Кожны беларус, аддаючы перавагу таварам, выпушчаным на тэрыторыі сваёй дзяржавы, можа гэтаму паспрыяць.

І кіраўніцтва ААТ «Чырвоны харчавік» не адседжваецца ў надзеі на тое, што хтосьці зверху дапаможа перажыць неспрыяльны час. Мы думаем пра тое, як падладзіцца пад новыя рэаліі і не страціць пры гэтым ні ў якасці прадукцыі, ні ў колькасці працоўных, ні прыбытку, ні ў заробках.

Ад таго, як мы справімся са сваімі задачамі, залежыць дабрабыт звычайных людзей, якіх ні ў якім разе нельга падвесці.

Павел Минченко, СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая